Магілёўцы калечылі сябе, каб атрымаць страхоўку. Злачынная група налічвае дзевяць чалавек – МУС

Крымінальная справа за махлярства ў асабліва буйным памеры ўзбуджаная супраць дзевяці жыхароў абласнога цэнтра. За два гады аферысты атрымалі страхавых выплат на 550 000 рублёў, паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Апроч кіраўніка, 36-гадовага жыхара Магілёўшчыны, у групу ўваходзілі ягоныя сваякі і знаёмыя ва ўзросце ад 28 да 50 гадоў. Яны неаднаразова складалі дамовы добраахвотнага страхавання ад няшчасных выпадкаў, пасля чаго ў розных месцах знаходжання (у кватэры, на дачы) наўмысна прычынялі сабе траўмы пальцаў рук і ног, папярэдне ўводзячы ін’екцыі абязбольвальнага.

Затым махляры звярталіся ва ўстановы аховы здароўя для фіксацыі траўмаў,  атрымлівалі медыцынскія дакументы, а па іх – страхавыя выплаты нібыта за побытавыя траўмы. Грошы трацілі на будаўніцтва і куплю жылля, транспарту, а таксама давалі знаёмым у крэдыт пад працэнты.

Усяго за два гады аферысты атрымалі больш за 550 тысяч рублёў. Цяпер яны затрыманыя. Пры вобшуках па месцах іх жыхарства знойдзены і канфіскаваны прылады ўчынення злачынстваў – малаткі і шпрыцы з ін’екцыямі абязбольвальнага.

Фота: УУС, скрыншот