Бібліяноч у Магілёве: касмічны квэст і адбой у 22:00

Чаму ноч бібліятэк у Магілёве заканчваецца вечарам і адкуль узялася гэтая традыцыя?

У пятніцу магілёўская дзіцячая бібліятэка імя А.С. Пушкіна запрашае на Бібліяноч, прысвечаную 65-годдзю палёту Юрыя Гагарына. Гасцей чакае касмічны пашпарт, VR, пясочная анімацыя і паэтычныя батлы. Уся праграма ўмесціцца ў тры гадзіны, з сямі да дзесяці вечара.

На ўваходзе кожны атрымае “касмічны пашпарт” і маршрут па тэматычных зонах. У будынку адначасова працуюць фотазоны, інтэрактыўныя выставы і QR-станцыі з фактамі пра Сусвет.

Будуць працаваць пляцоўкі:

  1. Касмічная акадэмія. Зборка экаракет, шлемы касманаўтаў, пазлы і настольныя гульні.
  2. Астраарт “Пяскі Сусвету”. Студыя пясочнай анімацыі: уласныя галактыкі і планеты.
  3. Школа касманаўтаў. Фізпадрыхтоўка, доследы з гравітацыяй, дэгустацыя “касмічнай кухні”.
  4. Арбітальная станцыя. Настолкі, камандныя задачы, расшыфроўка сігналаў з космасу.
  5. Галактыка будучыні. VR-экскурсіі, музычныя эксперыменты, інтэрактыўныя прадказанні.
  6. Асобна працуе літаратурная пляцоўка “Касмічны рэйс: ад радка да зорак” з аўдыязонай, паэтычнымі батламі і фантастычнымі квэстамі. Самыя актыўныя госці атрымаюць дыпломы і памятныя прызы.

Чаму ж усё ж такі “ноч”, калі ў дзесяць ужо дадому? Пляцоўка дзіцячая, і трымаць школьнікаў пасля дзесяці арганізатарам складана і па раскладзе, і па адказнасці.

Строга кажучы, у расійскай традыцыі (а менавіта адтуль да нас прыйшла Бібліяноч) такі фармат называецца Бібліясумеркамі і адрасаваны менавіта дзецям. Дарослая Бібліяноч стартуе вечарам і цягнецца за поўнач.

Зрэшты, нават па беларускіх мерках магілёўскія 22:00 гэта ранні фініш. Амаль уся краіна працуе да дваццаці трох.

Бывалі, праўда, падобныя прэцэдэнты ў Расіі. У 2019 годзе 13 маскоўскіх бібліятэк адкрываліся спецыяльна для паўночнікаў і працавалі з 00:00 да 06:00. Гэты рэкорд пакуль не пабіты.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

У бабруйскім гіпермаркеце пакупнікам прапануюць квэст па пошуку прадаўца

Відэа з гіпермаркета Green у Бабруйску як пакупнік спрабуе знайсці прадаўца, каб хаця б узважыць выбраны тавар, завірусілася ў Тыктоку.

Бабруйчанін засняў на камеру свой квэст па набыцці рыбы. У рыбным аддзеле не было прадаўца, але там стаіць шыльда з просьбай звяртацца ў каўбасны аддзел. Пакупнік так і зрабіў, аднак у каўбаснай аддзеле сітуацыя паўтарылася: прадаўца няма, а таблічка, якая стаіць там, адпраўляе ў рыбны аддзел.

“Так можна хадзіць вечнасць” – робіць выснову аўтар відэа, якое менш чым за суткі набрала амаль 716 тысяч праглядаў і каля 800 каментароў. Аглядальнікі ў асноўным падзяляюць гумар пакупніка, але таксама ўказваюць на сістэмную праблему – адсутнасць прадаўцаў у магазінах з-за мізэрных заробкаў і цяжкай працы.

Скрыншот: https://www.tiktok.com/@igorzhirov_