Жыццё давяло пенсіянерку да крадзяжу электрасамаката

Магілёўская пенсіянерка сярод белага дня скрала электрасамакат, спадзеючыся яго прадаць. Жанчыну паймалі.

Як паведамляе тэлеграм-канал магілёўскай міліцыі, у Кастрычніцкі РАУС Магілёва звярнуўся прадстаўнік адной з фірм і паведаміў аб крадзяжы электрасамаката коштам больш за паўтары тысячы рублёў.

Раскрыць злачынства аказалася вельмі проста. Па запісах камер відэаназірання высветлілася, хто сярод белага дня скраў электрасамакат. Злачынцай, што нават не думала нейкім чынам маскіраваць свае дзеянні, аказалася 73-гадовая пенсіянерка. Яна проста пагрузіла электрасамакат у свой вазок і адвезла дадому. У далейшым бабуля хацела прадаць гэты транспартны сродак, але не паспела.

Цяпер жанчына стала фігуранткай крымінальнай справы. Магчыма, ёй прысудзяць пазбаўленне волі, а значыць накіруюць у калонію, дзе ёй будзе што есці. Цяжка сказаць, ці гэта найгоршы вынік справы для гаротнай пенсіянеркі, якая была вымушана ва ўсіх навідавоку красці самакат, каб здабыць грошы на жыццё.

Скрыншот: ТГ “Міліцыя Магілёўшчыны”

У Магілёве аўтамабіліст збіў электрасамакатчыка на скрыжаванні

Вечарам 7 верасня на вуліцы Пысіна ў Магілёве адбылося сутыкненне аўтамабіля з чалавекам на электрасамакаце – паведамляюць чытачы mogilev.media. Аварыя адбылася на праязной частцы, на павароце ў дваравую тэрыторыю. Кіроўца самакатам атрымаў медыцынскую дапамогу, але адразу пасля аварыі самастойна падняцца не мог – адзначаюць сведкі. 

З’явіўся афіцыйны каментарый гэтага здарэння. Каля дома №31 па вуліцы А. Пысіна 40-гадовы кіроўца аўтамабіля Subaru здзейсніў наезд на 13-гадовага падлетка, які перасякаў дарогу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе на электрасамакаце. У выніку ДТЗ юнак з траўмамі шпіталізаваны – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: чытачы mogilev.media