У Чэрыкаўскім раёне адмянілі незаконныя дзяржаўныя закупкі на 430 тысяч рублёў

Пракуратура Чэрыкаўскага раёна выявіла парушэнні пры правядзенні дзяржаўных закупак у адной з устаноў.

Пасля ўмяшання пракуратуры ў Чэрыкаўскім раёне незаконныя працэдуры на 430 тысяч рублёў адмянілі, а ў адну з закупак унеслі змены.

  • Падчас маніторынгу адной з устаноў чэрыкаўскія пракуроры ўстанавілі, што:
    адказны работнік няправільна выбраў працэдуру закупкі;
  • у двух выпадках замест электронных аўкцыёнаў кантрагентаў выбіралі праз запыт цэнавых прапаноў;
  • у конкурснай дакументацыі не былі пазначаны дадатковыя патрабаванні да ўдзельнікаў;
  • з-за гэтага да закупак маглі дапусціць пастаўшчыкоў, якія не адпавядаюць заканадаўству;
  • у дакументах не прапісалі парадак фарміравання цаны прапановы;
    не пазначылі валюту, у якой павінна быць выражана цана;
  • не былі адлюстраваны звесткі пра валюту і, пры неабходнасці, абменны курс для ацэнкі і параўнання прапаноў.

Па выніках праверкі пракурор Чэрыкаўскага раёна вынес кіраўніку ўстановы два прадпісанні. Яны выкананы ў поўным аб’ёме.

Акрамя таго, у дачыненні да работніка, які дапусціў парушэнні пры дзяржаўных закупках, распачаты адміністрацыйны працэс.

А цяпер падумаем пра тое, што гэта за «адказны» работнік, якому прадпрыемства даверыла расходаваць бюджэт? Сем парушэнняў працэсу закупкі наводзяць на думку пра тое, што гаворка ідзе або пра поўнага разгільдзяя, або пра персанажа з цалкам злачыннымі намерамі.

Фота з адкрытых крыніц.

У Магілёве бухгалтар-іграманка прайграла 268 тысяч рублёў прадпрыемства

У суд накіравана справа бухгалтара, якая пералічыла ў сваю кішэню звыш 268 тысяч рублёў прадпрыемства, каб гуляць у азартныя гульні.

Як высветлілі ў пракуратуры, 42-гадовая магіляўчанка са студзеня 2023 года па снежань 2025 года без усялякіх падстаў пералічвала на свой разліковы рахунак сродкі таварыства з абмежаванай адказнасцю, у якім працавала. З выкарыстаннем ключа электроннага лічбавага подпісу яна стварала плацежныя даручэнні, на падставе якіх ажыццяўляла неабгрунтаванае налічэнне сабе заработнай платы, матэрыяльнай дапамогі, адпускных і іншых выплат. 

Усё такім чынам налічанае жанчына траціла на гульні ў анлайн-казіно, бо, як аказалася, цярпела на гульнявую залежнасць.

Пасля таго, як нячыстую на руку бухгалтара злавілі і пачалі следства, яна часткова кампенсавала ўрон арганізацыі, аддаўшы каля 83 тыс. рублёў.

Цяпер жанчына знаходзіцца пад вартай у чаканні суда па артыкуле аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам у асабліва буйным памеры.

Фотаздымак: pixabay.com

Магілёўская пракуратура пахвалілася барацьбой са свабодай слова

Больш за 130 інтэрнэт-рэсурсаў, якія не падабаюцца цяперашнім уладам у Беларусі, магілёўскія пракуроры абвесцілі экстрэмісцкімі за першы квартал 2026 года.

Паводле абласной пракуратуры, барацьбой са вабодай слова яна займаецца на сістэмнай аснове. Гэта значыць, маніторыць кантэнт паведамленняў, пастоў, відэафайлаў і іншага. Калі нешта не падабаецца, а часцей за ўсё гэта крытыка цяперашніх парадкаў у дыктатарскай Беларусі, то пракуроры абвяшчаюць гэта экстрэмісцкімі матэрыяламі, накіраванымі на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне, а таксама папулярызацыю пратэстнай актыўнасці. Потым суды ўключаюць гэтыя матэрыялы ў рэспубліканскі спіс так званых “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Таксама за першы квартал 2026 года магілёўская пракуратура абмежавала доступ да пяці інтэрнэт-рэсурсаў, “на якіх размяшчаліся забароненыя да распаўсюджання звесткі”.

Праўда, колькі сэнсу ў такой руплівай працы магілёўскіх пракурораў – не паведамляецца. Так, сама пракуратура сведчыць, што на рэсурсах “Флагшток” і “Глаўк” утрымліваліся матэрыялы, “якія раней былі прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэннях судоў”. То бок прызнаныя “экстрэмісцкімі” матэрыялы ўсё адно публікуюцца, не зважаючы на “грозныя” пракурорскія словы. Як кажуць, сабака брэша, а караван ідзе.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

На магілёўскай чыгунцы знайшлі парушэнні ў абыходжанні з інвентаром

Пракуратура Магілёўскай вобласці запатрабавала забяспечыць захаванасць інвентара строгага ўліку і бяспеку руху на аб’ектах чыгуначнай інфраструктуры.

Сярод момантаў, якія найцбольш не спадабаліся пракурорам, было выкарыстанне на асобных прадпрыемствах чыгункі няспраўных тармазных башмакоў: частка з іх мела пашкоджаныя палазы. Акрамя таго, маркіроўка і інвентарныя нумары на абсталяванні часам не адпавядалі ўстаноўленым патрабаванням.

Праблемы выявіліся і ў кантролі: адказныя супрацоўнікі трох прадпрыемстваў фактычна не адсочвалі месцазнаходжанне башмакоў. У выніку інвентар знаходзіўся проста на пуцях, без належнага нагляду.

У адной з арганізацый сітуацыя аказалася яшчэ больш сур’ёзнай: металічная скрыня, прызначаная для захоўвання башмакоў, была адкрытая і не замыкалася. Гэта стварала рэальную рызыку крадзяжу і выкарыстання інвентара не па прызначэнні.

Праверка закранула і дакументацыю. Былі выяўлены недахопы ў вядзенні ўліку, а таксама выпадкі, калі адказныя работнікі не былі азнаёмлены з ведамаснымі інструкцыямі.

Асобны блок парушэнняў датычыўся бяспекі руху. Так, на адным з прадпрыемстваў у Бабруйску не была нанесена сігнальная разметка ў негабарытным месцы. На прадпрыемствах Магілёва і Бабруйска частка папераджальных знакаў і пуцявых упораў альбо не адпавядала патрабаванням, альбо адсутнічала зусім.

Па выніках праверкі першы намеснік пракурора Магілёўскай вобласці запатрабаваў ад кіраўніка галаўнога прадпрыемства энергетычнай сферы чыгункі прыняць меры для забеспячэння належнай захаванасці інвентара строгага ўліку і бяспекі руху.

У Круглянскім раёне незаконна выкапалі 11 тыс. м3 пяску

Пракуратура Круглянскага раёна выявіла сумарна 11 315,48 м3 незаконна здабытага пяску.

Незаконную распрацоўку нетраў пракуроры знайшлі на чатырох аб’ектах на Кругляншчыне. Так, у адной з сельскагаспадарчых арганізацый раёна пры здабычы пяску для ўнутрыгаспадарчых мэтаў было дапушчана перавышэнне глыбіні яго выпрацоўкі больш чым у два разы, што пацягнула незаконную здабычу пяску аб’ёмам 8 796,74 м3.

Цяпер Круглянская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя павінна разлічыць шкоду, якая была нанесена ў выніку самавольнай здабычы карысных выкапняў, каб потым даць ацэнку дзеянням адпаведных службовых асобаў.

Акрамя таго, пракурорская праверка выявіла факты няякаснага правядзення рэкультывацыі ўчасткаў нетраў і неналежнай планіроўкі іх паверхняў. Было і непрыняццё мер па ахове нетраў і зямель ад засмечвання. 

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Дзіцячыя горкі з вострымі краямі знайшла пракуратура ў Касцюковічах

Небяспечныя дзіцячыя пляцоўкі – горкі з вострымі краямі, паламаныя арэлі і лаўкі знайшліся на дзіцячых плацоўках Касцюковіцкага раёна.

Таксама ў Касцюковічах на некаторых дзіцячых пляцоўках замест бяспечных забаў раённая пракуратура пабачыла іржавыя канструкцыі, вострыя краі і небяспечныя дэталі.

Падчас праверкі высветлілася: частка гульнявога абсталявання знаходзіцца ў аварыйным стане. Дзеці там катаюцца з горак, пакрытых металічнымі лістамі з вострымі краямі, якія лёгка могуць парэзаць. Лесвіцы хістаюцца, іх элементы згнілі, а з дошак тырчаць цвікі.

Асобная праблема ў арэлей. Замест радасці яны могуць стаць крыніцай небяспекі: канструкцыі зношаныя і патрабуюць тэрміновага рамонту. У некаторых месцах абсталяванне нават нахіленае, што робіць яго выкарыстанне яшчэ больш рызыкоўным.

Небяспека хаваецца і побач: каля адной з пляцовак стаіць пашкоджаная лаўка, на якой немагчыма сядзець. Увогуле, стан многіх элементаў сведчыць пра тое, што за імі даўно не сачылі належным чынам.

Паводле правілаў, такія пляцоўкі павінны ўтрымлівацца ў бяспечным і спраўным стане. Аднак на практыцы гэта патрабаванне выконваецца не заўсёды.

Па выніках праверкі пракурор Касцюковіцкага раёна ўнёс прадстаўленне дырэктару Касцюковіцкага жылкамунгаса і запатрабаваў забяспечыць бяспеку дзяцей і арганізаваць рамонт няспраўнага гульнявога абсталявання.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Чатыры чалавекі ўпалі ў каналізацыйныя калодзежы на Магілёўшчыне, адзін загінуў

З пачатку мінулага года ў каналізацыйныя калодзежы ў Магілёўскай вобласці ўпалі чатыры чалавек. Адзін з іх загінуў.

Як паведамляе пракуратура, з пачатку 2025 года ў Магілёўскай вобласці зафіксавана чатыры выпадкі падзення людзей у каналізацыйныя калодзежы: 1 – са смяротным зыходам, 2 – з цялеснымі пашкоджаннямі, 1 – без шкоды здароўю.

Пракуратура выявіла больш за 80 парушэнняў у дзейнасці арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу ў пытанні бяспекі ачышчальных збудаванняў і аб’ектаў водаадвядзення. Найбольш характэрныя сярод іх адсутнасць крышак люкаў калодзежаў; абвал грунту паблізу гэтых збудаванняў і аб’ектаў; неабмежаваны доступ на іх і адсутнасць агародж пры рамонце водаправодных сетак.

Да прыкладу, у Магілёве паблізу ўстановы «SOS-Дзіцячая вёска Магілёў» адкрыты каналізацыйны калодзеж быў прыкрыты галінкамі, а побач з дашкольнай установай адукацыі па вул. 30 гадоў Перамогі функцыю крышкі выконваў перакулены стол.

Пракуратура выпісаал 25 надзорных актаў, а ў Магілёўскі аблвыканкам накіравала

інфармацыйную запіску для арганізацыі належнага кантролю за бяспечнай эксплуатацыяй аб’ектаў водаадвядзення.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

У Магілёве фігурант карупцыйнай справы хацеў перапісаць маёмасць на жонку

Фігуранту праверкі па карупцыйным злачынстве не ўдалося перапісаць маёмасць на жонку праз заключэнне шлюбнага дагавора.

У Магілёве пракуратура праз суд дамаглася прызнання несапраўдным шлюбнага дагавора, які, паводле следства, быў заключаны з мэтай схаваць маёмасць ад дзяржавы. Гаворка ідзе пра справу, звязаную з магчымым карупцыйным злачынствам, у выніку якога дзяржаўнаму прадпрыемству была нанесена шкода больш як на 1 млн рублёў.

Паводле матэрыялаў справы, сямейная пара з Магілёва ведала пра праверку ў дачыненні да мужа і паспрабавала перааформіць сумесна нажытую маёмасць. Для гэтага яны заключылі шлюбны дагавор, згодна з якім кватэра, зямельны ўчастак з жылым домам і транспартны сродак павінны былі перайсці ва ўласнасць жонкі.

Пры гэтым суд устанавіў, што на момант заключэння дагавора муж і жонка працягвалі жыць разам, вялі агульную гаспадарку, мелі пастаянны даход і выхоўвалі сумесных дзяцей. Гэта стала адным з аргументаў на карысць таго, што здзелка была фармальнай і накіраванай на ўхіленне ад магчымых фінансавых абавязкаў.

Суд Ленінскага раёна Магілёва задаволіў пазоў пракурора: шлюбны дагавор прызнаны несапраўдным, а сама здзелка нікчэмнай. Адпаведна, маёмасць застаецца ў складзе сумеснай уласнасці і можа быць выкарыстана для пакрыцця магчымай шкоды дзяржаве.

Разам з тым рашэнне суда пакуль не набыло законнай сілы і абскарджана ў апеляцыйным парадку.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Слаўгарадскім раёне недаплацілі заробак 74 працаўнікам

Толькі праз пракуратуру ўдалося вярнуць 7,7 тыс. рублёў заробленых грошай 74 працаўнікам аднаго са слаўгарадскіх прадпрыемстваў.

Парушэнні выявіла пракуратура Магілёўскай вобласці падчас праверкі дзейнасці аднаго з мясцовых прадпрыемстваў. Як высветлілася, у лютым 2026 года кіраўніцтва арганізацыі прыняло рашэнні аб утрыманні часткі заробку ў 74 супрацоўнікаў, а таксама практычна пазбавіла іх дадатковых выплат у выглядзе прэмій, надбавак і іншых стымулюючых налічэнняў.

Пры гэтым такія дзеянні не мелі законных падстаў і супярэчылі як патрабаванням Працоўнага кодэкса, так і ўмовам калектыўнага дагавора. У наглядным ведамстве адзначаюць, што падобная практыка магла негатыўна паўплываць на сітуацыю ў працоўным калектыве.

Агульная сума недаплачаных грошай склала больш за 7,7 тысячы рублёў.

Па выніках праверкі пракуратура апратэставала незаконныя распараджэнні кіраўніка прадпрыемства. У выніку іх дзеянне было адменена, а работнікаў вярнулі раней утрыманыя грошы.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

У Круглым забойца-рэцыдывіст спрабаваў задушыць незнаёмую дзяўчыну

Магілёўскі аблсуд прысудзіў 20 гадоў мужчыне, які спрабаваў без прычыны задушыць 20-гадовую дзяўчыну на вуліцы.

Як устаноўлена на судзе, 44-гадовы жыхар Круглага ў верасні 2025 года ў грамадскім месцы каля скрыжавання вуліц Магілёўскай і Юбілейнай без усялякай прычыны напаў на незнаёмую яму 20-гадовую дзяўчыну. Мужчына схапіў яе, сцягнуў з тратуара ў яр, паваліў на зямлю і пачаў душыць.

Трагедыі ўдалося пазбегнуць дзякуючы выпадковым сведкам. Пара маладых людзей з немаўлём, якія праходзілі побач, пачулі крыкі аб дапамозе і ўбачылі напад. Яны ўмяшаліся, адцягнулі нападніка ад пацярпелай і выклікалі міліцыю.

Як высветлілася, гэта не першае цяжкае злачынства абвінавачанага. З 2006 па 2022 год ён адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за забойства жанчыны. У дзень нападу ён зноў паспрабаваў здзейсніць аналагічнае злачынства.

На судзе мужчына сваю віну не прызнаў і катэгарычна адмаўляў датычнасць да здарэння. Аднак прадстаўленыя дзяржаўным абвінаваўцам доказы суд прызнаў дастатковымі.

Судовая калегія аблсуда вынесла абвінаваўчы прысуд: паводле крымінальнага заканадаўства Беларусі мужчыну прызначана 20 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму.

Акрамя таго, суд задаволіў грамадзянскі пазоў пацярпелай і прысудзіў ёй 30 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц