казино

У Хоцімскім раёне з-за азартых гульняў маці галадалі яе дзеці

Суд забараніў жыхарцы Хоцімскага раёна тры гады гуляць у анлайн-казіно, дзе яна прайгравала дзіцячыя грошы.

23-гадовая жанчына жыве разам з мужам і двума малалетнімі дзецьмі. На працягу апошніх двух гадоў яна пастаянна рабіла стаўкі ў віртуальных казіно. Для ўдзелу ў гульнях у яе было сем гульнявых акаўнтаў.

На азартныя гульні маладая маці траціла не толькі ўласныя сродкі, але і дзіцячую дапамогу. Акрамя таго, яна рэгулярна пазычала грошы ў сваякоў. У выніку ў сям’і ўзніклі даўгі, у тым ліку па аплаце жыллёва-камунальных паслуг.

У красавіку 2026 года двое дзяцей жанчыны былі прызнаныя як тыя, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы з-за незабеспячэння іх асноўных жыццёвых патрэбаў, адсутнасці дастатковага харчавання і неналежнага выкарыстання дзіцячай дапамогі.

У інтарэсах дзяцей і мужа жанчыны пракурор Хоцімскага раёна звярнуўся ў суд з патрабаваннем абмежаваць яе ўдзел у азартных гульнях. Пасяджэнне суда Хоцімскага раёна, пэўна, у мэтах прафілактыкі, праходзіла ў прысутнасці навучэнцаў мясцовага каледжу. Прысуд – поўная забарона жанчыне гуляць у азартныя гульні на максімальна вызначаныя законадаўствам тры гады.

Пакуль рашэнне суда можа быць абскарджана.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва