Магілёўскі “дэпутат” выступіў за паляпшэнне дэмаграфіі – з яўным спазненнем

Валерый Малашка прыдумаў, як палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне. Чыноўнікам у яго гэта не атрымлівалася – цяпер для гэтага яму спатрэбілася праграма, прынятая на УНС.

На сустрэчы з медграмадскасцю ў БДМУ Валерый Малашка назваў тры фактары, якія ўплываюць на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Прычым усе яны звязаныя з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады, прынятай на VII Усебеларускім народным сходзе:

  • матэрыяльны дабрабыт сям’і;
  • уключэнне перыяду догляду за дзіцем у агульны працоўны стаж жанчын;
  • медыцынскія і адукацыйныя ўмовы, якія ўплываюць на рэпрадуктыўнае здароўе.

Варта адзначыць, што азарэнне зышло на Валерыя Анатольевіча з вялікім спазненнем. Медык па прафесіі, Малашка доўгі час быў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама і валодаў усімі магчымымі рэсурсамі для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў вобласці, аднак нічога толковага не дасягнуў. 

Менавіта пры ім сітуацыя не проста выйшла з-пад кантролю, а стала катастрафічнай. Будучы чыноўнікам, Валерый Малашка вызначаўся толькі шматслоўнымі разважаннямі на агульныя тэмы і быў накіраваны ў “дэпутаты” ў перадпенсійным узросце.

Зразумела, што смяротнасць па ўсёй Беларусі даўно перавышае нараджальнасць і прамой віны Валерыя Малашкі ў гэтым няма, а тое, што адбываецца, з’яўляецца вынікам трыццацігадовай дзейнасці Лукашэнкі. Менавіта ён давярае будучыню краіны такім, як Малашка. А ўжо тыя, адчуваючы поўную беспакаранасць, маюць яшчэ і нахабства разважаць пра здароўе нацыі.

Фота “Беларусь Сегодня”.

Як магілёўскі дэпутат “палаткі” сказіў моўную рэчаіснасць

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка, радуючыся Дню рускай мовы, сказіў рэчаіснасць адносна беларускай. Паводле яго, абедзьве мовы ў Беларусі рэальна роўныя.

Сёння ў Дзень рускай мовы і дзень нараджэння Аляксандра Пушкіна, Валерый Малашка апублікаваў тэкст, у якім называе рускую мову «культурным кодам» і сцвярджае, што ў Беларусі «мы не дзелім — мы беражом» абедзве дзяржаўныя мовы.

“В Беларуси два государственных языка — белорусский и русский. Мы любим оба. Мы выросли на нежности «Купалинки» и на силе пушкинского слова”, — кажа былы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, два разы быўшы міністрам. Але гэта — толькі прыгожая рыторыка. У рэчаіснасці беларуская мова ў краіне знаходзіцца ў маргінальным становішчы і фактычна выцесненая з большасці сфер жыцця.

Мова з афіцыйным статусам, але без падтрымкі

Пры тым што беларуская мова мае статус дзяржаўнай, яна амаль не прадстаўлена ў адукацыі, судовай сістэме, дзяржаўных СМІ і афіцыйным справаводстве. Беларускамоўныя школы і класы — рэдкасць, а ўніверсітэцкае навучанне па-беларуску хутчэй выключэнне, чым норма. Большасць дзяржаўных устаноў, у тым ліку міністэрствы, цалкам рускамоўныя. Гэта сведчыць пра адсутнасць сапраўднай моўнай роўнасці.

Прызнанне на міжнародным узроўні: беларуская мова вымірае

Сітуацыя настолькі сур’ёзная, што UNESCO прызнала беларускую мову выміраючай. У Міжнародным атласе моў свету, якім пагражае знікненне (UNESCO Atlas of the World’s Languages in Danger), беларуская мова фігуруе са статусам “уразлівая” (vulnerable), што азначае: яна выкарыстоўваецца ўсё менш, асабліва сярод дзяцей, і можа знікнуць без адпаведнай падтрымкі і палітычнай волі.

Прыгожыя словы замест адказнасці

Малашка апелюе да Пушкіна, рускай культуры і асабістых пачуццяў, каб замяніць гаворку пра моўнае выжыванне на настальгічныя ўспаміны. Але ў такой рыторыцы няма месца рэальнай карціне: дзяржава не проста ігнаруе беларускую мову — яна пасіўна або актыўна спрыяе яе заняпаду.

Мова — гэта аснова беларускай нацыі

Без беларускай мовы немагчыма гаварыць пра беларускае самавызначэнне, культуру, гістарычную памяць. Мова не можа выжыць у «натуральных умовах», калі супраць яе дзейнічаюць дзяржаўныя інстытуцыі. Каб беларуская мова перастала быць выміраючай, яна павінна мець прыярытэтную падтрымку — у школах, універсітэтах, СМІ, кіно, бізнэсе, тэхналогіях.

Не раўнапраўе, а культурнае падпарадкаванне

Сённяшні стан не роўнасць, а акурат культурная і моўная залежнасць. Беларуская мова — гэта не «фальклор», не «альтэрнатыва», а самастойная еўрапейская мова, якая заслугоўвае большага, чым памяркоўнае стаўленне і рыторыка пра “духоўную еднасць”.

Фота: тэлеграм-канал Валерыя Малашкі