П’яны закладчык быў затрыманы ў Магілёве па дарозе за ізалентай для мефедрона

Магілёўскага аўтаслесара не задавальняла зарплата, і ён знайшоў падпрацоўку ў інтэрнэце – стаў распаўсюджваць наркотыкі. 

Працаваў новаспечаны закладчык менш за месяц. Калі 27-гадовы дылер упакоўваў чарговую партыю псіхатропаў, каб развезці яе па тайніках, скончылася ізалента.

Мужчына адправіўся ў краму нападпітку, а вярнуўся дадому ўжо ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі.

Пры ператрусе кватэры было знойдзена больш за кілаграм парашка падазронага выгляду. Экспертыза паказала, што гэта мефедрон.

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прыгаварыў закладчыка да 9 гадоў зняволення ў выпраўленча-працоўнай калоніі узмоцненага рэжыму, штрафа ў памеры 100 базавых велічынь і прымусовага лячэння ад алкагалізму.

Фота: ведамасны сайт ДКСЭ.

53-гадовага закладчыка затрымаў магілёўскі наркакантроль

Супрацоўнік наркашопа быў затрыманы магілёўскімі міліцыянтамі ў Баранавічах. Ім аказаўся 53-гадовы мясцовы жыхар. На інтэрнэт-краму па продажы наркотыкаў ён працаваў прыкладна месяц – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама. Па месцы жыхарства ён фасаваў псіхатропы на дробныя партыі, якія потым распаўсюджваў праз закладкі на тэрыторыі горада. У тайніках знойдзена і канфіскавана 250 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС. Зараз мужчыне пагражае да 20 гадоў турмы.

Фота: прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама, скрыншот

Дзеля любімага занятку бабруйскі наркаман кінуў працу, але бізнэс працягваўся толькі дзесяць дзён

Бабруйскі наркакантроль затрымаў мясцовага 31-гадовага жыхара, які працаваў закладчыкам. За дзесяць дзён да гэтага мужчына звольніўся з асноўнай працы, каб займацца расфасоўкай і закладкамі. На кватэры ў бабруйчаніна знайшлі каля 200 грамаў асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. Паведамляецца, што мужчына і сам спажываў наркотыкі, а закладкі рабіў пад Бабруйскам і ў Гомельскай вобласці.

Фота: УУС аблвыканкама, скрыншот