Магілёвец здаў на металалом чужы аўтамабіль, які абяцаў прадаць

Жыхар Магілёва стаў фігурантам крымінальнай справы, пасля таго, як падманам завалодаў чужым аўтамабілем для продажу па запчастках.

У Кастрычніцкі РАУС Магілёва звярнуўся мясцовы жыхар, які страціў аўтамабіль пасля няўдалай здзелкі праз інтэрнэт. Мужчына размясціў аб’яву аб продажы машыны. Неўзабаве з ім звязаўся 31-гадовы магілёвец. Пасля агляду аўтамабіля ён прапанаваў уладальніку прадаць яго па запчастках, а пасля разлічыцца за транспартны сродак.

Гаспадар пагадзіўся і перадаў пакупніку аўтамабіль. Аднак грошай так і не атрымаў.

Высветлілася, што магілёвец не займаўся продажам запчастак. Атрымаўшы машыну ў сваё распараджэнне, ён здаў яе на металалом. Выручаныя грошы патраціў на асабістыя патрэбы, пасля чаго перастаў выходзіць на сувязь з уладальнікам.

Па факце махлярства распачатая крымінальная справа.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Сказ пра тое, як у Чавусах печ рамантавалі і кралі металалом

Пераказ міліцэйскага пратакола чавуская “раёнка” ператварыла ў займальны дэтэктыў. Як казаў класік, змяркалася…

Сутнасць справы простая, як веласіпедная спіца. Жыхарка Чавус скарысталася тым, што сусед выкарыстоўваў дом пад дачу і доўгі час там не з’яўляўся.

Суседка са сваім знаёмым вывезлі з чужога прысядзібнага ўчастка металалом і здалі яго ў прыёмны пункт. Выручылі ўсяго сто рублёў. Штраф – 30 базавых велічынь.

Пры гэтым памочнік злодзейкі не ведаў пра тое, што яго ўцягнулі ў цёмную гісторыю.

Аднак журналісты Чавус, распавядаючы гэтую гісторыю, пачалі танцаваць, як кажуць, ад печкі. У літаральным сэнсе.

Высветлілася, што “раней 49-гадовы жыхар Чэрыкава выконваў работы па рамонце печы ў доме жанчыны. У адзін з дзён, падымаючыся на дах, каб дапамагчы знаёмаму з рамонтам, жанчына звярнула ўвагу на кучу металалому на ўчастку суседа. Спакуса аказалася занадта вялікай”.

Далей, як водзіцца, супрацьпраўныя дзеянні, экспертыза і суд.

Застаецца адкрытым пытанне: якім бокам да ўсёй гэтай справы няшчасны 49-гадовы печнік? Нам разабрацца не ўдалося. Можа чытачы паспрабуюць?

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.