Крадуць

П’юць і крадуць – мсціслаўскі РАУС адсправаздачыўся пра сітуацыю ў АПК

Мсціслаўскі РАУС адсправаздачыўся пра праверку сельскагаспадарчых арганізацый раёна. Старшы інспектар па дазвольнай рабоце аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Валерый Шмеераў прыйшоў да высновы, што «работнікі сельскай гаспадаркі з года ў год становяцца больш свядомымі. Радзей трапляюцца ў нецвярозым стане. Радзей здзяйсняюць крадзяжы».

Заява гучная. Толькі ў самім матэрыяле яна не падмацаваная ніводнай лічбай. Больш за тое, у гэтым жа тэксце і ў папярэдніх зводках Мсціслаўскага РАУС ёсць прамыя абвяржэнні слоў Шмеерава.

Роўна за адзін радок да пераможнай фармулёўкі ён кажа: «найбольш распаўсюджанымі парушэннямі па-ранейшаму застаюцца крадзяжы паліва і запасных частак». Адразу пасля гэтага – «радзей здзяйсняюць крадзяжы».

Дык што ж адбываецца насамрэч? Крадзяжы «па-ранейшаму распаўсюджаныя» ці яны ўжо не самыя распаўсюджаныя?

Адказ – у зводцы таго ж РАУС. На старонцы «Здарэнні» партала mstislavl.ru рэгулярна з’яўляюцца прэс-рэлізы, у якіх паведамляецца, што:

  • работнікі аграпрамысловага комплексу Мсціслаўскага раёна працягваюць абкрадаць свае гаспадаркі;
  • апошнім часам пачасціліся выпадкі крадзяжу паліва;
  • з пачатку ўборачнай і нарыхтоўчай кампаній супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі 11 асоб, якія ўчынілі крадзеж дзяржаўнай маёмасці.

Гэта значыць, калі трэба паказаць актыўнасць па выяўленні правапарушэнняў, мсціслаўскія міліцыянеры ахвотна дзеляцца лічбамі. Калі трэба пацвердзіць паляпшэнне сітуацыі – таксама ахвотна пацвярджаюць, але лічбаў ужо не прыводзяць.

Затое тэлеграм-канал УУС Магілёўскага аблвыканкама на выніковых нарадах 2026 года вылучае «барацьбу з эканамічнымі злачынствамі, у тым ліку ў сферы АПК» як адзін з прыярытэтных напрамкаў.

На жаль, прыярытэтным напрамкам у міліцыі звычайна не называюць тое, дзе ўжо ўсё добра.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва