Прадаўшчыца ў Чавускім раёне крала з крамы грошы і прадукты дзеля ставак

Жыхарка Чавускага раёна захапілася гульнямі ў анлайн-казіно і стаўкамі ў букмекерскіх канторах. Калі дзіцячай дапамогі стала не хапаць, яна ўладкавалася прадаўцом і пачала прысвойваць маёмасць крамы.

Гісторыя гэта пачалася з таго, што жыхарка Чавусаў знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.

У гэты час яна заахвоцілася да імгненных інтэрнэт-латарэй і ставак у анлайн-казіно. На азартныя гульні сыходзілі значныя сумы. Тады жанчына уладкавалася прадаўшчыцай у краму раённага спажывецкага таварыства. Аднак сама праца не вырашыла праблему з гульнямі.

З верасня 2025 года па студзень 2026 года прадаўшчыца выкрадала з гандлёвага аб’екта грошы, прадукты харчавання і алкагольныя напоі.

Усяго яна прысвоіла маёмасць гандлёвага прадпрыемства на суму больш за 11 тысяч рублёў.

Падчас пасяджэння суда абвінавачаная прызнала толькі крадзеж грошай.

У выніку суд прыгаварыў іграманку да:

  • 2 гадоў абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  • штрафу ў памеры 40 базавых велічынь;
  • забароны на 3 гады займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю.

Акрамя таго жанчыне давядзецца вярнуць райпо 1,6 тысячы рублёў, каб цалкам пакрыць прычыненую шкоду.

Фота ілюстрацыйнага характару.

У бабруйскім гіпермаркеце пакупнікам прапануюць квэст па пошуку прадаўца

Відэа з гіпермаркета Green у Бабруйску як пакупнік спрабуе знайсці прадаўца, каб хаця б узважыць выбраны тавар, завірусілася ў Тыктоку.

Бабруйчанін засняў на камеру свой квэст па набыцці рыбы. У рыбным аддзеле не было прадаўца, але там стаіць шыльда з просьбай звяртацца ў каўбасны аддзел. Пакупнік так і зрабіў, аднак у каўбаснай аддзеле сітуацыя паўтарылася: прадаўца няма, а таблічка, якая стаіць там, адпраўляе ў рыбны аддзел.

“Так можна хадзіць вечнасць” – робіць выснову аўтар відэа, якое менш чым за суткі набрала амаль 716 тысяч праглядаў і каля 800 каментароў. Аглядальнікі ў асноўным падзяляюць гумар пакупніка, але таксама ўказваюць на сістэмную праблему – адсутнасць прадаўцаў у магазінах з-за мізэрных заробкаў і цяжкай працы.

Скрыншот: https://www.tiktok.com/@igorzhirov_