Нераскрытая таямніца прынесла паўкватэры ўраджэнцу Крычаўскага раёна

Паўкватэры ад памёрлай у Санкт-Пецярбургу далёкай сваячкі дасталося па судзе грамадзяніну Беларусі родам з Крычаўскага раёна.

Суд тычыўся спадчыны ў выглядзе двухпакаёвай кватэры плошчай каля 45 м2 на Ленінскім праспекце, кошт якой ацэньваецца прыкладна ў 65-70 тыс. долараў.

У чэрвені 2022 года ў гэтай кватэры знайшлі мёртвымі мужа і жонку. З-за таго, што целы былі моцна раскладзеныя, судова-медыцынскія эксперты не змаглі вызначыць, хто з іх памёр раней. Менавіта гэтая акалічнасць і стала галоўнай інтрыгай справы.

Калі б высветлілася, што муж перажыў жонку хаця б на кароткі час, ён паспеў бы атрымаць яе спадчыну. Пасля яго смерці права на кватэру перайшло б да ягонай дачкі ад іншага шлюбу. Менавіта яна першай заявіла свае прэтэнзіі на жыллё.

Аднак суд прыйшоў да высновы, што муж і жонка памерлі адначасова. Паводле расійскага заканадаўства ў такім выпадку яны не могуць наследаваць адзін пасля аднаго. Гэта азначала, што дачка мужчыны аўтаматычна страціла магчымасць атрымаць кватэру.

Тады ў справе з’явіліся іншыя спадчыннікі – грамадзянін Беларусі родам з Крычаўскага раёна і ягоны стрыечны брат, які жыве ў Расіі. Абодва сцвярджалі, што з’яўляюцца стрыечнымі пляменнікамі памерлай.

Даказаць гэта аказалася няпроста. Дакументы, якія маглі пацвердзіць роднасныя сувязі, не захаваліся. Даваенныя акты грамадзянскага стану Крычаўскага раёна былі страчаныя. Суду давялося літаральна па крупінках аднаўляць сямейнае дрэва, супастаўляючы імёны, прозвішчы, месцы нараджэння і іншыя ўскосныя звесткі.

У гэтай гісторыі быў яшчэ адзін нюанс. Стрыечныя пляменнікі ў Расіі адносяцца толькі да шостай чаргі спадчыннікаў. Гэта апошняя ступень сваякоў, якая можа атрымаць спадчыну без завяшчання, і толькі тады, калі няма нікога з больш блізкіх родзічаў.

Пасля вывучэння ўсіх матэрыялаў суд прызнаў абодвух мужчын законнымі спадчыннікамі. Кватэру падзялілі пароўну – па палове кожнаму.

Фотаздымак: Wikimedia.org

У Магілёве ўпершыню засведчылі здзелку з кватэрай па відэасувязі

У Магілёве стала магчымым засведчанне здзелкі з нерухомасцю ў былым БТІ з выкарыстаннем відэасувязі.

У Магілёўскім агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры ўпершыню аформілі дагавор куплі-продажу кватэры, бакі якога знаходзіліся ў розных гарадах.

Прадавец і пакупнік не сустракаліся асабіста. Кожны звярнуўся ў найбліжэйшае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі па месцы свайго знаходжання, а працэдура прайшла адначасова з выкарыстаннем відэасувязі.

Дагавор засведчылі два рэгістратары – з Магілёўскага і Мінскага абласных агенцтваў, пасля чаго дакумент быў падпісаны электроннымі подпісамі.

Такая практыка для Беларусі ўжо не новая. Першую падобную здзелку аформілі ў лютым гэтага года паміж Мінскам і Віцебскам, калі прадавец і пакупнік таксама знаходзіліся ў розных гарадах.

Магчымасць дыстанцыйнага афармлення здзелак з нерухомасцю з’явілася пасля ўнясення змяненняў у закон аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, якія набылі моц у 2025 годзе.

У агенцтве адзначаюць, што новы фармат дазваляе зэканоміць час і пазбегнуць неабходнасці ехаць у іншы горад толькі дзеля падпісання дакументаў.

Фотаздымак: ТГ “Дзяржмаёмасць Беларусі”

Бабруйчанін прыглядаў за кватэрай пенсіянеркі і абрабаваў яе

У Бабруйску мясцовы жыхар абрабаваў пакінутую на яго кватэру пакуль гаспадыня была на лячэнні.

Больш за 1800 рублёў знікла ў 81-гадовай бабруйчанкі, якая апынулася на лячэнні ў бальніцы. За кватэрай у адсутнасць пенсіянеркі прыглядалі 51-гадовы мужчына і яго сужыцелька. Паводле звестак праваахоўнікаў, бабруйчанін даведаўся, дзе гаспадыня захоўвае свае зберажэнні, і забраў грошы сабе.

Прапажу пенсіянерка выявіла пасля вяртання дадому і звярнулася ў міліцыю. Падазраванага выявілі хутка. Аказалася, што ўсе выкрадзеныя грошы мужчына паспеў прайграць у гульнявых аўтаматах.

У дачыненні да нячыстага на руку памочніка распачатая крымінальная справа.

Фотаздымак: shutterstock

Клімавіцкі райсуд не даў унучцы падмануць бабку

Састарэлая жыхарка Клімавіцкага раёна падаравала сваёй унучцы кватэру, спадзяючыся на догляд за сабой, аднак рэчаіснасць аказалася іншай.

У Клімавіцкім раённым судзе разгледзелі грамадзянскую справу па іску 76-гадовай мясцовай жыхаркі, якая паспрабавала вярнуць кватэру, перададзеную ўнучцы па дамове дарэння.

У студзені 2023 года жанчына аформіла дарчую на кватэру на карысць унучкі. Дакумент быў завераны натарыяльна. Аднак, паводле пазоўніцы, за гэтым рашэннем стаяла вусная дамоўленасць: унучка павінна была даглядаць яе і дапамагаць да канца жыцця.

Менавіта на гэтыя ўмовы і разлічвала пенсіянерка, калі перапісвала жыллё на сваячку. Але ўжо праз кароткі час пасля заключэння дамовы сітуацыя змянілася. Паводле матэрыялаў справы, унучка спыніла зносіны і перастала аказваць хоць якую-небудзь дапамогу. Больш за тое, яна заявіла пра сваё права распараджацца кватэрай, у тым ліку не выключала магчымасці выселення бабкі.

У выніку жанчына звярнулася ў суд. Яна настойвала, што дамова дарэння фактычна была фіктыўнай.

Суд прыйшоў да высновы, што гаворка сапраўды ідзе пра так званую прытворную здзелку. Паводле грамадзянскага заканадаўства, такія дамовы лічацца нікчэмнымі.

Рашэннем Клімавіцкага раённага суда дамова дарэння кватэры была прызнана несапраўднай. Такім чынам, суд стаў на бок пенсіянеркі. Рашэнне ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц