Жыхары шматкватэрнага дома ў Горках пакутуюць ад затопленага сутарэння

Жыхары дома №2 па праспекце Дзімітрава ў Горках ужо некалькі месяцаў жывуць з непрыемнай праблемай – каналізацыйныя сцёкі рэгулярна заліваюць іх сутарэнне. 

Нягледзячы на неаднаразовыя прамыўкі труб, у тым ліку ў чэрвені і верасні, вада зноў і зноў вяртаецца, піша Orsha.ue. На месца неаднаразова выязджала камісія з прадстаўнікоў розных камунальных службаў, але прычыны паўторных затапленняў так і не вызначылі. Як тлумачаць спецыялісты, сеткі вонкавай каналізацыі праходзяць пад зямлёй, таму праверыць, ці правільна яны былі зроблены пры будаўніцтве дома, амаль немагчыма.

Жыхары прапанавалі разабрацца з праблемай за кошт сродкаў, якія штомесяц адлічваюць на капітальны рамонт. Але ў адказ пачулі, што гэтыя грошы знаходзяцца на асобным рахунку, створаным «для акумулявання фінансаў на капрамонт па ўсім Горацкім раёне». Іншымі словамі, выкарыстаць іх на канкрэтны дом пакуль немагчыма.

Прадстаўнікі ўлад абяцаюць, што ў сутарэнні адновяць цеплаізаляцыю труб і прыбяруць наступствы затаплення. Калі ж праблема паўторыцца, яны зноў будуць шукаць яе крыніцу.

А пакуль на інфармацыйным стэндзе яны размясцілі “Правілы карыстання сістэмай каналізацыі”.

Фотаздымак ілюстратыўны з адкрытых крыніц

Магіляўчанка спагнала 1 500 рублёў з камунальнікаў за падзенне з лесвіцы

Магіляўчанка праз суд спагнала з камунальнікаў 1500 рублёў кампенсацыі маральнай школы за падзенне са стальной лесвіцы, у выніку чаго пабіла правую нагу.

Паводле матэрыялаў справы, якую разглядаў суд Кастрычніцкага раёна Магілёва, у красавіку 2024 года жанчына спускалася па сталёвай лесвіцы, якая знаходзіцца на балансе камунальнікаў. Адна са ступеняў абрынулася, у выніку чаго жанчына атрымала траўму. Урачы зафіксавалі ўдар і ссадзіну правай галёнкі. Лячэнне цягнулася больш за два тыдні і ўвесь гэты час жанчына была непрацаздольнай.

У судзе магіляўчанка адзначала, што з-за падзення перажыла фізічны боль і маральныя пакуты, а таксама ў яе з’явіўся страх карыстацца лесвіцамі. Таксама яна паведаміла, што яшчэ да інцыдэнту яе бацька неаднаразова звяртаўся ў розныя інстанцыі з нагоды аварыйнага стану гэтай лесвіцы, але намаганняў па рамонце не было прынята.

Жанчына патрабавала спагнаць з прадпрыемства 4000 рублёў у якасці маральнай кампенсацыі, а таксама пакрыць выдаткі на юрыдычную дапамогу. Прадстаўнік адказчыка не прызнаў патрабаванні, заявіўшы, што няма доказаў, што траўма атрымана менавіта пры гэтых абставінах.

У выніку разгляду справы, суд прыйшоў да высновы, што падзенне адбылося менавіта з-за неналежнага ўтрымання лесвіцы. Ён вырашыў спагнаць з камунальнікаў 1500 рублёў, а таксама 890 рублёў выдаткаў на юрыдычную дапамогу. Акрамя таго, з прадпрыемства ў даход дзяржавы спагнана 126 рублёў дзяржаўнай пошліны.

Камунальнікі абскардзілі гэтае рашэнне, але беспаспяхова. Яно ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак: тэлеграм-канал Магілёўскага аблсуда

Магілёўскім камунальнікам набылі кітайскія рабатызаваныя газонакасілкі

Незвычайная для Магілёўшчыны прылада — рабатызаваныя газонакасілкі — з’явілася ў камунальных служб.

Пра новую пакупку паведаміў тэлеграм-канал старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Паколькі для Магілёўшчыны такія апараты — рэч наватарская, то выпрабаваць, як яны ўключаюцца-выключаюцца, прыйшоў сам так званы “губернатар”.

«У дапамогу камунальным службам абласнога цэнтра набылі рабатызаваныя газонакасілкі на гусенічным ходзе з дыстанцыйным кіраваннем», — радасна паведамляе Ісачанка.

Зыходзячы з тэхнічных характарыстык газонакасілак R550 і R800 (а менавіта адной з такіх мадэляў кіраваў кіраўнік Магілёўскага аблвыканкама), яны прызначаныя для прыватнага і паўпрафесійнага выкарыстання. Гэта значыць, што яны выконваюць базавыя функцыі і могуць эфектыўна працаваць на ўмерана складаных участках. У той час як, напрыклад, нямецкая газонакасілка падобнага тыпу ІRUS Deltrak 2.5 прызначаная для прафесійнага выкарыстання, мае большую магутнасць, шырыню скошвання і здольная працаваць на больш стромкіх схілах, што робіць яе прыдатнай для камунальных службаў і буйных прадпрыемстваў. Праўда, розніца ў кошце істотная: калі R800 каштуе прыкладна 2700 долараў, то ІRUS Deltrak 2.5 — ад 50 тысяч еўра.

Але санкцыі і сяброўства з Кітаем выбару не пакідаюць.

Фотаздымак: телеграм-канал Исаченко ОНЛАЙН