Жыхарка Крычава паказала ў TikTok, як выглядае іх жылы дом

Жыхарка Крычава паказала ў TikTok, як выглядае яе дом на вуліцы Касманаўтаў. Будынак пабудаваны ў 1949 годзе, капітальны рамонт там ні разу не праводзіўся, і цяпер дом стаіць у чарзе на бягучы рамонт.

У каментарыях пад ролікам крычаўляне спрабуюць зразумець, паводле якіх крытэрыяў камунальнікі вызначаюць, дзе патрэбны бягучы рамонт, а дзе капітальны, і ці правамерна называць старшыню райвыканкама мэрам.

Пры гэтым усе сыходзяцца ў тым, што Аляксей Шарай – дзейны чыноўнік.

Яму пяцьдзесят адзін год. Кіраўніком Крычаўскага раёна Шарай стаў у сакавіку 2025 года. Да гэтага ён працаваў на пасадзе першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва і адказваў за добраўпарадкаванне і работу ЖКГ.

У Крычаве Шарай адзначыўся разбіральніцтвамі з мясцовымі кіроўцамі маршрутных таксі і актыўным удзелам у самых нязначных мерапрыемствах.

Надзеі жыхароў Крычава на добрага і справядлівага «мэра», хутчэй за ўсё, не апраўдаюцца па некалькіх прычынах:

  • сістэма ЖКГ, створаная пры Лукашэнку, праявіла сябе толькі ў немэтавым выкарыстанні бюджэтных сродкаў;
  • Шарая атачаюць чыноўнікі з шматгадовым карупцыйным досведам;
  • сродкі, якія збіраюцца з кватэранаймальнікаў на капітальны рамонт, раскрадаюцца раней, чым дасягаюць капітальнага рамонту.

Мінулай зімой у Крычаве неаднаразова фіксаваліся праблемы з расчысткай снегу, мясцовае прадпрыемства «Камунальнік» з году ў год становіцца аб’ектам пільнай увагі КДК, а кіраўніца «дэпутатаў» Ірына Пруднікава накіроўвае лісты пра несанкцыянаваныя звалкі ў «вышэйшыя» інстанцыі.

Думаецца, што з улікам гэтых тэндэнцый бягучыя і капітальныя рамонты дамоў Крычава стануць для ўладаў непад’ёмнай задачай.

Фота: скрыншот TikTok.

Падарунак за шлюб: чыноўнікі Крычава інтрыгуюць, абяцаючы падтрымаць каханне

У Крычаве кіраўніцтва раёна зладзіла сустрэчу з маладымі спецыялістамі на навагоднім балі і зноўку пачало штурхаць іх у абдымкі адно аднаго. Тут прагучала галоўнае: паўжартаўлівае напамінанне пра падарунак ад райвыканкама для першай пары, якая вырашыць стварыць сям’ю.

Старшыня Крычаўскага райвыканкама Аляксей Шарай і лідар “дэпутацкага” корпуса Ірына Пруднікава пагутарылі з моладдзю ў межах навагодняга балю. Але галоўным акцэнтам сустрэчы стаў не фармат, а словы кіраўніка раёна.

Аляксей Шарай нагадаў пра сваё ранейшае абяцанне: асаблівы падарунак для першай пары маладых спецыялістаў, якія вырашаць пажаніцца. Прагучала гэта ў паўіранічнай форме.

Што за падарунак, Шарай не ўдакладніў. Такая дэманстрацыя лаяльнасці сама па сабе цікавая. Толькі вось жартаўлівы тон Шарая насцярожвае: магчыма, кіраўніцтва раёна хоча абмежавацца чымсьці накшталт качана капусты.

Фота раённай газеты.

У Крычаве трэція суткі аднаўляюць падачу цяпла ў жылыя дамы

У Крычаве пасля аварыі на цеплатрасе па вуліцы Мікрараён Сож камунальнікі пачалі падаваць гарачую ваду ў сістэму ацяплення.

Ацяпленне ўжо паступае ў домы па вул. Паркавая 1 і 3, вул. Мікрараён Сож 15, 31,12, 12а,16,13,30,36 і 14, у дом 31а па вул. Кастрычніцкай. Акрамя таго, цалкам адноўлена ацяпленне ў СШ №3, гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канал мясцовай раёнкі “Крычаўскае жыццё”

“Нагадваем, што працы яшчэ ідуць і цяпло вяртаецца паступальна”, – адзначаецца там.

Раней жыхарам паведамілі, што калі да 15:00 батарэі не стануць цёплымі, неабходна звяртацца ва УКПП «Камунальнік», каб выпусціць паветра з сістэмы.

Раней з-за няспраўнасці гарадской кацельні «Сож», зафіксаванай 10 снежня каля 16:30, у Крычаве без ацяплення засталіся 62 шматкватэрныя дамы, школа і 3 дзіцячыя сады. У ноч на 12 снежня ўдалося падключыць адзін павышальны насос, дзякуючы чаму цяпло вярнулі ў 14 дамоў (504 кватэры) і два дзіцячыя сады.

Увечары 12 снежня старшыня Крычаўскага райвыканкама Аляксей Шарай паведаміў, што з сацыяльных аб’ектаў без ацяплення ўсё яшчэ застаюцца школа № 3 і адзін дзіцячы сад.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Падораны крычаўскаму цэнтру культуры дыван, старшыня райвыканкама прымаў асабіста

Прадпрымальніца з Крычава падарыла цэнтру культуры «чырвоную дарожку». Схільны да пазёрства кіраўнік мясцовай “вертыкалі” Шарай удзельнічаў ва ўрачыстай цырымоніі.

У Крычаве індывідуальная прадпрымальніца зрабіла незвычайны падарунак раённаму Цэнтру культуры – ўручыла новы дыван, які будзе «чырвонай дарожкай» для артыстаў і гасцей сцэны.

На перадачы падарунка прысутнічаў старшыня райвыканкама Аляксей Шарай. Ён падзякаваў прадпрымальніцу за актыўную грамадзянскую пазіцыю і клопат пра родны горад. “Любоў да малой радзімы праяўляецца ў дробязях” адзначыў старшыня.

Кричев Алексей Шарай

І гэта не проста словы, а прынцыповая пазіцыя Шарая. Ён вялікі аматар дробязяў і імкнецца ператварыць кожную з іх у падзею сусветнага масштабу з яго асабістым удзелам. 

Нядаўна старшыня райвыканкама выязджаў у поле і мацаў салому, а яшчэ раней асабіста прыбыў да дома, вакол якога скасілі траву і пазіраваў на фотасесіі. У прастамоўі такія паводзіны начальніка называюцца пазёрствам.

Фота раённай газеты “Крычаўскае жыццё”.