Падзёж у Магілёўскай вобласці: клімавіцкая справа як звяно вялікай праблемы

Пракуратура Клімавіцкага раёна спагнала з работнікаў трох гаспадарак больш за 7 тысяч рублёў за падзеж 13 галоў БРЖ. Агульная шкода – звыш 13 тысяч рублёў, астатнюю частку наймальнікам давядзецца ўтрымаць з чэрвеньскіх заробкаў.

І гэта, на жаль, не надзвычайнае здарэнне, а звычайная справа.

Паводле вынікаў 2025 года Магілёўшчына адсправаздачылася пра зніжэнне падзяжу БРЖ на 19,4 працэнта да ўзроўню 2024-га. Дынаміка станоўчая, але ў той жа зводцы пракуратура вобласці прызнае: у пяці раёнах падзеж за мінулы год не знізіўся, а вырас. Клімавічы сістэмна ўваходзяць у лік тэрыторый, дзе сітуацыя патрабуе пастаяннага кантролю.

2026 год пачаўся для Магілёўшчыны з адкату. Паводле даных урада, толькі за студзень страты БРЖ па краіне перавысілі 19 тысяч галоў.

У гаспадаркі Магілёўскай вобласці накіравалі мабільныя групы з ветурачоў і заатэхнікаў – разбірацца з прычынамі на месцах.

Спагнанне 7 тысяч рублёў з работнікаў трох гаспадарак – вяршыня айсберга. Сістэмная карціна па вобласці – 19,4 працэнта паляпшэння ў сярэднім, рост падзяжу адразу ў пяці раёнах і студзеньскі правал.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Перыяд выпасу ў Мсціслаўскім раёне: свята, або спроба забыць пра праблемы?

На семінары ў Мсціславе гаварылі толькі пра пашавы перыяд, але маўчалі пра падзеж жывёлы і ўтойванне гэтага факта.

У Мсціслаўскім раёне прайшоў семінар-нарада па пераводзе БРЖ на пашавае ўтрыманне. Выехалі ў поле, паслухалі даклады, паабяцалі строга выконваць патрабаванні. Прыгожая карцінка. Толькі за ёй – гісторыя, якую раённая газета аддае перавагу не ўспамінаць.

Мсціслаўскі раён – антылідар Магілёўскай вобласці па падзежы жывёлы. Мінус 19,9 працэнта пагалоўя БРЖ – найгоршы паказчык у рэгіёне. Клімавіцкі і Дрыбінскі раёны з іх мінус адзінаццаццю выглядаюць на гэтым фоне амаль квітнеючымі.

Прычыны – не стыхійнае бедства. У верасні 2024 года высветлілася, што ў адной з гаспадарак раёна падзеж хавалі.

Па патрабаванні пракуратуры да матэрыяльнай адказнасці прыцягнуты 25 работнікаў АПК на агульную суму 13 602 рублі, 9 службовых асоб – да дысцыплінарнай адказнасці, 4 – да адміністрацыйнай.

Лячыць жывёлу пры гэтым няма каму. У ААТ «Знамя труда» Мсціслаўскага раёна па люты 2026 года вакантныя ўсе ветэрынарныя пасады – заатэхнік-селекцыянер не з’яўляўся больш за пяць гадоў, два ветфельчары – каля трох. Хто лечыць жывёл у гаспадарцы – пытанне адкрытае.

На семінары-нарадзе пра гэта не гаварылі. Гаварылі пра надоі, прывагі і перасоўныя даільныя ўстаноўкі. Вытворчасць малака за першы квартал – 110,5 працэнта да мінулага года. Добры паказчык. Толькі незразумела, як ён спалучаецца з найгоршым у вобласці падзежам і вакантнымі ветэрынарнымі пасадамі ўжо пяць гадоў запар.

Пашавы перыяд – час вялікага малака, сказаў старшыня райвыканкама. Магчыма. Але спачатку нядрэнна было б разабрацца, чаму жывёла ў раёне гіне хутчэй, чым дзе-небудзь у Магілёўскай вобласці, і хто за гэта адказаў па-сапраўднаму.

Фота раённай газеты.