Магілёўская пракуратура пахвалілася барацьбой са свабодай слова

Больш за 130 інтэрнэт-рэсурсаў, якія не падабаюцца цяперашнім уладам у Беларусі, магілёўскія пракуроры абвесцілі экстрэмісцкімі за першы квартал 2026 года.

Паводле абласной пракуратуры, барацьбой са вабодай слова яна займаецца на сістэмнай аснове. Гэта значыць, маніторыць кантэнт паведамленняў, пастоў, відэафайлаў і іншага. Калі нешта не падабаецца, а часцей за ўсё гэта крытыка цяперашніх парадкаў у дыктатарскай Беларусі, то пракуроры абвяшчаюць гэта экстрэмісцкімі матэрыяламі, накіраванымі на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне, а таксама папулярызацыю пратэстнай актыўнасці. Потым суды ўключаюць гэтыя матэрыялы ў рэспубліканскі спіс так званых “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Таксама за першы квартал 2026 года магілёўская пракуратура абмежавала доступ да пяці інтэрнэт-рэсурсаў, “на якіх размяшчаліся забароненыя да распаўсюджання звесткі”.

Праўда, колькі сэнсу ў такой руплівай працы магілёўскіх пракурораў – не паведамляецца. Так, сама пракуратура сведчыць, што на рэсурсах “Флагшток” і “Глаўк” утрымліваліся матэрыялы, “якія раней былі прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэннях судоў”. То бок прызнаныя “экстрэмісцкімі” матэрыялы ўсё адно публікуюцца, не зважаючы на “грозныя” пракурорскія словы. Як кажуць, сабака брэша, а караван ідзе.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Суды Магілёўшчыны летась “вывучалі” 194 “экстрэмісцкія матэрыялы”

У 2025 годзе пракуратура скіравала 194 заявы ў суды Магілёўскай вобласці на прызнанне матэрыялаў “экстрэмісцкімі”.

Блукаючы па прасторах інтэрнэта, пракуроры знаходзілі шмат публікацый, якія, на іх думку, “накіраваныя на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне”.

У выніку яны, зразумела, пазнаходзілі такія, а суды з імі пагадзіліся. Гэта тычыцца 45 матэрыялаў у ТікТоку, 36 – у Інстаграме, 26 – на YouTube, 24 – у Тэлеграме, а ў Фэйсбуку, “Вконтакте” “Аднакласніках” і Х – 13. Таксама “экстрэмісцкімі” былі прызнаныя дзевяць сайтаў і адно друкаванае выданне.

У якасці прыкладу такога выяўленага “экстрэмізму” пракуроры прыводзяць нейкі канал на YouTube, дзе колькасць падпісчыкаў звыш 33 тыс.чалавек. “На інтэрнэт-рэсурсе размяшчаліся відэаматэрыялы, накіраваныя на абразу, падрыў аўтарытэту і іміджу кіраўніка дзяржавы, а таксама падзеі сацыяльнага і палітычнага жыцця Рэспублікі Беларусь, якія прадстаўляюць у негатыўным святле” – напісала Генпракуратура, не лічачы, што такі “экстрэмізм” – звычайная рэалізацыя права на свабоду выказванняў і выяўленне свайго пункту погляду. 

Змагаючыся з вольным словам, пракуратура летась таксама абмежавала доступ да дзевяці інтэрнэт-рэсурсаў нібыта “экстрэмісцкага зместу”.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Суд у Бабруйску празнаў экстрэмісцкім сайт Рады міністраў Паўночных краін

Суд Бабруйскага раёну і Бабруйска вырашыў, што сайт і старонка ў Фэйсбуку Рады міністраў Паўночных краін і Усходнееўрапейскага дэмакратычныга цэнтру – гэта экстрэмісцкія матэрыялы.

Згодна судоваму рашэнню ад 2 кастрычніка 2025 года, цяпер экстрэмісцкія матэрыялы – гэта “информационная продукция группы “The Nordic Council of Ministers and The Nordic Council”, размещенной в социальной сети “Facebook” с идентификатором https://www.facebook.com/nordenen; интернет-сайта “The Nordic Council of Ministers and The Nordic Council” с идентификаторами www.norden.org и https:/nordicmediagrantsbelarus”.

Рада міністраў Паўночных краін – гэта міжурадавы форум, створаны пасля Хельсінкскага дагавора. Мэта Рады міністраў Паўночных краін – садзейнічаць супрацоўніцтву паміж Паўночнымі краінамі (Данія, Фінляндыя, Ісландыя, Нарвегія, Швецыя).

Тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!» выказаў меркаванне, што бабруйскі суд, верагодна, хацеў прызнаць «экстрэмісцкім» грантавы аддзел гэтай Рады – Nordic Media Grants Belarus, але размахнуўся так, што па сутнасці прызнаў «экстрэмісцкім» рэсурс цэлага міжурадавага органа некалькіх скандынаўскіх краін. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

YouTube-рэсурсы асуджанага ў Магілёве блогера-палітвязня прызналі “экстрэмісцкімі”

У Віцебску суд назваў “экстрэмісцкімі” YouTube-рэсурсы блогера-палітвязня Змітра Казлова з Барані, якога двойчы судзілі на Магілёўшчыне.

Рашэнне было прынята 15 ліпеня 2025 года Кастрычніцкім судом Віцебска. Сярод прызнаных “экстрэмісцкімі” – YouTube-каналы Казлова «Серый Кот» і «Серый Кот Стримы».

Як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, аўтар каналаў ужо пяць гадоў – з 10 чэрвеня 2020 года, знаходзіцца за кратамі. Зміцер Казлоў 28 лістапада 2024 года павінен быў вызваліцца з бабруйскай папраўчай калоніі пасля чатырох з паловай гадоў зняволення. Аднак 29 лістапада ў судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна яго зноў судзілі – Змітра Казлова звінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса РБ). З калоніі яго перавялі ў СІЗА №5.

Які вердыкт вынес 29 лістапада суддзя горада Бабруйска і Бабруйскага раёна Павел Карцінін, пакуль невядома. Але ў выніку відэаблогер Зміцер Казлоў, які ўжо цалкам адбыў прысуджаны раней тэрмін, на волю так і не выйшаў.

У бабруйскай папраўчай калоніі №2 Зміцер Казлоў аказаўся паводле вердыкту суддзі Магілёўскага абласнога суда Ірыны Ланчавай. 25 траўня 2021 года яна асудзіла яго і яшчэ шасцярых актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» паводле часткі 1 артыкула 13 і часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Змітру Казлову суддзя Ланчава прызначыла 5 гадоў зняволення.

Старшыня судовай калегіі Вярхоўнага суда Таццяна Васілевіч 3 лістапада 2021 года, разгледзеўшы ў закрытым рэжыме апеляцыйную скаргу блогера, пакінула прысуд у сіле.

У пачатку вясны 2025 г. стала вядома, што Дзмітрый пераведзены ў іншую папраўчую калонію, але ў якую – невядома, піша “Вясна”.

Яго затрымалі 10 чэрвеня 2020 года за плакаты, вывешаныя насупраць будынка суда Першамайскага раёна Менска. 12 чэрвеня пакаралі 20 суткамі адміністрацыйнага арышту. А 30 чэрвеня, калі блогер павінен быў выйсці на волю, стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу. З ізалятара на Акрэсціна Змітра перавялі ў СІЗА‑1.

У ліпені 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Змітра Казлова палітычным зняволеным.

Да таго, пачынаючы з 2019 года, за стрымы і ўдзел у розных вулічных акцыях Зміцер быў асуджаны агулам да 120 сутак адміністрацыйных арыштаў. На сваім YouTube-канале «Серый кот» відэаблогер расказваў пра беларускіх апазіцыйных палітыкаў і пра падзеі, якія адбываліся ў палітычным жыцці Беларусі.

Зміцер Казлоў нарадзіўся і вырас у гарадку Барань пад Оршай. Скончыў чатыры курсы Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе вучыўся на агранома. Захапіўся блогерствам у 2017 годзе. Спачатку здымаў відэаролікі пра праблемы Аршаншчыны, але паступова перайшоў да палітычный тэматыкі. Ён актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй зімой 2019 года.

Зміцер не мае ўласнай сям’і, ягоныя бацькі памерлі шмат гадоў таму, і ў яго няма блізкіх сваякоў.

Фота: “Радыё Свабода”

Суд у Бабруйску прызнаў “экстрэмісцкай” кнігу «Iдыёт, самы настаяшчы»

У Беларусі прызналі “экстрэмісцкай” кнігу, якая названая цытатай Аляксандра Лукашэнкі «Ідыёт, самы настаяшчы».

Рашэнне аб прызнанні кнігі “эстрэмісцкай” было прынята судом Бабруйска і Бабруйскага раёну 29 траўня 2025 года, але вядома аб гэтым стала толькі цяпер.

Як адзначаецца ў так званым “Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”, такім цяпер ёсць “печатное издание “Iдыёт, самы настаяшчы”, опубликованное в 2001 году издательством “KONTRA-PRESS Менск-Варшава-Масква”, на 192 страницах”. Рашэнне бабруйскага суда “подлежит немедленному исполнению в соответствии с 314 статьей Гражданского процессуального кодекса”.

Як аказалася, нават надрукаваная амаль чвэрць стагоддзя таму кніга, з’яўляецца дагэтуль актуальнай, хоць рэаліі ў Беларусі з тых часоў значна змяніліся. Гэта значыць, што «Ідыёт, самы настаяшчы» варта пачытаць у бяспечных для сябе ўмовах.

“Славяне з Польшчы, Расеі і, вядома, Беларусі аб’ядналіся, каб захаваць для нашчадкаў гэты помнік эпохі – вобраз Першага Прэзыдэнта РБ – так, як убачыў яго народ беларускі. Тэксты, што трапілі ў кніжку, вельмі розныя – і па жанры, і па мастацкім узроўні. Некаторыя напісаныя цьвёрлай рукою майстра, іншыя – тыповыя прыклады гарадзкога фальклёру, часам хутчэй для плоту, чым для паперы. Аб’ядноўвае іх адзін цэнтральны пэрсанаж, пазнавальны, нават калі й не названы” – гаворыцца ў анатацыі да кнігі, размешчанай на старонцы інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”.

Фотаздымак: Камунікат