Беспрацоўных у Касцюковічах зноў прымусілі бясплатна працаваць

Ці то асоб, не занятых у эканоміцы, у Касцюковічах развялося больш чым дзе, ці то міліцыя там самая запатрабавальная, ці то мясцовай газеце падабаецца асвятляць гэтую тэму, але беспрацоўныя там зноў змагаліся са снегам.

На думку міліцыянераў, грамадскія работы фарміруюць у грамадзян такія якасці, як:

  • дысцыплінаванасць;
  • добрасумленнасць;
  • патрыятызм;
  • павага да чалавечай годнасці;
  • павага да чужой працы.

Акрамя таго, уборка снегу аказвае на беспрацоўных «дабратворны ўплыў і матывуе іх да афіцыйнага працаўладкавання, вядзення нармальнага здаровага ладу жыцця».

Варта нагадаць, што калі міліцэйскія справы ў краіне складаюцца ўсё лепш і лепш, то з эканомікай нешта не клеіцца. Хоць снегу ў Беларусі хапае на ўсіх, патрыятызм растае на вачах, а колькасць грамадзян, якія ігнаруюць удзел у эканоміцы, расце ўдарнымі тэмпамі.

Відавочна, прымусовыя работы дрэнна спалучаюцца з павагай да чалавечай годнасці, а «добраахвотная» уборка дваровых тэрыторый у Касцюковічах не спрыяе папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Цяпер статыстыка алкагалізацыі насельніцтва і ўзроўню самагубстваў засакрэчаная беларускімі ўладамі. А калі яна яшчэ была ў адкрытым доступе, Касцюковіцкі раён, які, дарэчы, даў свету міністра Кубракова, лічыўся лідарам зусім не здаровага ладу жыцця.

Фота раённай газеты.

Магілёўскі вор з пачуццём меры – частку скрадзенага перадаў ахвяры

У Магілёве мужчына забраў пакінутую без нагляду сумку з грашыма і дакументамі, а пазней патэлефанаваў гаспадыні, каб паведаміць пра «знаходку». 

У аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага РАУС Магілёва звярнулася 40-гадовая жыхарка суседняй дзяржавы. Жанчына паведаміла, што пакінула сваю сумку без нагляду на вуліцы, пасля чаго выявіла знікненне 300 долараў ЗША і асабістых дакументаў.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку выявілі асобу падазраванага. Як аказалася, да крадзяжу датычны 56-гадовы жыхар Магілёва, які афіцыйна не працуе. На момант здарэння мужчына быў нападпітку і вяртаўся дадому. Прайшоўшы міма пакінутых без нагляду рэчаў, ён забраў сумку.

Мужчына прысвоіў большую частку грошай, пакінуўшы толькі некалькі купюр. Скарыстаўшыся нумарам тэлефона, указаным у дакументах, ён звязаўся з уладальніцай і паведаміў пра «знаходку», маючы намер вярнуць ёй дакументы.

У дачыненні да фігуранта ўзбуджана крымінальная справа.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

На Магілёўшчыне сямікласніца паскардзілася ў міліцыю на пабоі ад маці

Дванаццацігадовая дзяўчынка сядзела ў тэлефоне і ігнаравала заклікі маці пайсці вячэраць. Атрымаўшы рамяня, дачка паскардзілася на маці ў РАУС.

У міліцыю паступіла заява ад дзяўчынкі, якая сцвярджала, што ў ходзе сваркі яе збіла ўласная маці. Пачалася праверка, выясненне абставін і ўсталявання цяжкасці цялесных пашкоджанняў.

У выніку ўдалося высветліць, што 12-гадовую дзяўчынку маці некалькі разоў клікала да вячэры, а тая адмаўлялася, бо забаўлялася ў тэлефоне і есці не хацела. На паўторную просьбу мамы адкласці тэлефон дачка адрэагавала з агрэсіяй, і жанчына, раззлаваўшыся на фоне таго, што дзіцёнак шмат часу праводзіць у тэлефоне, некалькі разоў ударыла дзяўчынку далонямі і рамянём. Праз тыдзень падлетак звярнулася ва ўстанову аховы здароўя і міліцыю.

Што ж тычыцца траўмы, то ёй аказаўся сіняк на плячы, які, як высветлілі спецыялісты, не пацягнуў кароткачасовага растройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасці. Такім чынам ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёўскія міліцыянеры затрымалі рабавальніка-гульнямана

Пасля ўдалага рабавання пенсіянеркі магілёвец адправіўся прайграваць здабычу ў казіно.

У Ленінскі РУУС Магілёва звярнулася 71-гадовая мясцовая жыхарка, якая паведаміла, што ўвечары на яе напаў невядомы.

Ён вырваў у пенсіянеркі сумку, у якой знаходзіліся дакументы, тэлефон і наяўныя грошы, і ўцёк.

Аператыўнікі хутка ўстанавілі датычнасць да рабавання 34-гадовага беспрацоўнага магілёўца. 

Перад тым як здзейсніць злачынства, ён пасварыўся з блізкімі, а пасля рабавання адправіўся ў вандроўку па ігральных установах Магілёва, у адной з якіх яго і затрымалі. Усё адбылося настолькі імкліва, што рабавальнік-гульняман не паспеў патраціць усе грошы. Частка з іх вернута пацярпелай.

Распачата крымінальная справа.

Касцюковіцкіх беспрацоўных прымусілі расчышчаць снег пад дамамі сілавікоў

Прымусовая праца становіцца нормай у Беларусі, таму беспрацоўных усё часцей прымушаюць працаваць бясплатна.

У Касцюковічах міліцыя прымусіла беспрацоўных мясцовых жыхароў займацца ўборкай снегу. Гэта адбылося пасля чарговага пасяджэння пастаянна дзеючай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якое прайшло ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, піша Mayday.

На мерапрыемства выклікалі каля двух дзясяткаў чалавек, якіх улады адносяць да катэгорыі «не занятых у эканоміцы». У сценах РАУС чыноўнікі расказалі ім пра наяўныя ў раёне вакансіі, а таксама папярэдзілі пра магчымую адказнасць за так званыя антыграмадскія паводзіны.

Пасля афіцыйнай часткі супрацоўнікі міліцыі вырашылі «ўцягнуць падуліковых грамадзян у грамадска карысную працу». Каля пяці мужчын, якія стаяць на ўліку ў міліцыі, былі накіраваныя на ўборку снегу з тратуараў каля новабудоўляў у мікрараёне арэнднага жылля. У гэтых дамах пражываюць самі сілавікі, работнікі сістэмы аховы здароўя і маладыя спецыялісты.

Пры гэтым пра аплату працы або добраахвотны характар такой «дапамогі» гаворка не ішла.

Нагадаем, што ў снежні 2025 года магілёўскіх беспрацоўных прымусілі прыбіраць тэрыторыю дзіцячага садка.

Фотаздымак: Mayday

Бабруйчанін пусціў пажыць знаёмага, а той набраў на яго мікракрэдытаў

Бабруйчаніну раптам сталі паступаць патрабаванні аб пагашэнні мікрапазык, якія, як аказалася, набраў яго кватарант.

Званкі з мікрафінансавых арганізацый сталі для 25-гадовага жыхара Бабруйска непрыемным сюрпрызам. Суразмоўцы настойліва патрабавалі пагасіць крэдытную запазычанасць. Праблема была ў тым, што ніякіх пазык мужчына не афармляў.

Заява пацярпелага паступіла ў міліцыю, і ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў праваахоўнікі высветлілі, як з’явіліся гэтыя даўгі. Да незаконных фінансавых аперацый аказаўся датычны 23-гадовы беспрацоўны бабруйчанін, які раней некаторы час жыў у кватэры заяўніка.

Следства ўстанавіла, што малады чалавек скарыстаўся даверлівымі адносінамі і свабодным доступам да мабільнага тэлефона гаспадара жылля. Без ведама ўладальніка ён аформіў на яго імя тры мікрапазыкі, пасля чаго перавёў атрыманыя сродкі на ўласную банкаўскую карту. Грошы былі выдаткаваны на асабістыя патрэбы.

У дачыненні да падазраванага ўзбуджана крымінальная справа.

Фотаздымак: freepik.com

Кубракоў незадаволены магілёўскай міліцыяй

Кіраўніку МУС не спадабалася дзейнасць падраздзяленняў крымінальнага блока міліцыі Магілёўскай вобласці.

На пасяджэнні калегіі УУС Магілёўскага аблвыканкама Іван Кубракоў заявіў, што «фактычныя вынікі работы падраздзяленняў крымінальнага блока не адпавядаюць іх магчымасцям, нягледзячы на дастатковую колькасць асабовага складу і ўзровень тэхнічнага аснашчэння».

Міністр паабяцаў у бліжэйшы час дэталёва праверыць дзейнасць гэтых падраздзяленняў.

Падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць Кубракоў таксама наведаў базу абласнога АМАПа і праверыў, як ідуць справы з будаўніцтвам шматфункцыянальнага комплексу для патрэб галоўнай рухаючай сілы беларускага рэжыму.

Выказванні і дзеянні Івана Кубракова наглядна дэманструюць тэндэнцыі ў сістэме МУС Беларусі: выяўленне «экстрэмістаў», пастаўленае ў аснову асноў у 2020 годзе, прывяло да таго, што міліцыянеры разучыліся лавіць звычайных крымінальнікаў.

А цяпер, калі ўсе палітычныя апаненты ўлады нейтралізаваныя і пасаджаныя, Кубракову ўжо даводзіцца выдумляць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, как прасіць грошы пад “комплексы”.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

П’яны закладчык быў затрыманы ў Магілёве па дарозе за ізалентай для мефедрона

Магілёўскага аўтаслесара не задавальняла зарплата, і ён знайшоў падпрацоўку ў інтэрнэце – стаў распаўсюджваць наркотыкі. 

Працаваў новаспечаны закладчык менш за месяц. Калі 27-гадовы дылер упакоўваў чарговую партыю псіхатропаў, каб развезці яе па тайніках, скончылася ізалента.

Мужчына адправіўся ў краму нападпітку, а вярнуўся дадому ўжо ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі.

Пры ператрусе кватэры было знойдзена больш за кілаграм парашка падазронага выгляду. Экспертыза паказала, што гэта мефедрон.

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прыгаварыў закладчыка да 9 гадоў зняволення ў выпраўленча-працоўнай калоніі узмоцненага рэжыму, штрафа ў памеры 100 базавых велічынь і прымусовага лячэння ад алкагалізму.

Фота: ведамасны сайт ДКСЭ.

Магілёўскіх беспрацоўных прымусілі прыбіраць тэрыторыю дзіцячага садка

Дармовая рабочая сіла беспрацоўных была выкарыстана гэтым разам для ўборкі тэрыторыі дзіцячага садка.

У Кастрычніцкі РАУС Магілёва выклікалі дзве катэгорыі людзей: непрацуючых грамадзян і грамадзян, якія знаходзяцца на разнастайным уліку ў гэтым райаддзеле. Афіцыяльная прычына – правядзенне так званага прафілактычнага мерапрыемства. Для большага пускання пылу ў вочы нават запрасілі прадстаўнікоў з упраўлення па занятасці, Цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, а таксама ратавальнікаў.

Пагаварыўшы на тэму шкоды алкаголя, беспрацоўных, якія цяпер у Беларусі называюцца незанятымі ў эканоміцы, прымусілі прыбраць тэрыторыю дзіцячага садка. Іх дармовую працу міліцыянты ахарактаразавалі як “аказалі садзейнічанне ДУА «Дзіцячы садок № 47»”. Цікава, што няма інфармацыі аб “садзейнічанні” гэтаму дзіцячаму садку другой групы запрошаных на размову – тых, хто стаіць на розным уліку ў міліцыі. Пэўна, яны папросту пайшлі дадому, не праявіўшы так званую карысную ініцыятыву дармовай працы.

Фотаздымак: mogilev.mvd.gov.by

У Клімавіцкім раёне хлопец выкраў “мазгі” ў пасяўнога агрэгата

У Клімавіцкім раёне 28-гадовы беспрацоўны мясцовы жыхар выкраў электронныя блокі кіравання з пасяўнога агрэгата. Сеялка стаяла на мехдворы і, як звычайна, не ахоўвалася. Узятае абсталяванне раскрадальнік калгаснай маёмасці прадаў знаёмаму. Шкода, паводле падлікаў міліцыі, склала 1500 рублёў.

Здавалася б, дабро перамагло зло, але калі ўчытацца ў сухія радкі міліцэйскай зводкі і вылучыць з яе ключавыя словы, можна пабачыць тое, што адбываецца ў сельскай глыбінцы Магілёўшчыны – 28 гадоў, беспрацоўны, скраў дэталі ад калгаснай сеялкі, якая безгаспадарліва стаяла на вуліцы. Каментары тут, відавочна, лішнія.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.