Кубракоў незадаволены магілёўскай міліцыяй

Кіраўніку МУС не спадабалася дзейнасць падраздзяленняў крымінальнага блока міліцыі Магілёўскай вобласці.

На пасяджэнні калегіі УУС Магілёўскага аблвыканкама Іван Кубракоў заявіў, што «фактычныя вынікі работы падраздзяленняў крымінальнага блока не адпавядаюць іх магчымасцям, нягледзячы на дастатковую колькасць асабовага складу і ўзровень тэхнічнага аснашчэння».

Міністр паабяцаў у бліжэйшы час дэталёва праверыць дзейнасць гэтых падраздзяленняў.

Падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць Кубракоў таксама наведаў базу абласнога АМАПа і праверыў, як ідуць справы з будаўніцтвам шматфункцыянальнага комплексу для патрэб галоўнай рухаючай сілы беларускага рэжыму.

Выказванні і дзеянні Івана Кубракова наглядна дэманструюць тэндэнцыі ў сістэме МУС Беларусі: выяўленне «экстрэмістаў», пастаўленае ў аснову асноў у 2020 годзе, прывяло да таго, што міліцыянеры разучыліся лавіць звычайных крымінальнікаў.

А цяпер, калі ўсе палітычныя апаненты ўлады нейтралізаваныя і пасаджаныя, Кубракову ўжо даводзіцца выдумляць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, как прасіць грошы пад “комплексы”.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

Кубракоў падарыў шчанюка навучэнцу Магілёўскага ліцэя МУС

Суровы міністр унутраных спраў Іван Кубракоў нечакана праявіў такую пяшчоту да магілёўскага ліцэіста, што на вочы практычна навяртаецца сляза. Навучэнец Магілёўскага ліцэя МУС убачыў у тэлеграм-канале сваёй навучальнай установы паведамленне пра конкурс, запісаў з дапамогай ШІ крэатыўны зварот да кіраўніка МУС і папрасіў у Кубракова сабаку. Міністр просьбу пачуў і прывёз у Магілёў шчанюка.

Няма чаго і казаць: усе былі шчаслівыя, а Іван Кубракоў у той дзень шмат казаў пра дзяцей і сваю любоў да іх. 

Кубракоў, які непасрэдна адказвае за бязлітасна жорсткае падаўленне пратэстаў беларусаў і наступныя рэпрэсіі супраць уласнага народа, наўрад ці стане папулярнейшым сярод людзей праз падоранага ім сабачку.

Бо сотні тысяч беларускіх дзяцей, бацькоў якіх Кубракоў і яго паплечнікі выціснулі з краіны дзеля ўратавання дрыжачай галавы Лукашэнкі, сустракаюць Новы год далёка ад Радзімы. 

Многія з іх ужо завуць Дзеда Мароза на мовах тых краін, што далі ім прытулак. І наўрад ці калі-небудзь даруюць гэта дзядзячку Івану.

Фота тэлеграм-канала МУС Беларусі.