Маладых спецыялістаў Магілёўшчыны пазбаўлялі льгот

Прафсаюзы выявілі сістэмную недаплату маладым спецыялістам у Магілёўскай вобласці.

У арганізацыях Магілёўскай вобласці выяўлена сістэмная памылка ў разліку заробкаў маладым спецыялістам – з-за яе работнікі недаатрымлівалі сотні рублёў.

Праблему выявіла прававая інспекцыя працы Беларускага прафсаюза лесу і прыродакарыстання падчас маніторынгу выканання працоўнага заканадаўства. Гаворка ідзе пра няправільнае прымяненне стандартнага падатковага выліку, які належыць маладым спецыялістам не толькі на перыяд абавязковай адпрацоўкі, але і можа захоўвацца да сямі гадоў з моманту працаўладкавання.

Высветлілася, што некаторыя наймальнікі спынялі прадастаўленне льготы адразу пасля заканчэння размеркавання, парушаючы нормы Падатковага кодэкса.

Пасля ўмяшання прафсаюза ў шэрагу арганізацый правялі пераразлік. Работнікам вярнулі ад 360 да 800 рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Падарунак за шлюб: чыноўнікі Крычава інтрыгуюць, абяцаючы падтрымаць каханне

У Крычаве кіраўніцтва раёна зладзіла сустрэчу з маладымі спецыялістамі на навагоднім балі і зноўку пачало штурхаць іх у абдымкі адно аднаго. Тут прагучала галоўнае: паўжартаўлівае напамінанне пра падарунак ад райвыканкама для першай пары, якая вырашыць стварыць сям’ю.

Старшыня Крычаўскага райвыканкама Аляксей Шарай і лідар “дэпутацкага” корпуса Ірына Пруднікава пагутарылі з моладдзю ў межах навагодняга балю. Але галоўным акцэнтам сустрэчы стаў не фармат, а словы кіраўніка раёна.

Аляксей Шарай нагадаў пра сваё ранейшае абяцанне: асаблівы падарунак для першай пары маладых спецыялістаў, якія вырашаць пажаніцца. Прагучала гэта ў паўіранічнай форме.

Што за падарунак, Шарай не ўдакладніў. Такая дэманстрацыя лаяльнасці сама па сабе цікавая. Толькі вось жартаўлівы тон Шарая насцярожвае: магчыма, кіраўніцтва раёна хоча абмежавацца чымсьці накшталт качана капусты.

Фота раённай газеты.

Лукашэнка ў Чавусах толькі на трэцім месцы

Аднафаміліца Аляксандра Лукашэнкі аказалася на трэцім месцы ў спаборніцтве маладых спецыялістаў Чавускага раёна.

Конкурс дзяўчат на званне лепшага спецыяліста адыходзячага года прайшоў у Чавусах. Сярод дзевяці ўдзельніц была Ангеліна Лукашэнка, урач агульнай практыкі раённай бальніцы.

Лепшыя дзяўчыны раёна распавядалі пра сябе, асабістыя дасягненні, першыя дні працы на першым працоўным месцы, спявалі, танчылі, чыталі вершы, паказвалі напісаныя імі карціны і чыталі вершы ўласнага сачынення.

Ангеліна Лукашэнка прадставіла гумарыстычны нумар, які ўразіў журы, але аказалася толькі на трэцім месцы.

Відавочна, лепшую дзяўчыну Чавус выбіралі сумленна, у адрозненне ад выбараў кіраўніка краіны.

Там Лукашэнка, апынаючыся на трэцім і наступных месцах, у выніку заўсёды выходзіў на першае. Напэўна таму, што журы ў выглядзе выбарчых камісій, у гэтым выпадку, асаблівай ролі не адыгрывала.

Фота раённай газеты.

Дапаможа толькі Бог – маладых спецыялістаў Быхава павялі ў царкву

Сустрэча кіраўніцтва Быхаўскага райвыканкама з маладымі спецыялістамі, накіраванымі на адпрацоўку, прайшла ў царкве. Дзяўчаты былі вымушаныя апрануць хусткі, пра рэлігійныя погляды маладых людзей, відаць, не пыталіся.

Быхов молодые специалисты

Традыцыйную сустрэчу мясцовай адміністрацыі з маладымі спецыялістамі прысвяцілі тэме сямейных каштоўнасцяў. “Падчас сустрэчы моладзь атрымала ўнікальную магчымасць абмеркаваць важныя жыццёвыя пытанні з кіраўніком раёна” – каментуе сустрэчу газета “Маяк Прыдняпроўя”. Гледзячы па фотаздымках сустрэчы, гэтай унікальнай магчымасцю маладыя спецыялісты не карысталіся – увесь час яны сядзелі моўчкі.

Быхов встреча

Звычайна падобныя сустрэчы з главамі раёнаў маюць на мэце распалажыць маладых спецыялістаў да таго, каб застацца пасля абавязковай адпрацоўкі. Гледзячы па рашэнні старшыні Быхаўскага райвыканкама правесці гэтае спатканне ў царкве, акрамя дапамогі вышэйшых сілаў, разлічваць асабліва ні на што не прыходзіцца.

Быхов райисполком

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”

У Магілёве адбудзецца электронны маладзёжны кірмаш вакансій

У Магілёве арганізоўваецца анлайн-пляцоўка для працаўладкавання моладзі: віртуальны кірмаш вакансій дазволіць маладым спецыялістам наладзіць кантакт з працадаўцамі, не выходзячы з дому.

Калі і дзе

24 красавіка ў Магілёве адбудзецца віртуальны маладзёжны кірмаш вакансій, мэтай якога з’яўляецца садзейнічанне працаўладкаванню маладых людзей.

Паводле інфармацыі БелТА са спасылкай на ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама, мерапрыемства пройдзе на платформе e-vacancy.by. Электронны фармат мерапрыемства забяспечыць прамы і зручны канал камунікацыі паміж патэнцыяльнымі супрацоўнікамі і працадаўцамі.

Хто ўдзельнічае і як гэта працуе

У кірмашы прымуць удзел вядучыя арганізацыі і прадпрыемствы Магілёва. Яны прадставяць актуальныя вакансіі і падрабязную інфармацыю пра ўмовы працы. Доступ да гэтых звестак будзе захаваны і пасля афіцыйнага завяршэння мерапрыемства.

Анлайн-кірмаш будзе дзейнічаць з 10:00 да 12:00.

Самыя запатрабаваныя вакансіі для моладзі

Згодна з данымі папулярных сайтаў па працаўладкаванні, у Магілёве моладзі часта прапануюць вакансіі ў наступных сферах:

  • гандаль (прадаўцы, касіры);
  • абслугоўванне (спецыялісты па рабоце з кліентамі);
  • вытворчасць (аператары станкоў).

Такі фармат анлайн-кірмашу робіць пошук працы значна прасцейшым і даступным, асабліва для тых, хто толькі пачынае свой прафесійны шлях.