У Магілёве плануюць стварыць “Разумны парк”

У Магілёве на тэрыторыях, якія належалі «Магілёўхімвалакну», можа з’явіцца новы прамысловы комплекс пад назвай «Разумны парк». 

Праект развіваюць у межах свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» і падаюць як прыклад перазагрузкі старой савецкай вытворчай інфраструктуры праз лічбавыя тэхналогіі, энергаэфектыўнасць і «разумнае» кіраванне.

Гаворка ідзе пра вялікую пляцоўку: вытворчы корпус плошчай каля 150 тыс.м2 і адміністрацыйны будынак на 7,8 тыс.м2. Паводле арганізатараў, былыя цэхі павінны ператварыцца ў сучасны інвестыцыйны парк для новых вытворчасцяў.

Адным з этапаў праекта з’яўляецца конкурс стартап-ідэй «Сучасны, разумны і эфектыўны прамысловы парк», які нядаўна прайшоў у адміністрацыі СЭЗ. У ім удзельнічалі прадстаўнікі бізнесу, студэнты і распрацоўшчыкі. Яны прапаноўвалі розныя рашэнні – ад «разумнай» лагістыкі да сістэм энергазберажэння і аўтаматызацыі вытворчасці.

Арганізатары асобна падкрэслівалі ўдзел універсітэтаў і моладзі, адзначаючы, што гэта дазваляе «паглядзець на прамысловую інфраструктуру пад новым вуглом». Пры гэтым важнай дэталлю конкурсу назвалі тое, што ўдзельнікі абаранялі праекты асабіста, а не анлайн, што, па меркаванні арганізатараў, дазволіла лепш данесці ідэі да экспертнай камісіі.

У выніку ўсе прадстаўленыя праекты прызналі «значнымі» і рэкамендавалі да рэалізацыі. Пераможцаў абяцаюць назваць 14 траўня 2026 года падчас эканамічнага форуму «Млын поспеху».

Фотаздымак: СЭЗ “Магілёў”

Работнікі “Магілёўхімвалакна” і іншыя пазбавяцца ільгот ад 1 ліпеня

Занятыя на шкоднай вытворчасці работнікі ААТ “Магілёўхімвалакно” страчваюць ільготы, якія раней мелі паводле заканадаўства.

У Беларусі абнавілі спісы прафесій і пасад, якія даюць права на датэрміновую пенсію за працу ў шкодных і цяжкіх умовах працы. Гэта датычыцца каля 840 прафесій, якія пазбавяцца статуса “шкодных умоў працы”. Адпаведную пастанову падпісаў напачатку красавіка 2026 года прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Абноўлены спіс пачне дзейнічаць ад 1 ліпеня 2026 года.

Паводле палітыка Валерыя Цапкалы, змены закрануць перш за ўсё работнікаў найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў Беларусі.

“Пазбавяцца льгот у першую чаргу хімічная, нафтахімічная і горназдабыўная галіны: Гродна Азот, Хімвалакно, Магілёўхімвалакно, Светлагорск Хімвалакно, Нафтан, Палімір, Мазырскі НПЗ, Беларуськалій, Белшына, Лакафарба (Ліда), Беларуснафта, Беларускі газаперапрацоўчы завод і іншыя прадпрыемствы канцэрна Белнафтахім”, – напісаў Цапкала ў сваім тэлеграм-канале. 

Ён сцвярджаые, што ў выніку рэалізацыі пастановы ўдар будзе нанесены і па іншых сферах: Беларускі металургічны завод, ліцейных і зварачных вытворчасцях машынабудаўнічых прадпрыемстваў, энергетычным сектары, уключаючы Беларуская атамная электрастанцыя і цеплавыя электрастанцыі, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, газаперапрацоўцы, чыгуначнай інфраструктуры і цяжкай прамысловай вытворчасці. Не застануцца ў баку і прадпрыемствы фармацэўтычнай галіны, такія як Барысаўскі і Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў і іншыя.

“Асобнае пытанне – медыцына. Пад перагляд трапяць спецыялісты, якія працуюць з радыяцыяй, хімічнымі рэчывамі і цяжкімі біялагічнымі рызыкамі: урачы-рэнтгенолагі, радыёлагі, супрацоўнікі аддзяленняў прамянёвай тэрапіі, лабараторый, патолагаанатамічных службаў, інфекцыйных аддзяленняў, а таксама персанал, які працуе з крыніцамі іанізуючага выпраменьвання”, – указавае Валерый Цапкала.

Апаўіцыйны палітык, які цяпер знаходзіцца ў эміграцыі, робіць выснову, што фактычна дзяржава абвясціла менш небяспечнай тую працу, якая бяспечней не стала.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

Мастацтвазнаўцы з “Магілёўхімвалакна” выявілі “самую вядомую карціну ў свеце”

“Магілёўхімвалакно” цяпер можа лічыцца галоўным цэнтрам планеты па вывучэнні мастацтва.

Сусветная мастацкая супольнасць можа ўздыхнуць з палёгкай: шматвекавыя спрэчкі скончаны. І, што асабліва сімвалічна, канчатковую кропку паставілі ў Магілёве, а менавіта – у сценах ААТ “Магілёўхімвалакно”. 

Менавіта там, абапіраючыся на фундаментальныя метады тэкставага апісання, эмацыйнай перакананасці і поўнай абыякавасці да паняцця “сусветная вядомасць”, было ўстаноўлена: самая вядомая карціна ў свеце – гэта не нейкія банальныя “Мона Ліза”, “Крык” ці “Таемная вячэра”, а палатно, якое патрабуе каля дзесяці абзацаў тлумачэнняў, каб чытач зразумеў, пра што ідзе гаворка. Гэта – “Вершніца” Карла Брулова, напісаная ім у 1832 годзе.

Асабліва ўражвае навуковая дакладнасць высноў. Замест сумніўных крытэрыяў накшталт глабальнай пазнавальнасці, колькасці рэпрадукцый або прысутнасці ў масавай культуры, даследчыкі з “Магілёўхімвалакна” ў сваім тэлеграм-канале пры дапамозе, магчыма для кагосьці таксама самай вядомай, Юліі Шчудло зрабілі стаўку на значна больш надзейныя паказчыкі. А менавіта: 

  • падрабязнае апісанне сабакі; 
  • удакладненне, хто менавіта не намаляваны; 
  • канчатковы аргумент, які не падлягае абскарджванню: “па меркаванні многіх спецыялістаў”.

Асобны прарыў у тэорыі мастацтва – гэта сцвярджэнне, што цэнтральным героем самай вядомай карціны свету з’яўляецца конь, а не вершніца, як маглі памылкова падумаць гледачы, зважаючы на назву карціны.

Такім чынам, “Магілёўхімвалакно” ўпэўнена выходзіць на лідарскія пазіцыі ў галіне мастацтвазнаўства, дэманструючы смелы, інавацыйны падыход: калі карціна малавядомая свету, то гэта папросту свет не прачытаў да канца тлумачальны тэкст ад Юліі Шчудло.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Як спрацавала Магілёўшчына за 9 месяцаў – Кірпічонак прапанавала зайсці з тылу

У Магілёўскім аблвыканкаме падвялі вынікі за 9 месяцаў 2025 года і прапанавалі захапіць азіяцкія рынкі, як Аляксандр Македонскі.

У гэтым годзе на падвядзенні вынікаў развіцця Магілёўскай вобласці чыноўнікі сталі асцярожней у выказваннях.

Відавочна, улічылі вопыт мінулага года, калі “губернатар” Анатоль Ісачанка, вазьмі, ды і назаві колькасць стратных арганізацый вобласці, якая “скарацілася”. Адразу ўзнік шэраг удакладняючых пытанняў, на якія ўладам не было чаго адказаць.

Цяпер фармулёўкі сталі больш абцякальныя.

Галоўны эканаміст вобласці Алена Пруднікава-Кірпічонак толькі адзначыла, што “не дапрацавалі прамысловыя флагманы рэгіёна: ААТ “Магілёўхімвалакно” і ААТ “Белшына”.

Перашкодзіў, маўляў, груз мінулых памылак і агрэсіўная палітыка азіяцкіх вытворцаў, якія заходзяць на расійскі рынак, што традыцыйна лічыўся нашым.

Выхад Пруднікава-Кірпічонак убачыла ў тым, каб вобласць выходзіла на рынак усходне-азіяцкага кантынента.

То бок, пакуль вытворцы з Азіі пераключыліся на Расію, прапануецца ўдарыць з тылу і захапіць іх рынкі.

Нешта падобнае ўдалося прадзелаць Аляксандру Македонскаму ў бітве пры Гаўгамелах, а ўлічваючы тое, што ў вялікага заваёўніка не было за плячыма такой магутнай падтрымкі, як ААТ “Магілёўхімвалакно” і ААТ “Белшына”, шанцы на перамогу ў Магілёўскай вобласці не жартоўныя.

Фота: БелТА.

Новы гендырэктар “Магілёўхімвалакна” знайшоў прычыны праблем – санкцыі і Кітай

Знешнія фактары, перш за ўсё, вінаваты ў няпростай сітуацыі “Магілёўхімвалакна”, заявіў новы гендырэктар прадпрыемства Алег Курылін.

“”Магілёўхімвалакно” сёння знаходзіцца ў няпростай сітуацыі. Выклікана гэта ў першую чаргу знешнімі фактарамі, у тым ліку і санкцыйнай палітыкай у дачыненні да нашай краіны. Таксама свой уплыў аказваюць і змены на сусветным рынку ў частцы вытворчасці палімераў, у прыватнасці, бурнае развіццё гэтай галіны ў Кітаі” – заявіў Курылін на сустрэчы з маладымі спецыялістамі прадпрыемства, якая была прымеркавана да даволі дзіўнай даты – 57-годдзю з дня выпуска першай прадукцыі. Сустрэча называлася па-сучаснаму гучна: дыялогавая пляцоўка.

Варта адзначыць, што сам Алег Курылін на новай пасадзе ад 13 кастрычніка 2025 года. Ад жніўня быў там жа намеснікам гендырэктара. У сваім першым інтэрв’ю журналістам, ужо як гендырэктар, ён казаў пра “неабходнасць вывесці “Магілёўхімвалакно” на нармальны ўзровень працы, разабрацца са стратамі, павялічыць занятасць людзей на праектах, якія цяпер рэалізуюцца”.

У якасці прыкладу Курылін прывёў інвестпраект, які звязаны з дрэваапрацоўчай прамысловасцю. Гэта праект па вытворчасці хларату натрыю і перакісу вадароду. “Цяпер праект праходзіць экспертызу, і да 2028-га неабходная яго рэалізацыя. – распавёў новы кіраўнік прадпрыемства – Кантракт ужо падпісаны, контрагент – кітайскі бок”.

Як бачым, калі Курыліна прызначалі на пасаду, ён чамусьці нічога не казаў пра санкцыі і бурнае развіццё кітайскай вытворчасці палімераў. І кітайцы тады былі абсалютна дарэчы, хоць цяпер, як аказалася, ад іх палімернага развіцця, паводле Курыліна, церпіць “Магілёўхімвалакно”.

Па сцвярджэнні старшыні канцэрна “Белнафтахім” Іллі Ікана, Курылін мае шматбаковы досвед, уключаючы вывад прадпрыемстваў з крызіснага стану. Цікава, ці ўдасца яму вывесці з крызіснага стану “Магілёўхімвалакно”, улічваючы, што на галоўныя прычыны праблем – санкцыі і бурнае развіццё кітайскай вытворчасці палімераў, Курылін разам з маладымі спецыялістамі ніяк паўплываць не можа.

Скрыншот: ТГ “Магілёўхімвалакно”.

На “Магілёўхімвалакно” з надзеяй на лепшае змянілі генеральнага дырэктара

Найбуйнейшым абласным прамысловым прадпрыемствам цяпер кіруе не Пётр Руднік, а Уладзімір Маркаў.

Руднік ачольваў аб’яднанне амаль 6 гадоў. Прадпрыемства працавала, і гэта ўжо добра ў цяперашніх умовах. Але многія адзначаюць, што зорны час Рудніка прыйшоўся на гады кіравання  “Магілёўліфтмашам”. Тады прадпрыемства ён, як казалі, “падняў”, і яно стала адным з прамысловых лідараў краіны. 

З 2008 па 2014 год Пётр Руднік быў старшынёй Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. Тут ён працаваў ужо не так паспяхова. На “Магілёўхімвалакно” яго накіравалі з задачай “рэалізацыі новых інвестыцыйных праектаў на самым высокім тэхналагічным узроўні з мінімальнымі расходамі і прыцягненнем замежных фундатараў”. Але прарыву не адбылося, хаця і абвалу не было.  

Крэсла генеральнага дырэктара “Магілёўхімвалакно” цяпер заняў Уладзімір Маркаў, якому споўнілася 47 гадоў. Да гэтага ён працаваў дырэктарам ААТ “Завод горнага воску”. Праблемы і само прадпрыества ён ведае, бо раней Маркаў быў дырэктарам завода поліэфірных нітак, намеснікам генеральнага дырэктара Хімвалакно па эканоміцы, фінансах і кіраванні. Усяго на прадпрыемствах хімічнай прамысловасці ён працуе больш за 20 гадоў.