Чамадан, вакзал… – на што намякаюць у Магілёўскім аблвыканкаме?

Чыгуначны вакзал Магілёва – гэта, аказваецца, самае пазнавальнае месца, якое можа прэзентаваць горад, мяркуючы па пазіцыянаванні ў аблвыканкаме.

Пару дзён таму старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка прымаў двух каталіцкіх святароў – Мітрапаліта Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Іосіфа Станеўскага і генеральнага вікарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага.

Усё нібыта добра і прыгожа. Прынамсі, тэлеграм-канал Ісачанкі, акрамя фотаздымкаў з гэтай сустрэчы, нейкіх падрабязнасцяў не месціць. Будзем спадзявацца, што яна прайшла, як раней казалі, “у цёплай, дзелавой і добразычлівай атмасферы”, бо знайсці якую-кольвечы інфармацыю аб выніках гэтай сустрэчы аказалася немагчыма. Яе няма ні ў тэлеграм-канале Ісачанкі, ні на сайце Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ні ў рэсурсах Магілёўскіх ведамасцей”.

Таму ўвагу прыцягвае пано з картай Магілёўшчыны, на фоне якога спаткаліся свецкія і рэлігійныя ўлады. Калі паглядзець на Магілёў, то яго сімвалізуе чыгуначны вакзал. Ні Ратуша, ні гарадскі тэатр, ні Станіславаўскі касцёл, а месца, дзе людзі звычайна знаходзяцца вельмі нядоўга. 

Як заўважае тэлеграм-канал “Спадчына”, “горад быццам сам нямакае, што найлепшае, што можна зрабіць – сесці на цягнік і з’ехаць адтуль назаўжды”.

Фотаздымак: тэлеграм-канал А.Ісачанкі