Камуністы Магілёва зладзілі выставу “Назад у СССР” у сярэдняй школе

Роля партыі як накіроўвальнай сілы і бюсты Леніна – магілёўскія камуністы зладзілі выставу «Назад у СССР» і самі ж яе наведалі.

Камуністам Магілёва не даюць спакою ўспаміны пра часы, калі іх партыі было дазволена залазіць не толькі ў галовы людзей, але і ў іх пасцелі.

Секта беларускіх пераймальнікаў КПСС пастаянна паўтарае, што ўзяла ад СССР усё лепшае, але на справе ўзяла толькі самае горшае:

  • загадзя стратную планавую эканоміку;
  • татальную ідэалагічную цэнзуру;
  • культ асобы кіраўніка дзяржавы;
  • бескарысныя квазі-бальшавіцкія структуры.

Выставу «Назад у СССР» самі зладзілі і самі наведалі ў СШ № 39 «дэпутат палаты» Валерый Малашка і першы сакратар абласнога падраздзялення КПБ Міхаіл Жудро.

Наменклатура, якая перажыла ўласную ідэалогію, уволю наглядзелася на атрыбуты савецкай піянерскай арганізацыі, бюсты Леніна і друкаваныя выданні СССР.

Валерый Малашка пафасна назваў убачанае пасылам у будучыню, а Міхаіл Жудро ад каментароў устрымаўся.

Як высветлілася, барацьбу за званне лепшага стэнда ў экспазіцыі вядуць прадстаўнікі ажно сямі раённых арганізацый КПБ. Так што сутычка чакаецца не жартоўная нават па мерках камуністаў, якія ў Беларусі не проста настальгуюць па страчанай уладзе, але і займаюцца прапагандай сталінізму, услаўленнем чэкістаў і іншымі відамі цемрашальства.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

У Клімавічах зазываюць у БРСМ, выйсця з якога няма

Можна зарэгістраваць асабісты кабінет – так у Клімавічах патлумачылі перавагі ўдзелу ў БРСМ. 

У клімавіцкім аграрным каледжы 23 першакурснікі атрымалі новенькія смарт-білеты ад першага сакратара райкама БРСМ Наталлі Судзілоўскай.

Судзілоўская расказала пра «бліскучыя перспектывы», якія дасць пластыкавая картка:

  • рэгістрацыя асабістага кабінета з магчымасцю рэдагавання даных, дадання фота і дакументаў;
  • сістэма балаў за ўдзел у мерапрыемствах;
  • апавяшчэнні пра апошнія навіны і карысную інфармацыю;
  • рэгістрацыя на мерапрыемствы праз дадатак у смартфоне;
  • інтэграцыя з сацыяльнымі сеткамі;
  • рэйтынг актыўнасці карыстальніка.

Навошта ўся гэтая мітусня, сакратар не патлумачыла. Бо і тлумачыць асабліва няма чаго – апісаныя функцыі даступныя кожнаму непартыйнаму карыстальніку любой сацсеткі.

Затое партал CityDog правёў апытанне сярод чальцоў БРСМ і высветліў, што білет арганізацыі не дае зусім нічога – ні розуму, ні сэрцу.

І галоўнае – у секту БРСМ прасцей уступіць, чым выйсці з яе:

  • заявы на выхад з арганізацыі не прымаюцца;
  • неаплата членскіх узносаў не дапамагае;
  • нават з’ехаўшы з Беларусі, усё адно лічышся чальцом БРСМ.

Чым не сапраўдная злачынная групоўка – пакінуць яе можна толькі паводле рашэння «талкавішча».

Дарэчы, для Беларусі тут няма нічога новага – большасць дзяржаўных структур працуе не паводле закона, а паводле крымінальных паняццяў.

Фота раённай газеты.

Клімавічы: мілітарызм замест аграрнай адукацыі

Аграрныя СНУ Клімавічаў і Суража выхоўваюць не столькі земляробаў, колькі мілітарыстаў.

У межах так званага творчага абмену сустрэліся навучэнцы Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа і Суражскага прамыслова-аграрнага тэхнікума.

Праўда, абменьваліся яны не ведамі і не навуковым досведам, а выключна патрыятызмам.

Паводле слоў арганізатараў клуба “За Радзіму”, “вырашана дадаць практыкі ў працэс навучання” і “паспяхова рыхтаваць не толькі запатрабаваных на рынку працы спецыялістаў, але і сапраўдных патрыётаў”.

Мяркуючы па тым, што кадраў на беларускіх сельгаспрадпрыемствах катастрафічна не хапае, а патрыётаў – хоць адбаўляй, атрымліваецца, што апошніх вырошчваюць значна лацвей, чым вучыць кампетэнтных аграрыяў.

Незразумела, як такі “творчы абмен” спалучаецца з нядаўнімі словамі Лукашэнкі пра тое, што “лепш працаваць на зямлі, чым ваяваць”.

Падаецца, што ідэя стварэння ваенна-патрыятычнага клуба належыць расіянам. Бо ў суседняй краіне даўно забыліся, як араць.

Фота раённай газеты.

Магілёўскіх ідэолагаў сабралі і паказалі ўсіх разам

На інструктыўна-метадычным семінары, які прайшоў у Магілёўскім аблвыканкаме, можна было ўбачыць ідэалагічную вярхушку вобласці. Раённыя байцы нябачнага фронту далучыліся да мерапрыемства па Zoom.

Народу выпаў шанец убачыць ідэолагаў вобласці, якія ледзь змясціліся за вялікімі сталамі ў адной з залаў аблвыканкама. І гэта яшчэ не ўсе з шматлікай кампаніі тых, хто клапоціцца, каб думкі жыхароў Магілёўшчыны плылі ў правільным кірунку – раённыя «плеяды» ідэолагаў прысутнічалі на семінары анлайн.

Гэтыя людзі атрымліваюць прыстойную зарплату, пастаянна на нарадах і раз’ездах, як пілігрымы, вандруюць па прадпрыемствах і арганізацыях, каб несці ўсім заблукалым святло ісціны.

Кіраўніца абласной ідэалогіі Кацярына Музычэнка, як заўжды, трапіла у яблычак, прадэманстраваўшы найвышэйшы ўзровень інфармацыйнай пісьменнасці.

Яна данесла свае ідэі да прысутных вельмі ёмкімі, а галоўнае – свежымі метадычнымі фразамі, зрабіўшы асаблівы акцэнт на дзяцей і старых, якія «не знаёмыя з інфармацыйнай пісьменнасцю».

Аднак найбольшае захапленне выклікае не словаблуддзе Музычэнкі, а віртуознае ўменне слухачоў семінара ўладкавацца ў жыцці так, каб увогуле нічога не рабіць.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

У Магілёве немаладыя прапагандысткі вучылі моладзь “інфармацыйнай гігіене”

У абласным цэнтры творчасці прайшоў першы міжведамасны семінар «Медыяадукацыя – падрыхтоўка да жыцця ў інфармацыйнай прасторы».

Журналісты і педагогі абмяркоўвалі пытанні фарміравання медыяграматнасці ў падрастаючага пакалення.

Галоўная экспертка па медыяграматнасці Магілёўскай вобласці – намесніца дырэктара КІУП «Інфармацыйнае агенцтва “Магілёўскія ведамасці”» Алена Дзівакова – заявіла, што «трэба рыхтаваць новае пакаленне да жыцця ў сучасных інфармацыйных умовах».

Таццяна Медвядзева, якая займае пасаду з цяжкавымаўляльнай назвай «галоўны спецыяліст упраўлення па працы са СМІ і моладзевай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама», падтрымала Дзівакову ў яе высокім парыве.

Праблема толькі ў тым, што моладзь, якой дамы за сорак збіраюцца дапамагаць асвойваць сацсеткі, ужо і забылася на тое, пра што Дзівакова і Медзядзькова толькі пачынаюць задумвацца. А таксама – разумеюць, што сапраўдная інфармацыйная гігіена заключаецца ў тым, каб адфільтроўваць усё тое, што намагаюцца ўпіхнуць ім у галовы такія людзі, як дакладчыкі на гэтым семінары.

дзівакова

Рэальна гаворка ішла, зразумела пра тое, як лепей накласці абмежаванні на доступ да інфармацыі. Але і тут моладзь лёгка навучыць «экспертаў» абыходзіць любыя фільтры.

Гэта якраз той выпадак, калі яйкі могуць вучыць курыц-зазнаек.

Фота “Магилёўскія” ведамасці”.

Пераломны момант для Дрыбіна

Дрыбінская “раёнка” апублікавала спіс вясковых клубаў, дзе пройдуць паказы спартыўнай драмы “Пераломны момант”.

Амаль месяц, згодна з планам, гледачы Дрыбінскага раёна будуць атрымліваць асалоду ад твору айчынных кінематаграфістаў – гісторыі спартоўца, які атрымаў траўму, але прадэманстраваў трываласць духу.

На жаль, але ўжо з самага пачатку паказ спартыўнай драмы выкліча ў гледача хутчэй устойлівае непрыняцце, чым цікавасць.

І справа нават не ў тым, што яе сюжэт нагадвае найгоршыя савецкія фільмы, у якіх палітычна безграматны гультай ператвараецца ў перадавіка сацыялістычнай вытворчасці праз пераломны момант у жыцці.

Такое масіраванае рэкламаванне, падаецца, скончыцца тым, што на фільм беларускіх кінематаграфістаў гледачоў будуць заганяць сілай, і гісторыя з фільмам “Класная” паўторыцца: карцінай будуць захапляцца толькі ідэолагі, для якіх захапленне, як у булгакаўскага папугая на бале ў Сатаны – звыклы стан.

Ну, а глядач, у тым ліку і дрыбінскі, проста ўздыхне і пацісне плячыма.

Фота з адкрытых крыніц.

У Слаўгарадзе правялі сустрэчу з пажылымі камсамолкамі

Слаўгарадскія камсамолкі часоў СССР спрабавалі распаліць агеньчык у сэрцах моладзі. Падаецца, не атрымалася.

У Слаўгарадскім цэнтры дзіцячай творчасці правялі сустрэчу, прысвечаную 107-й гадавіне камсамола. Дата не круглая, таму і сустрэча прайшла вяла і без агеньчыка.

Школьнікам паказвалі чорна-белыя савецкія фатаграфіі, спрабуючы зацікавіць іх адчайным выглядам камсамольцаў-добраахвотнікаў, дзеля большага пераканання дэманстравалі старую байцоўку студатрада і нават спявалі камсамольскія песні.

Аднак, наладзіць масты паміж мінулым і будучыняй, мяркуючы па тварах падлеткаў на фота з месца падзей, не ўдалося.

Удзелам у капанні мёрзлай зямлі для вузкакалейкі і датычнасцю да пераносу цэглы на будоўлях, хай сабе і тры разы вялікіх, моладзь ужо не зацікавіш.

Ды і пераконваць юных беларусаў у тым, што БРСМ дасць ім пуцёўку ў жыццё, бессэнсоўна.

Школьнікі занадта прасунутыя і цудоўна разумеюць, што пуцёўку ў жыццё можа даць толькі прэстыжная адукацыя, веданне замежных моў і, па магчымасці, пераезд у краіну, дзе ўсё гэта сапраўды мае вагу.

Фота газеты “Прысожскі край”.

Пад Кіраўскам пасадзілі расійскія саджанцы, таму што яны “ўвасабляюць жыццё”

Старшыня Кіраўскага райвыканкама і школьнікі пасадзілі дрэвы, прывезеныя з Белгарадскай вобласці, і падвялі пад гэта дзіўную ідэалагічную базу.

Каля знака “Памяці спаленых вёсак” у вёсцы Боркі Кіраўскага раёна старшыня мясцовага райвыканкама Галіна Слабоднікава, работнікі жылкамгаса і школьнікі пасадзілі маладыя дубкі.

Саджанцы незразумела навошта прывезлі з Белгарадскай вобласці. Маўляў, таму што “саджанцы дуба, прывезеныя з Белгародскага раёна Расійскай Федэрацыі, ўвасабляюць новае жыццё, надзею і адраджэнне”.

Чаму менавіта расійскія саджанцы дазволяць “захаваць у памяці ўрокі мінулага і з надзеяй глядзець у новы дзень” – незразумела.

Вось і атрымліваецца: справу, нібыта, зрабілі добрую, але засталася нейкая недамоўленасць. З якіх гэта часоў беларускія саджанцы перасталі быць сімваламі надзеі?

Фота раённай газеты “Кіравец”.