Шлюбы і разводы на Магілёўшчыне: хто часцей стварае сем’і

Жыхары Магілёўскай вобласці працягваюць актыўна ствараць сем’і, аднак узрост тых, хто ўступае ў шлюб, паступова павялічваецца. Пра гэта сведчаць даныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення рэгіёна па выніках 2025 года.

За мінулы год у вобласці было зарэгістравана 5723 шлюбы. Найбольш актыўнымі ў стварэнні сем’яў застаюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 20 да 29 гадоў. Менавіта на гэтую ўзроставую групу прыпала амаль палова ўсіх зарэгістраваных шлюбаў.

Сярод маладажонаў:

  • 43 працэнты мужчын уступілі ў шлюб ва ўзросце ад 20 да 29 гадоў;
  • 45,5 працэнта жанчын зарэгістравалі шлюб у гэтай жа ўзроставай катэгорыі.

Пры гэтым сямейнае жыццё пачынаюць не толькі маладыя людзі. У Магілёўскай вобласці працягваюць ствараць сем’і і прадстаўнікі старэйшага пакалення.

Ва ўзроставай групе 60 гадоў і старэй шлюб зарэгістравалі:

  • 268 мужчын;
  • 189 жанчын.

Большасць жыхароў рэгіёна, якія вырашылі стварыць сям’ю ў 2025 годзе, зрабілі гэты крок упершыню. Сярод усіх, хто ўступіў у шлюб:

  • 63 працэнты мужчын упершыню зарэгістравалі адносіны;
  • 58,5 працэнта жанчын упершыню ўступілі ў шлюб.

Пераважная большасць саюзаў заключаецца паміж грамадзянамі Беларусі. На такія шлюбы прыпадае амаль 94 працэнты ад агульнай колькасці зарэгістраваных сем’яў.

Разам з тым захоўваецца і міжнародны характар шлюбных адносін. Цягам года былі зарэгістраваны:

  • 169 шлюбаў, у якіх замежным грамадзянінам быў жаніх;
  • 177 шлюбаў, у якіх замежнай грамадзянкай была нявеста.

Статыстыка паказвае яшчэ адну ўстойлівую тэндэнцыю. Жыхары рэгіёна ўсё пазней прымаюць рашэнне пра стварэнне сям’і.

За апошнія 10 гадоў сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб павялічыўся:

  • у мужчын на 1,5 года і дасягнуў 29,3 года;
  • у жанчын на 1,1 года і склаў 26,8 года.

Прыкметна вырас узрост і тых, хто ўступае ў паўторны шлюб. Калі дзесяць гадоў таму мужчыны ў сярэднім стваралі новую сям’ю ў 41,9 года, то сёння гэты паказчык дасягнуў 44 гадоў. У жанчын сярэдні ўзрост паўторнага ўступлення ў шлюб павялічыўся з 38,5 да 40,9 года.

Адначасова з рэгістрацыяй новых сем’яў фіксуюцца і разводы. У 2025 годзе ў Магілёўскай вобласці афіцыйна скасавалі шлюб 3876 сем’яў, а гэта 67,7% ад колькасці новых сем’яў за гэты ж год.

Найбольш высокі ўзровень разводнасці быў зафіксаваны сярод мужчын і жанчын ва ўзросце ад 35 да 44 гадоў. Менавіта на гэты перыяд жыцця прыпадае пік сямейных расставанняў.

Такім чынам, статыстыка паказвае адразу некалькі важных тэндэнцый. Жыхары Магілёўшчыны па-ранейшаму актыўна ствараюць сем’і, аднак робяць гэта ў больш сталым узросце. Пры гэтым значная частка шлюбаў застаецца трывалай, хаця праблема разводаў сярод людзей сярэдняга ўзросту працягвае заставацца актуальнай.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Ліст з мінулага перадалі Лукашэнку ў Шклове

У Шклове Лукашэнку перадалі ліст, які ён пісаў у маладосці, абяцаючы выратаваць вёску. Паводле падлікаў журналістаў, у сярэднім кожны тыдзень знаходжання “ратавальніка” пры ўладзе ў Беларусі знікае адна вёска.

Падчас паездкі ў Шклоўскі раён Аляксандру Лукашэнку ўручылі ліст, напісаны ім яшчэ ў гады, калі ён балатаваўся ў дэпутаты. Па сутнасці, гэта яго тагачасныя абяцанні выбаршчыкам – перш за ўсё пра будучыню беларускай вёскі.

Ліст перадаў старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ. Рарытэт адносіцца да перыяду, калі Лукашэнка ўзначальваў саўгас «Гарадзец».

Паводле слоў чыноўніка, у тэксце гаварылася пра намер захаваць вёскі і сельскія населеныя пункты і забяспечыць роўныя ўмовы жыцця для гараджан і сельскіх жыхароў.

Сам Лукашэнка адзначыў, што наўрад ці ліст тады публікаваўся, спаслаўшыся на складаныя адносіны з партыйнымі органамі, і паабяцаў яго прачытаць.

Цікава іншае: калі супаставіць гэтыя абяцанні з тым, што адбылося за дзесяцігоддзі яго кіравання, карціна атрымліваецца жудаснай.

За апошнія 30 гадоў з карты Беларусі знікла амаль 1700 населеных пунктаў. Многія вёскі фармальна яшчэ існуюць, але фактычна ўжо без жыхароў, а ў сярэднім кожны з 118 раёнаў краіны страціў каля 14 вёсак.

Паводле падлікаў журналістаў, у кожны тыдзень знаходжання Лукашэнкі пры ўладзе ў Беларусі знікае адна вёска.

Прычым знікаюць нават тыя населеныя пункты, якія калісьці змаглі аднавіцца пасля разбурэнняў Другой сусветнай вайны.

Скарачаецца і само сельскае насельніцтва. За 30 гадоў яно зменшылася на 1,3 мільёна чалавек – з 3,2 мільёна да 1,9 мільёна. Сёння ўсе беларускія вёскі разам налічваюць менш жыхароў, чым адзін Мінск.

Карціна па ключавых паказчыках выглядае так:

  • смяротнасць на вёсцы прыкладна ў тры разы перавышае нараджальнасць;
  • узровень беднасці вышэйшы, чым у горадзе: 6 працэнтаў супраць 2,9 працэнта;
  • сям’я ў вёсцы ў сярэднім мае на 20 працэнтаў меншыя рэсурсы.

Праблемы заўважныя і ў інфраструктуры. За апошнія гады:

  • закрыты 178 дзіцячых садоў і 161 школа;
  • дзіцячыя сады наведваюць 58 працэнтаў сельскіх дзяцей супраць 96 працэнтаў у гарадах;
  • штогод знікаюць сотні крам, а доля вёскі ў тавараабароце ўпала да 13,4 працэнта.

Нават базавыя ўмовы жыцця застаюцца няроўнымі: гарачая вада ёсць менш чым у палове сельскіх дамоў, а сярэдняя працягласць жыцця сельскага жыхара прыкладна на чатыры гады ніжэйшая, чым у гараджан.

Такім чынам, ліст з мінулага, у якім гаварылася пра захаванне вёскі і роўныя магчымасці, сёння выглядае хутчэй як напамін пра невыкананыя абяцанні. Стараннямі Лукашэнкі беларускае сяло за гэтыя гады не наблізілася да горада, а працягнула губляць людзей, інфраструктуру, перспектывы і надзею.

Фота БелТА

Магілёўскі “дэпутат” выступіў за паляпшэнне дэмаграфіі – з яўным спазненнем

Валерый Малашка прыдумаў, як палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне. Чыноўнікам у яго гэта не атрымлівалася – цяпер для гэтага яму спатрэбілася праграма, прынятая на УНС.

На сустрэчы з медграмадскасцю ў БДМУ Валерый Малашка назваў тры фактары, якія ўплываюць на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Прычым усе яны звязаныя з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады, прынятай на VII Усебеларускім народным сходзе:

  • матэрыяльны дабрабыт сям’і;
  • уключэнне перыяду догляду за дзіцем у агульны працоўны стаж жанчын;
  • медыцынскія і адукацыйныя ўмовы, якія ўплываюць на рэпрадуктыўнае здароўе.

Варта адзначыць, што азарэнне зышло на Валерыя Анатольевіча з вялікім спазненнем. Медык па прафесіі, Малашка доўгі час быў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама і валодаў усімі магчымымі рэсурсамі для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў вобласці, аднак нічога толковага не дасягнуў. 

Менавіта пры ім сітуацыя не проста выйшла з-пад кантролю, а стала катастрафічнай. Будучы чыноўнікам, Валерый Малашка вызначаўся толькі шматслоўнымі разважаннямі на агульныя тэмы і быў накіраваны ў “дэпутаты” ў перадпенсійным узросце.

Зразумела, што смяротнасць па ўсёй Беларусі даўно перавышае нараджальнасць і прамой віны Валерыя Малашкі ў гэтым няма, а тое, што адбываецца, з’яўляецца вынікам трыццацігадовай дзейнасці Лукашэнкі. Менавіта ён давярае будучыню краіны такім, як Малашка. А ўжо тыя, адчуваючы поўную беспакаранасць, маюць яшчэ і нахабства разважаць пра здароўе нацыі.

Фота “Беларусь Сегодня”.

На Магілёўшчыне і Віцебшчыне найменшая працягласць жыцця ў краіне

Самая нізкая працягласць жыцця ў Беларусі – ў жыхароў Магілёўскай і Віцебскай абласцей – 73,5 гадоў. Пра гэта сведчаць даныя Белстату па выніках 2024 году.

Пры гэтым менавіта на Магілёўшчыне найменшая працягласць жыцця ў жанчын – 78,5 гадоў. Пры гэтым у сярэднім па краіне гэты паказчык на ўзроўні 79,8 гадоў. Мужчыны ў Магілёўскай вобласці хоць і не жывуць менш за ўсіх мужчын ў Беларусі, але паказчык іх жыцця на год меншы, чым па ўсёў Беларусі – 68,3 супраць 69,3. 

Магілёўская вобласць застаецца самым маланаселеным рэгіёнам Беларусі – 971 365 жыхароў. У найбліжэйшай ад яе па колькасці насельніцтва Гарадзенскай вобласці – 984 880 чалавек, пры тым, што па тэрыторыі Магілёўшчына большая за Гарадзеншчыну. Але больш за ўсё ў разрэзе рэгіёнаў жыве ў сталіцы – амаль два мільёны – 1 996 730 жыхароў. 

Дарэчы, менавіта на Магілёўшчыне найменьшая колькасць сяльчан – 181 647. А вось гараджан менш за ўсё ў краіне знаходзіцца на Гарадзеншчыне – 767 381 чалавек. Жыхароў гарадоў у Магілёўскай вобласці – 789 718.

За 2024 год на Магілёўшчыне нарадзілася ўдвая менш, чым памерла – 6 659 супраць 13 630. Па Беларусі карціна прыкладна тая ж – за год нарадзілася 58 938 чалавек, а памерла 115 124.

Фотаздымак: bobr.by