У Крычаве не могуць справіцца з расчысткай дарог ад снега

У Крычаве людзі скардзяцца на адмену маршрутак з-за нечышчаных дарог, але чыноўнікі не бачаць ніякіх праблем.

У сеціве з’явілася відэа, дзе жыхар Крычава скардзіцца, што па горадзе амаль немагчыма праехаць з-за таго, што камунальныя службы не чысцяць дарогі ад снега. Аўтар відэа стаіць на грамадскім прыпынку і расказвае, што ў раёне піўзавода ўсе маршруткі адмянілі, а аўтобусы сталі хадзіць радзей – замест рэйса ў 15.00 наступны будзе толькі ў 16.00. Застаецца толькі ісці пешкі – а гэта чатыры кіламетры з малым дзіцёнкам на руках.

У адказ на гэты зварот крычаўскія чыноўнікі тут жа запісалі відэа з начальніцай мясцовага ЖКГ Святланай Сямёнавай, якая заявіла, што ніякіх праблем і скаргаў няма. “Зваротаў не паступала за перыяд выпадзення ападкаў. Да ўсіх сацыяльных сфер доступ не абмежаваны” – сцвярджае жанчына.

На нядаўняй нарадзе пры першай намесніцы старшыні райвыканкама Святлане Ярмоленка яна заявіла, што сёння ў раёне расчысткай ад снежнага покрыва займаюцца не толькі дарожныя і камунальнае прадпрыемства, але дапамогу аказваюць сельскагаспадарчыя і чыгуначныя прадпрыемствы, ААТ «Крычаўцэментнашыфер», Водаканал, Гартоп і іншыя.

Не прызнаючы праблем гараджан, чыноўніца ў той жа час паведаміла, што асноўныя праблемы па сельскай мясцовасці. “Ёсць праблемы па дарогах, якія абслугоўваюцца ДРБУ-198 і часткова “Камунальнікам” – заявіла Сямёнава, не ўказваючы, дзе менавіта тыя праблемныя дарогі.

Вынікам нарады стала тое, што Ярмоленка даручыла ўзмацніць кантроль за станам дарог ДАІ, асабліва звяртаючы ўвагу на прыпыначныя пункты, пешаходныя пераходы. “Камунальніку” варта забяспечыць расчыстку канчатковых прыпыначных пунктаў, каб аўтобусы маглі свабодна развярнуцца. У сельскай мясцовасці старшыням сельвыканкамаў кантраляваць, каб дарогі былі расчышчаны для праезду хуткай медыцынскай дапамогі, аўтамагазінаў, школьны аўтобусаў і грамадскага транспарту.”

Пра адказнасць панесеную хоць кімсьці за тое, што дапушчана праблема з нечышчанымі ад снега дарогамі і, як вынік, з курсаваннем грамадскага транспарту, не паведамляецца.

Скрыншот: “Беларусь за МКАДом”