Тры прадпрыемствы з Магілёўшчыны трапілі пад украінскія санкцыі

Магілёўскае прадпрыемства “Ольса”, бабруйскае ТАА “Нафтахімдыягностыка” і “ПК-9”, што ў Горацкім раёне, з’явіліся ў спісе санкцый, падпісаным прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Паводле паведамлення на афіцыйным сайце ўкраінскага прэзідэнта, “Ольса” мае дачыненне да вырабу артылерыйскіх снарадаў калібраў 122 мм і 152 мм, якія  Расія выкарыстоўвае супраць Украіны. 

Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства “ПК-9”, якое дзейнічае пры горацкай калоніі №9, вырабляе упакоўку для снарадаў. А “Нафтахімдыягностыка” займаецца выпрабаваннем боепрыпасаў.

Усяго ў даны санкцыйны пакет увайшлі 11 беларускіх юрыдычных асоб і 16 грамадзян Беларусі.

Сярод фізічных асоб – сыны беларускага дыктатара Віктар і Дзмітрый, яго блізкі паплечнік Віктар Шэйман. Усе яны, сярод іншага, задзейнічаны ў схемах па абыходзе міжнародных эканамічных санкцый.

Фотаздымак: president.gov.ua

Бабруйская «Белшына» зноў пад еўрапейскімі санкцыямі

Еўразвяз працягнуў санкцыі супраць Беларусі – у спісе падсанкцыйных прадпрыемстваў у другі раз апынулася бабруйская «Белшына».

Рада Еўрапейскага звязу працягнула дзеянне санкцый супраць Беларусі яшчэ на адзін год — да 28 лютага 2027 года. У афіцыйным часопісе ЕЗ адзначаецца, што абмежаванні застаюцца ў сіле ў сувязі з рэпрэсіямі ўнутры краіны і ўцягваннем Беларусі ў расійскую агрэсію супраць Украіны.

Сярод прадпрыемстваў, якія зноў трапілі пад санкцыі, — бабруйская «Белшына». Гэта ўжо другі раз, калі завод уключаюць у санкцыйны спіс. Упершыню прадпрыемства знаходзілася пад абмежаваннямі з снежня 2021 года да сакавіка 2024-га. Тады «Белшына» стала адной з нешматлікіх беларускіх кампаній, якім удалося дамагчыся адмены санкцый праз суд. Суд палічыў недастаткова абгрунтаванымі сцвярджэнні пра фінансаванне рэжыму Лукашэнкі і падтрымку вайны супраць Украіны.

Аднак, паводле расследавання Беларускага расследавальніцкага цэнтру, прадпрыемства пастаўляла прадукцыю на расійскі рынак, дзе яна магла выкарыстоўвацца для патрэб арміі.

Цяпер у абгрунтаванні паўторнага ўключэння «Белшыны» ў санкцыйны пералік указваюцца падобныя прычыны. Прадпрыемства характарызуецца як буйны і прыбытковы вытворца шынаў, які прыносіць істотныя даходы дзяржаве, а таксама, паводле публікацыі «Зеркала», пастаўляе шыны расійскім вайскоўцам, задзейнічаным у баявых дзеяннях ва Украіне.

Акрамя знешнепалітычнага кантэксту, узгадваюцца і ўнутраныя фактары. Пасля электаральнай кампаніі 2020 года супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, на прадпрыемстве звальнялі або прымушалі да звальнення. Паводле праваабаронцаў, на заводзе таксама выкарыстоўвалася праца палітвязняў на небяспечных участках. Кампанія атрымлівае дзяржаўную падтрымку, у тым ліку падатковыя ільготы і доступ да дзяржаўных закупак без тэндарных працэдур, што, на думку еўрапейскага боку, сведчыць пра яе сувязь з уладамі.

Калаж Беларускага расследавальніцкага цэнтру

“Белшына”, “Ольса”, “Тэхналіт” – з’явіўся спіс прадпрыемстваў Магілёўшчыны, якія дапамагаюць расійскай агрэсіі

Сем прадпрыемстваў з Магілёўскай вобласці, якія дапамагаюць расійскай ваеннай машыне знішчаць украінцаў, сталі вядомыя пасля расследавання, праведзенага арганізацыяй Belpol.

Ініцыятыва былых сілавікоў Belpol упершыню сістэматызавала інфармацыю пра тое, якія беларускія прадпрыемствы дапамагаюць расейскай агрэсіі супраць Украіны і якія канкрэтна выконваюць заказы расейскага ваенпрама.

Матэрыял адкрыў першую частку пераліку беларускіх кампаній, якія прама ці ўскосна спрыяюць прадаўжэнню расійска-ўкраінскай вайны.

З апублікаванай табліцы “Магілёў.Media” абраў прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Гэта толькі першая частка спісу – у ім няма некаторых кампаній, аб удзеле якіх у выкананні расійскіх заказаў было вядома раней. Спіс будзе дапоўняцца.

  1. ТАА “Дазатар-Плюс» (Магілёў). Вытворчасць дэталяў прыцэла Сасна-У для расійскіх танкаў Т-72Б3 і Т-80У.
  2. УПНВП “Тэхналіт” (Магілёў). Вытворчасць дэталяў для рамонта рухавікоў баявых машын. 
  3. ІК-9 (Горкі). Вытворчасць дэталяў прыцэла Сасна-У для расійскіх танкаў Т-72Б3 і Т-80У.
  4. ІК-2 (Бабруйск). Абмундзіраванне. Скрыні для артылерыйскіх снарадаў калібру 152 мм.
  5. ОАО «Беларусьразінатэхніка» (Бабруйск). Дэталі для капітальнага рамонта бронетранспарцёраў БТР-82А і БТР-82АМ.
  6. ААТ «Белшына» (Бабруйск). Аўтамабільныя шыны: 19 000 штук по вераснёўскімкантрактам 2022 года; 8 586 штук па кантракце ад 29 сакавіка 2023 года; 21 600 штук па кантракце ад 22 чэрвеня 2023 года.
  7. ААТ «Ольса». Пастаўка камплектуючых для рэактыўных снарадаў калібру 122 мм.

“Гэтай публікацыяй мы адкрываем першую частку пераліку беларускіх кампаній, якія прама ці ўскосна спрыяюць прадаўжэнню расейскай агрэсіі супраць Украіны. У спіс уключаны прадпрыемствы і структуры, па якіх завершаны збор доказаў. Уся сабраная інфармацыя ўжо перададзена партнёрам у Еўрапейскім Звязе, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і Украіне – для ініцыявання санкцыйных працэдур і прыняцця абмежавальных мер”, – адзначаюць аўтары расследавання.

Яны падкрэсліваюць, што зняцце санкцый з кампаній і банкаў, якія падтрымліваюць пастаўкі ўзбраенняў у Расею, фактычна азначае садзейнічанне агрэсару. “Гэта не нейтральнае эканамічнае рашэнне, а прамы ўклад у працяг вайны і новых ахвяр”, – падагульняюць у Belpol.

Выява: belpol.pro

Новы гендырэктар “Магілёўхімвалакна” знайшоў прычыны праблем – санкцыі і Кітай

Знешнія фактары, перш за ўсё, вінаваты ў няпростай сітуацыі “Магілёўхімвалакна”, заявіў новы гендырэктар прадпрыемства Алег Курылін.

“”Магілёўхімвалакно” сёння знаходзіцца ў няпростай сітуацыі. Выклікана гэта ў першую чаргу знешнімі фактарамі, у тым ліку і санкцыйнай палітыкай у дачыненні да нашай краіны. Таксама свой уплыў аказваюць і змены на сусветным рынку ў частцы вытворчасці палімераў, у прыватнасці, бурнае развіццё гэтай галіны ў Кітаі” – заявіў Курылін на сустрэчы з маладымі спецыялістамі прадпрыемства, якая была прымеркавана да даволі дзіўнай даты – 57-годдзю з дня выпуска першай прадукцыі. Сустрэча называлася па-сучаснаму гучна: дыялогавая пляцоўка.

Варта адзначыць, што сам Алег Курылін на новай пасадзе ад 13 кастрычніка 2025 года. Ад жніўня быў там жа намеснікам гендырэктара. У сваім першым інтэрв’ю журналістам, ужо як гендырэктар, ён казаў пра “неабходнасць вывесці “Магілёўхімвалакно” на нармальны ўзровень працы, разабрацца са стратамі, павялічыць занятасць людзей на праектах, якія цяпер рэалізуюцца”.

У якасці прыкладу Курылін прывёў інвестпраект, які звязаны з дрэваапрацоўчай прамысловасцю. Гэта праект па вытворчасці хларату натрыю і перакісу вадароду. “Цяпер праект праходзіць экспертызу, і да 2028-га неабходная яго рэалізацыя. – распавёў новы кіраўнік прадпрыемства – Кантракт ужо падпісаны, контрагент – кітайскі бок”.

Як бачым, калі Курыліна прызначалі на пасаду, ён чамусьці нічога не казаў пра санкцыі і бурнае развіццё кітайскай вытворчасці палімераў. І кітайцы тады былі абсалютна дарэчы, хоць цяпер, як аказалася, ад іх палімернага развіцця, паводле Курыліна, церпіць “Магілёўхімвалакно”.

Па сцвярджэнні старшыні канцэрна “Белнафтахім” Іллі Ікана, Курылін мае шматбаковы досвед, уключаючы вывад прадпрыемстваў з крызіснага стану. Цікава, ці ўдасца яму вывесці з крызіснага стану “Магілёўхімвалакно”, улічваючы, што на галоўныя прычыны праблем – санкцыі і бурнае развіццё кітайскай вытворчасці палімераў, Курылін разам з маладымі спецыялістамі ніяк паўплываць не можа.

Скрыншот: ТГ “Магілёўхімвалакно”.

Еўропа зачыняе дзверы — Масква адкрывае клетку

Еўрапейскі Саюз падышоў да чарговай хвалі санкцыяў з педантычнасцю бухгалтара, што штогод складае той самы баланс, не заўважаючы, што яго офіс ужо год як бамбардуецца. Але калі справа тычыцца Беларусі, то гэта не пра простую фінансавую аналітыку. Гаворка — пра стратэгію на выжыванне. І тут механічнае ўзмацненне санкцыяў не ратуе, а пагаршае.

Я памятаю, як у 2022-м, калі спадарожнікавыя здымкі ўпершыню зафіксавалі калоны расійскай тэхнікі, што цягнулася да мяжы з Украінай праз беларускую тэрыторыю, мой сябра з Літвы напісаў: «Цяпер вы — частка іх». І хоць я ведаю, што ён не хацеў мяне пакрыўдзіць, у гэтым было тое, што адчуваеш кожны раз, калі глядзіш, як Захад закрывае дзверы для беларускай грамадзянскай прысутнасці, не адрозніваючы беларусаў ад рэжыму. Падаецца, што разумець складана: мы не «частка іх», мы — закладнікі.

Беларусь, з усімі яе 207 тысячамі квадратных кіламетраў і дзевяццю мільёнамі насельніцтва, паступова запячатваецца ў бляшанку расійскага геапалітычнага кансервавання. Еўропейскія санкцыі накладаюцца пакет за пакетам — і вось ужо 18-ы, дзе забараняюцца ўсе аперацыі з беларускімі банкамі, транзіт тавараў і нават імпарт узбраення з Беларусі. Паводле папераў — рашуча і мэтанакіравана. Паводле рэальнасці — халодны душ для тых, хто ўсё яшчэ спрабуе захаваць сувязі з цывілізаваным светам.

Праблема не ў тым, што санкцыі — неэфектыўныя. Яны эфектыўныя. Але не супраць таго, супраць каго варта было б. Беларуская ўлада, адрэзаная ад Захаду, толькі мацней абапіраецца на Крэмль. Фінансавая ізаляцыя не паралізуе рэжым — яна паралізуе тых, хто мог бы яму супрацьстаяць. Бізнес, адукацыя, НДА, медыя — усе тыя, хто і без таго жывуць у рэжыме амаль андэграўнда, апынаюцца пад эканамічным дамоклавым мячом.

У той жа час, Захад амаль капітуляваў перад думкай, што Беларусь — ужо тэрыторыя Масквы. Стратэгічны рэсурс, які прасцей «спісаць», чым змагацца за яго. Адсутнасць інфармацыйнай палітыкі, уплыву на грамадства, кантактаў з вайскова-палітычнымі элітамі, — усё гэта замяняецца механічнымі санкцыямі. У выніку Беларусь пераўтвараецца з праблемы, якую варта вырашаць, у канстатацыю факта, якую можна абыходзіць позіркам.

Пры гэтым, у Еўрасаюзе працягваюць карыстацца тым жа інструментам, які не спрацаваў у папярэдніх 17 выпадках: усё большы фінансавы ціск. Замарожванне актываў, забарона транзакцыяў, абмежаванні на тэхналогіі і тавары. А паралельна — амаль поўная адсутнасць па-сапраўднаму гнуткай палітыкі ў дачыненні да беларускай апазіцыі, якой прапануюць не інстытуцыйныя механізмы падтрымкі, а культурніцкія гранты. Гэта не палітыка, гэта дабрачыннасць для чысткі сумлення.

І калі насамрэч адбываецца падрыхтоўка да «наступнага кроку Расіі» — накіраванага на краіны Балтыі, то лагічна, што трэба аслабляць унутраны тыл агрэсара. А Беларусь — гэта не проста транзітная зона, гэта — чалавечы, інфраструктурны, палітычны рэсурс. І як бы дзіўна гэта ні гучала: нават Лукашэнка можа быць выкарыстаны як няўстойлівы элемент у гэтай гульні. Пакуль Захад прэтэнзійна адмярае санкцыйныя штодзённікі, Масква інстытуцыяналізуе сваю прысутнасць у Беларусі — праз вайсковыя дамовы, фінансавыя ін’екцыі і зброю.

Мне цяжка назіраць, як краіна, дзе я нарадзіўся, зачыняецца як на зімоўку, толькі не ад клімату, а ад усёй Еўропы. І калі я чую, як у чарговы раз гавораць пра «жорсткія меры», я разумею: для мяне гэта чарговая «жорсткая мера» супраць права дыхаць, размаўляць і нават проста заставацца тут.

Можа, варта спытаць сябе: што больш набліжае Беларусь да дэмакратыі — санкцыі ці дыялог? Адказ не заўсёды відавочны. Але калі ў гульні дзесяць мільёнаў лёсаў — напэўна, лепей не задавольвацца адказамі, якія проста выглядаюць правільна.

Якуб Ясінскі