Магілёўскіх ідэолагаў сабралі і паказалі ўсіх разам

На інструктыўна-метадычным семінары, які прайшоў у Магілёўскім аблвыканкаме, можна было ўбачыць ідэалагічную вярхушку вобласці. Раённыя байцы нябачнага фронту далучыліся да мерапрыемства па Zoom.

Народу выпаў шанец убачыць ідэолагаў вобласці, якія ледзь змясціліся за вялікімі сталамі ў адной з залаў аблвыканкама. І гэта яшчэ не ўсе з шматлікай кампаніі тых, хто клапоціцца, каб думкі жыхароў Магілёўшчыны плылі ў правільным кірунку – раённыя «плеяды» ідэолагаў прысутнічалі на семінары анлайн.

Гэтыя людзі атрымліваюць прыстойную зарплату, пастаянна на нарадах і раз’ездах, як пілігрымы, вандруюць па прадпрыемствах і арганізацыях, каб несці ўсім заблукалым святло ісціны.

Кіраўніца абласной ідэалогіі Кацярына Музычэнка, як заўжды, трапіла у яблычак, прадэманстраваўшы найвышэйшы ўзровень інфармацыйнай пісьменнасці.

Яна данесла свае ідэі да прысутных вельмі ёмкімі, а галоўнае – свежымі метадычнымі фразамі, зрабіўшы асаблівы акцэнт на дзяцей і старых, якія «не знаёмыя з інфармацыйнай пісьменнасцю».

Аднак найбольшае захапленне выклікае не словаблуддзе Музычэнкі, а віртуознае ўменне слухачоў семінара ўладкавацца ў жыцці так, каб увогуле нічога не рабіць.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Гарадскія паблікі “Могилев Онлайн” і “Могилев Главное” трапілі пад забарону?

Крыніцы mogilev.media паведамляюць, што ў абласным цэнтры пачалася кампанія па запалохванні людзей, што карыстаюцца такімі папулярнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, як “Могилев Онлайн” і “Могилев Главное”. Адразу некалькі супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў расказваюць, што ў Магілёве праходзілі нарады, на якіх усім прысутным у вуснай форме “раілі” не выкарыстоўваць у сваіх сацыяльных сетках матэрыялы з гэтых крыніц. Таксама гучалі папярэджванні пра неабходнасць выдаліць са сваіх акаўнтаў рэпосты з паблікаў “Могилев Онлайн” і “Могилев Главное”.

Пакуль незразумела, з чым звязана такая кампанія па абмежаванні аўдыторыі папулярных рэсурсаў, але вядома, што ў некаторых арганізацыях у Магілёве вярнулася практыка па праверках мабільных тэлефонаў на лайкі-рэпосты. Таксама “прыляцела” работнікам адной дзяржаўнай арганізацыі, якія зрабілі рэпост з “Могилев Онлайн” на сваім афіцыйным канале.

На дадзены момант абодва пабліка працуюць у Беларусі без абмежаванняў – сайт “Могилев Онлайн” адкрываецца, сацыяльныя сеткі рэсурсаў у спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” не траплялі. “Могилев Главное” – гэта рэсурс, за працай якога стаяць выхадцы з Магілёва, што пражываюць у Расіі, займаючы ярка выражаную прарасійскую і праўладную пазіцыю. Рэсурс “Могилев Онлайн” таксама быў заўважаны ў перадрукоўцы прапагандысцкіх матэрыялаў, падрыхтаваных беларускімі сілавікамі, а таксама ў тым, што пачаў пераймаць расійскі наратыў наконт ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Магчыма, праводзіцца мэтанакіраваная статэгія па абмежаванні аўдыторыі рэсурсаў, што застаюцца недзяржаўнымі – незалежна ад іх рэдакцыйнай палітыкі.