Талоны да доктара ў Крычаве сталі даваць толькі тым, хто прайшоў дыспансэрызацыю

Але ў афіцыйным каментарыі кіраўніцтва раённай бальніцы адмовілася гэта прызнаваць.

Крычаўская раённая газета публікуе сведчанні жыхароў горада, якія заявілі, што ў цэнтральнай бальніцы ім не даюць талон да доктара ў паліклінічным аддзяленні, пакуль яны не пройдуць дыспансэрызацыю. З такой заявай да рэдакцыі звярнулася дзяўчына, якой не выдалі талон да неўролага. Супрацоўнік самой рэдакцыі па той самай прычыне не змог атрымаць у бальніцы даведку для страхавой кампаніі.

У афіцыйным каментарыі выданню кіраўніцтва Крычаўскай раённай бальніцы дало задні ход. “Талоны ў паліклінічным аддзяленні на прыём да ўрачоў-спецыялістаў выдаюцца пацыентам у незалежнасці ад праведзенай дыспансерызацыі ў бягучым годзе” – гаворыцца ў адказе.

Дыспансэрызацыя насельніцтва актыўна праводзіцца ў Беларусі ўжо другі год, па-сутнасці адразу пасля заканчэння пандэміі. Яе сутнасць заключаецца ў прафілактычным аглядзе і анкетаванні жыхароў, прыпісаных да раённых паліклінік. Відавочна, што ад кіраўніцтва медычных устаноў сталі патрабаваць колькасных паказчыкаў, вынікам чаго стала самадзейнае рашэнне начальнікаў крычаўскай бальніцы не пускаць на прыём да доктара тых, хто не прайшоў дыспансэрызацыю. Але, паколькі гэта незаконнае рашэнне, у афіцыйным каментарыі гэтую з’яву былі вымушаныя абвергнуць.

Фота ілюстрацыйнае

Вось як выглядае ўчастак дарогі каля дзіцячай паліклінікі ў Крычаве

Участак дарогі на мікрараёне Камсамольскім у Крычаве пагражае падвескам аўто крычаўлян сваімі ямамі і выбоінамі. 

Раней mogilev.media ужо звярталі ўвагу чытачоў на кепскі стан дарог у розных частках Крычава. Аднак тое было ранняй вясной і сітуацыя павінна была ўжо даўно змяніцца. Але з таго часу, як паказвае практыка, мало што зрушылася ў лепшы бок. 

Яскравым прыкладам з’яўляецца ўчастак дарогі на шляху да дзіцячай паліклінікі – каля дома № 13 па вуліцы Мікрараён Камсамольскі. Па шырыні ўсяго асфальтавага палатна знаходзіцца шырокая выбоіна з ямкамі. Раніцай у гэтым месцы часта можна ўбачыць сітуацыю, калі вадзіцелі сустрэчных напрамкаў руху прапускаюць адзін аднаго, каб кожны мог пераадолець гэты ўчастак з мінімальнымі наступствамі для падвескі ўласнага аўто – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.  

Што цікава, гэты ўчастак дарогі бачаць мясцовыя камунальшчыкі, калі прыязджаюць, каб вывезці смецце, аднак не прадпрымаюць ніякіх дзеянняў па ўладкаванню асфальтнага пакрыцця.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

Парк каля Святога возера ў Магілёве пачалі крыху акультурваць – фота

Пакуль усё абмежавалася новай дарожкай уздоўж вуліцы Астроўскага з паўночнага боку ад парка 60-годдзя Вялікага Кастрычніка. 

Дарожка пракладзена ад перакрыжавання з праспектам Шміта, ад рэстарана “Ясень” і новага касцёла Святога Антонія да перакрыжавання з вуліцай Сіманава, да паліклінікі №8, дзіцячай паліклінікі №4, абласнога ДАІ.

Уздоўж новай дарожкі з’явіліся і новыя дрэўцы да раней пасаджаных.

Саракапяцігадовы парк – сумны сум на твары горада. Чэзлыя дрэўцы пад пякучым сонцам, пыльныя дарожкі, што вядуць да Святога возера. Занядбанасць і пустазелле.

Фот: mogilev.media

Закладваючы новую паліклініку ў Крычаве, чыноўнікі кідалі ў фундамент манеты

На месцы будавання новай паліклінікі адбыўся магічны рытуал з удзелам кіраўніцтва Крычаўскага раёна і праваслаўнай царквы, які мясцовая прэса акрэсліла як “старадаўні абрад”.

Дзейства ачолілі прадстаўнікі мясцовай праваслаўнай царквы і крычаўскія чыноўнікі. Яно адбылася на месцы будаўніцтва новай паліклінікі, побач з тэрыторыяй цэнтральнай раённнай бальніцы. 

Мерапрыемства пачалося з выступлення старшыні райвыканкама Седукова, пасля перацякло ў малебны і акрапленні вадой месца будучай паліклінікі настаяцелям Свята-Уваскрасенскай царквы пратаіерэям Сяргеем Карасцялёвым. 

А потым было кіданне манет у фундамент будучай здраўніцы. Гэты “старадаўні абрад”, як апісвае раённая газета “Крычаўскае жыццё”, адбыўся нібыта дзеля спрыяння будаўніцтву паліклінікі.

Яшчэ прадстаўнік Свята-Уваскрасенскай царквы Карасцялёў падараваў дырэктару раённай бальніцы абраз для палікнілікі. Хацелася б, аднак, спадзявацца, што ў новай ўстанове аховы здароўя будуць лекаваць таксама і з дапамогай сучасных дасягненняў медыцынскай навукі. 

Фота: “Крычаўскае жыццё”. 

У Крычаве пачалося будаўніцтва новай паліклінікі

Паблізу крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы пачалі рыхтаваць пляцоўку для будаўніцтва новай гарадской паліклінікі. 

Побач з раённай бальніцай Крычава з’явілася будаўнічая тэхніка і пачаўся падрыхтоўчы этап шэрагу прац па будаўніцтву паліклінікі. Згодна праекту новая паліклініка будзе чатырохпавярховай, з цокальным паверхам, які злучыцца з ужо дзеючым лячэбна-дыягнастычным корпусам. 

Плануецца, што паліклініка будзе інтэграваная – гэта значыць, у ёй размесцяцца стаматалогія, дзіцячыя і дарослая паліклінікі, на першым паверсе – аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі і рэгістратуры – паведамляе пра новы медыцынскі аб’ект раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Новы будынак будзе абсталяваны двума ліфтамі. Паліклініка мусіць адпавядаць усім санітарна-гігіенічным патрабаванням, пагэтаму інфекцыйны і туберкулёзны кабінеты будуць з асобнымі ўваходамі. Будучы медыцынскі цэнтр будзе абсталяваны сучасным абсталяваннем, што падаможа палепшыць якасць медыцынскага абслугоўвання.

Завяршыць будаўніцтва крычаўскай паліклінікі плануюць у 2024 годзе.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

Дзень у гісторыі. 11 снежня. Міжнародны дзень гор. ВКЛ страціла калонію Табага. У Мінску заснавана першая паліклініка. Дзень памяці паэта Сяргея Грахоўскага

Сусветны дзень дзіцячага тэлебачання (World Children’s Television Day, другая нядзеля снежня, з 1994 года)

Тэма дзіцячага тэлебачання вельмі актуальная ў наш час, магчыма, таму, што мы ўсе выхадцы з дзяцінства. Свята аб’яўлена Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ).

Кожны год, другая нядзеля снежня на ўсіх тэле- і радыёкампаніях свету эфірны час прысвячаецца дзецям і дзіцячым перадачам.

Магчыма, шмат хто з сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак у будучыні будзе працаваць на тэлебачанні.

 

Міжнародны дзень танга (International Tango Day). 

Святкуецца ў дзень нараджэння аргенцінскага спевака і кінаакцёра, “Караля танга” Карласа Гардэля (1887-1935). 

Слова “танга” адразу асацыюецца ў нас са словам “запал”. У гэтым танцы ёсць гісторыя кахання і жыцця, выяўленая целам пад музыку. 

Слова “танга” з’явілася значна раней, чым сам танец. Першапачаткова гэтае слова выкарыстоўвалася на адным з Канарскіх астравоў для пазначэння “сходы афрыканцаў для танцаў, для ігры на барабанах”, дарэчы, гэтыя барабаны таксама зваліся “танга”.

Танга нарадзілася ў Буэнас-Айрэсе як танец бедных кварталаў, імігрантаў.

Яно было забаронена ў Германіі і СССР у 1920-1930-я гады.

У Аргенціне ў гэты дзень праводзіцца чэмпіянат свету па танга. Чэмпіянат вельмі ганаровы, і каб патрапіць на яго, пары праходзяць адборачныя туры на сваёй радзіме – у Амерыцы, Еўропе.

 

Міжнародны дзень гор  (International mountain day, з 2003 года). 

Заснаваны ААН. Горы – найпрыгажэйшы твор прыроды. У горных раёнах, якія займаюць каля 22% тэрыторыі сушы, пражываюць каля 1 мільярда чалавек – кожны восьмы жыхар Зямлі. Горы гэта крыніца прэснай вады, карысных выкапней, запаведнік для многіх відаў флоры і фауны, месца адпачынку і турызму. Народы, якія насяляюць горную мясцовасць, часта пакутуюць ад прыродных катастроф.

Міжнародны дзень гор спрыяе прыцягненню ўвагі грамадскасці да надзённых праблем горных раёнаў.

 

1659 год. Курляндыя саступіла галандцам востраў Табага ў Карыбскім моры. 

“Дваранская рэспубліка” Курляндскае герцагства знаходзілася ў леннай залежнасці ад ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Курляндыя, а адпаведна і ВКЛ, мела свае калоніі Табага ў Амерыцы і востраў Джэймс у вусці Гамбіі на Гвінейскім ўзбярэжжы Афрыі.

Табага разам з востравам Трынідад зараз уваходзіць у склад дзяржавы Трынідад і Табага. Востраў плошчай 303 км² належыў Курляндыі ў 1654-1659 гадах пад назвай Новая Курляндыя. Саступлены больш шматлікім галандскім пасяленцам. 

 

1876 год. Нарадзіўся Мечыслаў Карловіч

Беларускі і польскі кампазітар і дырыжор, вядомы сімфанічнымі кампазіцыямі, альпініст, аматар Татраў, фатограф, публіцыст і журналіст.

Нарадзіўся ў Вішнёве (зараз Смаргонскі раён). Жыў, вучыўся і займаўся творчасцю ў Гайдэльбергу, Празе, Дрэздэне, Варшаве, Берліне, Закапанэ.

Аўтар 22 песень і розных аркестравых п’ес, у тым ліку 6 сімфанічных паэм, сімфоній, канцэртаў. Прадстаўнік пост-рамантычнага кірунку. 

Яго імя носяць Шчэцінская філармонія, Дзяржаўны комплекс музычнай школы ў Кракаве. У памяць аб ім ўстаноўлены помнік ў Быдгашчы, каля Паморскай філармоніі.

Загінуў у Татрах пад снежнай лавінай 8 лютага 1909 года падчас адзіночнай паездкі на горных лыжах, каля падножжа Малы Касцёлец. Зараз там стаіць мемарыяльная дошка.

 

1879 год. У Мінску заснавана першая  бясплатная «лякарня для прыходных бедных хворых» – першая мінская «паліклініка».

Адкрылася на сродкі Мінскага таварыства лекараў. Ініцыятар адкрыцця і першы кіраўнік установы – доктар медыцыны, адзін з заснавальнікаў унутраполасцевай хірургіі ў Беларусі Сігізмунд Свянціцкі (1836-1910). Яму дапамагаў Іван Стржалка. Прыём вялі каля 15 урачоў і 10 фельчараў. Установа была закрыта праз недахоп фінансавання ў 1881 годзе.

Фота: Дом доктара Свянціцкага ў Мінску.

 

1920 год. У Беларусі была створана Надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці. 

У ліквідацыі непісьменнасці актыўна ўдзельнічалі культармейцы – асобы, якія ўмеюць пісаць. Імі з’яўляліся рабочыя, інтэлігенцыя, студэнты, навучэнцы. 

Непісьменнасць сярод дарослага насельніцтва ў Беларусі была ў асноўным ліквідавана да 1932 года.

 

1934 год. Нарадзіўся Анатоль Воінаў

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, педагог. Кандыдат архітэктуры.

Сын архітэктара Аляксандра Воінава.

Працаваў у інстытуце Белдзяржпраект, дэканам архітэктурнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута.

Па яго праектах пабудаваны рэстаран «Заслаўе» на Заслаўскім вадасховішчы, будынкі Інстытута матэматыкі, Інстытута фізікі АН БССР, Вылічальнага цэнтра статупраўлення БССР, 120-кватэрныя жылыя дамы ў Светлагорску

Удзельнічаў у распрацоўцы серыі тыпавых праектаў жылых дымоў, праектаванні зон адпачынку ў раёнах возера Нарач і Заслаўскага вадасховішча.

Аўтар і сааўтар прац «Гісторыя архітэктуры Беларусі. Савецкі перыяд», «Жыллёвае будаўніцтва ў БССР», «Архітэктура Савецкай Беларусі».

 

1938 год. Расстраляны НКУС Алесь Сташэўскі. Беларускі палітык.

Удзельнік Першай Сусветнай вайны (падпаручнік), беларускага нацыянальнага руху ў Яраслаўлі, Беларусі.

Дзеяч антыпольскага падполля і партызанскага руху, камандзір роты ў Чырвонай арміі.

Быў сакратаром ЦВК і СНК БССР, старшынёй Полацкага акруговага выканкама, правадніком беларусізацыінародным камісарам унутраных спраў БССР (1926-1928), наркамам юстыцыі і пракурорам БССР (1928-1930).

У канцы 1930 года быў абвінавачаны як удзельнік «антыпартыйнай» групы ІгнатоўскагаЖылуновіча, зняты з высокіх пасад. Працаваў старшынёй Бабруйскага райвыканкама, загадчыкам рабфака БДУ, дырэктарам Гомельскага аграпедагагічнага інстытута.

Арыштаваны ў 1937 годзе, асуджаны да вышэйшай меры пакарання.

 

1946 год. Пры ААН арганізаваны ЮНІСЕФ. 

Дзіцячы фонд (UNICEF, United Nations International Children’s Emergency Fund) – міжнародны надзвычайны фонд дапамогі дзецям ААН. Мэтай фонду было аказанне дапамогі дзецям, якія пацярпелі падчас Другой сусветнай вайны, тэрмін дзеяння фонду быў абмежаваны.

У 1953 годзе ААН пашырыла круг дзейнасці арганізацыі і падоўжыла тэрмін яе паўнамоцтваў на нявызначаны час. Фонд атрымаў новую назву – Дзіцячы фонд ААН з захаваннем абрэвіятуры ЮНІСЕФ. Штаб-кватэра фонду размешчана ў Нью-Ёрку. У 1965 годзе Дзіцячы фонд ААН атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

 

  

2002 год. Памёр Сяргей Грахоўскі

Беларускі паэт, празаік і перакладчык.

Заслужаны работнік культуры.

У дзяцінстве выхоўваўся ў мястэчку Глуск. Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у Дзяржвыдавецтве БССР, у газетах, часопісах, на Беларускім радыё, выкладчыкам на рабфаку БДУ.

Арыштоўваўся НКУС, МДБ у 1936 і 1947 гадах, пакаранне адбываў у ГУЛАГу, ссылцы.

Аўтар 14 зборнікаў паэзіі, 5 кніг вершаў для дзяцей, у тым ліку «Ад вясны да вясны» (1959), «Знаходка» (1985), апавяданняў «Агеньчык у акне» (1972), кніг нарысаў, апавяданняў, аповесцей,  успамінаў, публіцыстыкі, перакладаў.

Аўтар вядомага верша «Ветразь», дзе не ўжыў ніводнага слова сугучнага з рускімі адпаведнікам:

 

У выраі ветразь знікае

За хваляй, нібы на спачын,

І змора яго не злякае,

Не спыніць тугой далячынь.

У змроку зіхоткая здрада

Завабіць хлуснёй у віры,

На золку сканае прынада

І кволы прамень на жвіры.

Раптоўна згаданыя мроі

У карунках пяшчотнай тугі

Павольна знікаюць, як строі,

У бязважкасці кволай смугі.

Знікае ўсхвалёваны ветразь:

З кунегаю пільна сачу,

Як водар аздобіў паветра,

І ў бездані знічкі лічу.

 

Паглядзіце, якая лесвіца вядзе да паліклінікі ў Горках – фота

Лесвіца, якая вядзе да паліклінікі з боку Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі не толькі не абсталяваная пандусам, прыступкі на ёй проста развальваюцца – піша horki.info.

– Добра, цяжарная тут зможа падняцца, хоць гэта даволі цяжка з жыватом. А з каляскай? – задае пытанне адна з чытачак рэсурса – Хадзіць тут вельмі складана, многія прыступкі ў дрэнным стане. Вядома, жадаецца, каб і пандус тут з’явіўся, але на гэта ці наўрад можна разлічваць хоць бы прыступкі паправілі.

 

У магілёўскай паліклініцы скончыліся рэактывы для звычайнай «біяхіміі» і калі будуць – невядома

Пра адсутнасць тэсту ў магілёўскай паліклініцы №7 выданню паведаміў чытач. Ён цвердзіць, што лабараторыя не змагла праверыць яго на агульны бялок, мачавую кіслату, агульны халестэрын і ліпапратэіды нізкай шчыльнасці.

Журналісты патэлефанавалі ў лабараторыю медычнай установы, як прыватныя асобы, і спыталі, ці ёсць там такія рэактывы.

«Няма грошай, няма закупак, няма нічога», – адказалі там.

У лабараторыі параілі: калі аналіз патрэбны тэрмінова, то лепш яго зрабіць за грошы.

Журналісты даведаліся, што за грошы ў цэнтральнай паліклініцы гораду зрабіць можна і біяхімічны, і агульны аналіз крыві. Першы будзе каштаваць 30 рублёў, другі – 8 рублёў.

Як высветліў Магілёў.media згаданыя рэактывы перыядычна знікаюць не толькі ў паліклініках, але і ў стацыянарах.

«35 гадоў змагання». У Магілёве дзіцячая паліклініка пераехала з «магаданскага» дому ў будынак былой наменклатурнай медустановы

Гісторыя 35-гадовага змагання рэгіянальных актывістаў і палітыкаў за ліквідацыю прывілеяванай медычнай установы партыйных і савецкіх чыноўнікаў нарэшце завершылася перадачай яе будынку дзіцячай паліклініцы.

Дзіцячая паліклініка № 1 пераехала з праспекту Міру, дзе займала паверх аднаго з дамоў, на вуліцу Язерскую, у будынак былой паліклінікі №3, дзе калісьці лячыліся магілёўскія чыноўнікі і іх сем’і. Мэдустанова месціцца побач з будынкам аблвыканкаму.

Цяпер дзіцячая паліклініка мае вопытны медперсаналам, аснашчана сучасным абсталяваннем і валодае ўсім неабходным для аказання першаснай медычнай дапамогі. Яна разлічана на 250 наведванняў за змену. Тут акажуць шэраг спецыялізаваных відаў дапамогі, якія яшчэ нядаўна былі недаступныя пацыентам.

Адрэстаўраваны будынак блішчыць свежымі фарбамі. Пакуль не адладжана сістэма электроннай рэгістрацыі і прыёму пацыентаў. Хворых дзетак прымаюць праз асобны ўваход. Праз галоўны партал уваходзяць пацыенты з бацькамі для прафілактычных аглядаў і планавых працэдур.

Аб’ект важны і патрэбны гораду і яго жыхарам. Дзіцячая паліклініка №1 дзесяцігоддзямі функцыянавала ў прыстасаваным памяшканні, так званага, «магаданскага» дому.

Яго будавалі для сябе кааператыўным спосабам пераважна жыхары Магаданскай вобласці. Грошы работнікам савецкай Поўначы плацілі вялікія, таму ім навязалі, каб на першым паверсе быў сацыяльны аб’ект. Так, паліклініка для дзяцей пасялілася ў жылым доме. Умовы лячэння дзетак былі няпростымі. Заўжды існавала пагроза распаўсюджвання інфекцыяў.

Як распавядае магілёўскі актывіст і гісторык Аляксандр Агееў, змаганне за перадачу былой наменклатурнай паліклінікі №3 пад дзіцячую медустанову пачалася больш за 3 з паловай дзесяцігоддзі таму.

«Яшчэ ў перабудовачныя часы на хвалі змагання з прывілеямі камуністычнай і савецкай наменклатуры ўзнікла прапанова перадаць будынак паліклінікі №3, дзе тады лячылася наменклатура, магілёўскім дзеткам, – згадвае ён, – Але былыя чыноўнікі аказаліся вельмі ўплывовымі людзьмі і бюракратычнымі спосабамі зацягнулі справу».

«Калі я быў дэпутатам гарадскога савету ў нулявыя гады, – працягвае Аляксандр Агееў, – то мы разам з шэрагам дэпутатаў пры падтрымцы гарадскога ўпраўлення аховы здароўя амаль прабілі рашэнне. Тады як раз пабудавалі новы будынак для дарослай паліклінікі №1 на вуліцы Піянерскай. Там было добрае абсталяванне, а ў паліклініцы №3 было ўсяго недзе 3 тыс чалавек на абслугоўванні і старое абсталяванне. Але ж былых чыноўнікаў цешыў сам факт прыпіскі да прывілеяванай касты. Яны зноўку пачалі скардзіцца. Так справа і зацягнулася».

Толькі цяпер, калі большасць былых партыйных і савецкіх чыноўнікаў пайшла ў іншы свет, або іх уплыў канчаткова знік, удалося зрабіць тое, што было патрэбна здзейсніць ужо тры дзесяцігоддзі таму назад. Паліклініка №3 пераехала ў мікрараён Казіміраўка. А магілёўская дзіцячая паліклініка №1 атрымала магчымасць для нармальнага функцыянавання.

 

14 апреля в Климовичской поликлинике отключат свет

Подача электроэнергии будет приостановлена на весь рабочий день. В связи с этим, обычные стационарные телефоны регистратуры, в том числе детской, не будут работать. Для записи на прием и по иным актуальным вопросам можно будет обращаться по телефону +375-44-7704181.

Вызвать врача на дом можно будет по телефону 7-61-22