Бабруйчанін прыглядаў за кватэрай пенсіянеркі і абрабаваў яе

У Бабруйску мясцовы жыхар абрабаваў пакінутую на яго кватэру пакуль гаспадыня была на лячэнні.

Больш за 1800 рублёў знікла ў 81-гадовай бабруйчанкі, якая апынулася на лячэнні ў бальніцы. За кватэрай у адсутнасць пенсіянеркі прыглядалі 51-гадовы мужчына і яго сужыцелька. Паводле звестак праваахоўнікаў, бабруйчанін даведаўся, дзе гаспадыня захоўвае свае зберажэнні, і забраў грошы сабе.

Прапажу пенсіянерка выявіла пасля вяртання дадому і звярнулася ў міліцыю. Падазраванага выявілі хутка. Аказалася, што ўсе выкрадзеныя грошы мужчына паспеў прайграць у гульнявых аўтаматах.

У дачыненні да нячыстага на руку памочніка распачатая крымінальная справа.

Фотаздымак: shutterstock

Бабруйскі таксіст уратаваў пенсіянерку ад махляроў

Толькі дзякуючы пільнасці таксіста пенсіянерка з Бабруйска засталася пры сваіх 17 тысячах долараў.

61-гадовая бабруйчанка выклікала таксі, на якім збірался даехаць да Мінску. Кіроўца Аляксандр Мажэйка (на фота) звярнуў увагу на яе заклапочаны выгляд і пастаянную размову па тэлефоне. На яго пытанне, жанчына адказала, што едзе дэклараваць ашчаджэнні. Калі дабраліся да месца прызначэння, то там аказаўся жылы дом, а не падатковая інспекцыя. Таксіст паведаміў у міліцыю аб падазрэнні, што пасажырка можа стаць ахвярай махляроў. Падазрэнні спраўдзіліся.

Як аказалася, пажылой бабруйчанцы патэлефанавалі лжэсупрацоўнікі газавай службы і папрасілі назваць код з SMS для “праверкі абсталявання”. Затым нібыта праваахоўнікі распавялі, што ад яе імя зламыснікі праводзяць незаконныя фінансавыя аперацыі. Каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці бабруйчанцы загадалі тэрмінова прыбыць у Мінск і прывезці ўсе наяўныя грошы. З 17 тыс. долараў жанчына і паехала ў сталіцу.

Толькі дзеянямі кіроўцы таксі, развіццё падзей пайшло не па запланаваным махлярамі шляху. Па факце спробы махлярства мінская міліцыя праводзіць праверку.

Скрыншот: ТГ “МУС Беларусі”

Чорная магія з наступным выкрыццём. У Магілёве пенсіянерка перавяла буйную суму аферыстам.

У Магілёве 61-гадовая жанчына стала ахвярай інтэрнэт-аферстаў, паверыўшы ў абяцанні «нетрадыцыйнага аздараўлення». Сума шкоды перавысіла 46 тысяч рублёў.

Паводле інфармацыі Кастрычніцкага РАУС  Магілёва, адна жанчына адгукнулася ў сацыяльнай сетцы на аб’яву пра альтэрнатыўныя спосабы аднаўлення самаадчування. У перапісцы невядомая прадставілася памочніцай экстрасэнса і прапанавала доступ да закрытага фармату «абрадаў». Для ўдзелу, а таксама набыцця неабходных атрыбутаў патрабавалася аплата.

Спачатку магілёўчанка перавяла больш за 38 тысяч рублёў з асабістых зберажэнняў. Калі грошы скончыліся, яна пачала пазычаць сродкі ў сваякоў і знаёмых. У выніку агульная сума пераведзеных сродкаў перавысіла 46 тысяч рублёў.

Западазрыўшы падман, 40-гадовы сын жанчыны звярнуўся ў праваахоўныя органы. Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу па факце махлярства.

 

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёўскія міліцыянеры затрымалі рабавальніка-гульнямана

Пасля ўдалага рабавання пенсіянеркі магілёвец адправіўся прайграваць здабычу ў казіно.

У Ленінскі РУУС Магілёва звярнулася 71-гадовая мясцовая жыхарка, якая паведаміла, што ўвечары на яе напаў невядомы.

Ён вырваў у пенсіянеркі сумку, у якой знаходзіліся дакументы, тэлефон і наяўныя грошы, і ўцёк.

Аператыўнікі хутка ўстанавілі датычнасць да рабавання 34-гадовага беспрацоўнага магілёўца. 

Перад тым як здзейсніць злачынства, ён пасварыўся з блізкімі, а пасля рабавання адправіўся ў вандроўку па ігральных установах Магілёва, у адной з якіх яго і затрымалі. Усё адбылося настолькі імкліва, што рабавальнік-гульняман не паспеў патраціць усе грошы. Частка з іх вернута пацярпелай.

Распачата крымінальная справа.

Жыццё давяло пенсіянерку да крадзяжу электрасамаката

Магілёўская пенсіянерка сярод белага дня скрала электрасамакат, спадзеючыся яго прадаць. Жанчыну паймалі.

Як паведамляе тэлеграм-канал магілёўскай міліцыі, у Кастрычніцкі РАУС Магілёва звярнуўся прадстаўнік адной з фірм і паведаміў аб крадзяжы электрасамаката коштам больш за паўтары тысячы рублёў.

Раскрыць злачынства аказалася вельмі проста. Па запісах камер відэаназірання высветлілася, хто сярод белага дня скраў электрасамакат. Злачынцай, што нават не думала нейкім чынам маскіраваць свае дзеянні, аказалася 73-гадовая пенсіянерка. Яна проста пагрузіла электрасамакат у свой вазок і адвезла дадому. У далейшым бабуля хацела прадаць гэты транспартны сродак, але не паспела.

Цяпер жанчына стала фігуранткай крымінальнай справы. Магчыма, ёй прысудзяць пазбаўленне волі, а значыць накіруюць у калонію, дзе ёй будзе што есці. Цяжка сказаць, ці гэта найгоршы вынік справы для гаротнай пенсіянеркі, якая была вымушана ва ўсіх навідавоку красці самакат, каб здабыць грошы на жыццё.

Скрыншот: ТГ “Міліцыя Магілёўшчыны”

У Магілёве махляры атрымалі па 7 гадоў калоніі за золата пенсіянеркі

Суд у Магілёве двойчы прызнаў вінаватымі трох мінчан, якія падманным шляхам завалодалі залатымі зліткамі пажылой жыхаркі Магілёўскага раёна.

Як паведамляе Генеральная пракуратура, злачынная група дзейнічала па выразна адладжанай схеме. Двое абвінавачаных выконвалі функцыі кур’ераў, а трэці каардынаваў іх дзеянні. Кіраўнікі групоўкі перадавалі інфармацыю праз асабістыя сустрэчы і перапіску ў мэсэнджарах: каго падмануць, за каго сябе выдаць і што забраць у пацярпелых.

4 лютага 2025 года, па ўказанні куратара, кур’еры забралі ў 70-гадовай жыхаркі Магілёўскага раёна залатыя зліткі агульнай вагой 700 грамаў.

Справа адбывалася наступным чынам. Напярэдадні пенсіянерцы патэлефанавалі невядомыя і, прадставіўшыся супрацоўнікамі энергазабеспячальнай арганізацыі, даведаліся яе пашпартныя дадзеныя і нумар мабільнага тэлефона. Пазней «ілжэсупрацоўнік» Следчага камітэта паведаміў жанчыне, што яна трапіла ў схему махляроў, а затым «прадстаўнік» Нацыянальнага банка пераканаў яе перавесці ашчаджэнні на «бяспечны рахунак». Пацярпелая пералічыла злачынцам 8,5 тыс. рублёў. У ходзе размовы яна згадала пра залатыя зліткі, пасля чаго махляры ўгаварылі яе перадаць каштоўнасці нібыта для праверкі сапраўднасці.

Кошт выкрадзенай маёмасці перавысіў 217 тыс. рублёў. Абвінавачаныя сваёй віны не прызналі і шкоды не пакрылі.

За махлярства ў асабліва буйным памеры суд Магілёўскага раёна прызначыў кожнаму пакаранне ў выглядзе сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 200 базавых велічынь (каля 8,4 тыс. рублёў). Пададзеную апеляцыю Магілёўскі абласны суд адхіліў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц