У магілёўскай паліклініцы скончыліся рэактывы для звычайнай «біяхіміі» і калі будуць – невядома

Пра адсутнасць тэсту ў магілёўскай паліклініцы №7 выданню паведаміў чытач. Ён цвердзіць, што лабараторыя не змагла праверыць яго на агульны бялок, мачавую кіслату, агульны халестэрын і ліпапратэіды нізкай шчыльнасці.

Журналісты патэлефанавалі ў лабараторыю медычнай установы, як прыватныя асобы, і спыталі, ці ёсць там такія рэактывы.

«Няма грошай, няма закупак, няма нічога», – адказалі там.

У лабараторыі параілі: калі аналіз патрэбны тэрмінова, то лепш яго зрабіць за грошы.

Журналісты даведаліся, што за грошы ў цэнтральнай паліклініцы гораду зрабіць можна і біяхімічны, і агульны аналіз крыві. Першы будзе каштаваць 30 рублёў, другі – 8 рублёў.

Як высветліў Магілёў.media згаданыя рэактывы перыядычна знікаюць не толькі ў паліклініках, але і ў стацыянарах.