Прадаўшчыца ў Чавускім раёне крала з крамы грошы і прадукты дзеля ставак

Жыхарка Чавускага раёна захапілася гульнямі ў анлайн-казіно і стаўкамі ў букмекерскіх канторах. Калі дзіцячай дапамогі стала не хапаць, яна ўладкавалася прадаўцом і пачала прысвойваць маёмасць крамы.

Гісторыя гэта пачалася з таго, што жыхарка Чавусаў знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.

У гэты час яна заахвоцілася да імгненных інтэрнэт-латарэй і ставак у анлайн-казіно. На азартныя гульні сыходзілі значныя сумы. Тады жанчына уладкавалася прадаўшчыцай у краму раённага спажывецкага таварыства. Аднак сама праца не вырашыла праблему з гульнямі.

З верасня 2025 года па студзень 2026 года прадаўшчыца выкрадала з гандлёвага аб’екта грошы, прадукты харчавання і алкагольныя напоі.

Усяго яна прысвоіла маёмасць гандлёвага прадпрыемства на суму больш за 11 тысяч рублёў.

Падчас пасяджэння суда абвінавачаная прызнала толькі крадзеж грошай.

У выніку суд прыгаварыў іграманку да:

  • 2 гадоў абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  • штрафу ў памеры 40 базавых велічынь;
  • забароны на 3 гады займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю.

Акрамя таго жанчыне давядзецца вярнуць райпо 1,6 тысячы рублёў, каб цалкам пакрыць прычыненую шкоду.

Фота ілюстрацыйнага характару.

У Магілёве бухгалтар-іграманка прайграла 268 тысяч рублёў прадпрыемства

У суд накіравана справа бухгалтара, якая пералічыла ў сваю кішэню звыш 268 тысяч рублёў прадпрыемства, каб гуляць у азартныя гульні.

Як высветлілі ў пракуратуры, 42-гадовая магіляўчанка са студзеня 2023 года па снежань 2025 года без усялякіх падстаў пералічвала на свой разліковы рахунак сродкі таварыства з абмежаванай адказнасцю, у якім працавала. З выкарыстаннем ключа электроннага лічбавага подпісу яна стварала плацежныя даручэнні, на падставе якіх ажыццяўляла неабгрунтаванае налічэнне сабе заработнай платы, матэрыяльнай дапамогі, адпускных і іншых выплат. 

Усё такім чынам налічанае жанчына траціла на гульні ў анлайн-казіно, бо, як аказалася, цярпела на гульнявую залежнасць.

Пасля таго, як нячыстую на руку бухгалтара злавілі і пачалі следства, яна часткова кампенсавала ўрон арганізацыі, аддаўшы каля 83 тыс. рублёў.

Цяпер жанчына знаходзіцца пад вартай у чаканні суда па артыкуле аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам у асабліва буйным памеры.

Фотаздымак: pixabay.com