“Магілёўхімвалакно” цяпер можа лічыцца галоўным цэнтрам планеты па вывучэнні мастацтва.
Сусветная мастацкая супольнасць можа ўздыхнуць з палёгкай: шматвекавыя спрэчкі скончаны. І, што асабліва сімвалічна, канчатковую кропку паставілі ў Магілёве, а менавіта – у сценах ААТ “Магілёўхімвалакно”.
Менавіта там, абапіраючыся на фундаментальныя метады тэкставага апісання, эмацыйнай перакананасці і поўнай абыякавасці да паняцця “сусветная вядомасць”, было ўстаноўлена: самая вядомая карціна ў свеце – гэта не нейкія банальныя “Мона Ліза”, “Крык” ці “Таемная вячэра”, а палатно, якое патрабуе каля дзесяці абзацаў тлумачэнняў, каб чытач зразумеў, пра што ідзе гаворка. Гэта – “Вершніца” Карла Брулова, напісаная ім у 1832 годзе.
Асабліва ўражвае навуковая дакладнасць высноў. Замест сумніўных крытэрыяў накшталт глабальнай пазнавальнасці, колькасці рэпрадукцый або прысутнасці ў масавай культуры, даследчыкі з “Магілёўхімвалакна” ў сваім тэлеграм-канале пры дапамозе, магчыма для кагосьці таксама самай вядомай, Юліі Шчудло зрабілі стаўку на значна больш надзейныя паказчыкі. А менавіта:
- падрабязнае апісанне сабакі;
- удакладненне, хто менавіта не намаляваны;
- канчатковы аргумент, які не падлягае абскарджванню: “па меркаванні многіх спецыялістаў”.
Асобны прарыў у тэорыі мастацтва – гэта сцвярджэнне, што цэнтральным героем самай вядомай карціны свету з’яўляецца конь, а не вершніца, як маглі памылкова падумаць гледачы, зважаючы на назву карціны.
Такім чынам, “Магілёўхімвалакно” ўпэўнена выходзіць на лідарскія пазіцыі ў галіне мастацтвазнаўства, дэманструючы смелы, інавацыйны падыход: калі карціна малавядомая свету, то гэта папросту свет не прачытаў да канца тлумачальны тэкст ад Юліі Шчудло.
Фотаздымак з адкрытых крыніц