Прадаўшчыца ў Чавускім раёне крала з крамы грошы і прадукты дзеля ставак

Жыхарка Чавускага раёна захапілася гульнямі ў анлайн-казіно і стаўкамі ў букмекерскіх канторах. Калі дзіцячай дапамогі стала не хапаць, яна ўладкавалася прадаўцом і пачала прысвойваць маёмасць крамы.

Гісторыя гэта пачалася з таго, што жыхарка Чавусаў знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.

У гэты час яна заахвоцілася да імгненных інтэрнэт-латарэй і ставак у анлайн-казіно. На азартныя гульні сыходзілі значныя сумы. Тады жанчына уладкавалася прадаўшчыцай у краму раённага спажывецкага таварыства. Аднак сама праца не вырашыла праблему з гульнямі.

З верасня 2025 года па студзень 2026 года прадаўшчыца выкрадала з гандлёвага аб’екта грошы, прадукты харчавання і алкагольныя напоі.

Усяго яна прысвоіла маёмасць гандлёвага прадпрыемства на суму больш за 11 тысяч рублёў.

Падчас пасяджэння суда абвінавачаная прызнала толькі крадзеж грошай.

У выніку суд прыгаварыў іграманку да:

  • 2 гадоў абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  • штрафу ў памеры 40 базавых велічынь;
  • забароны на 3 гады займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю.

Акрамя таго жанчыне давядзецца вярнуць райпо 1,6 тысячы рублёў, каб цалкам пакрыць прычыненую шкоду.

Фота ілюстрацыйнага характару.