Магілёўская пракуратура пахвалілася барацьбой са свабодай слова

Больш за 130 інтэрнэт-рэсурсаў, якія не падабаюцца цяперашнім уладам у Беларусі, магілёўскія пракуроры абвесцілі экстрэмісцкімі за першы квартал 2026 года.

Паводле абласной пракуратуры, барацьбой са вабодай слова яна займаецца на сістэмнай аснове. Гэта значыць, маніторыць кантэнт паведамленняў, пастоў, відэафайлаў і іншага. Калі нешта не падабаецца, а часцей за ўсё гэта крытыка цяперашніх парадкаў у дыктатарскай Беларусі, то пракуроры абвяшчаюць гэта экстрэмісцкімі матэрыяламі, накіраванымі на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне, а таксама папулярызацыю пратэстнай актыўнасці. Потым суды ўключаюць гэтыя матэрыялы ў рэспубліканскі спіс так званых “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Таксама за першы квартал 2026 года магілёўская пракуратура абмежавала доступ да пяці інтэрнэт-рэсурсаў, “на якіх размяшчаліся забароненыя да распаўсюджання звесткі”.

Праўда, колькі сэнсу ў такой руплівай працы магілёўскіх пракурораў – не паведамляецца. Так, сама пракуратура сведчыць, што на рэсурсах “Флагшток” і “Глаўк” утрымліваліся матэрыялы, “якія раней былі прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэннях судоў”. То бок прызнаныя “экстрэмісцкімі” матэрыялы ўсё адно публікуюцца, не зважаючы на “грозныя” пракурорскія словы. Як кажуць, сабака брэша, а караван ідзе.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Незаконнае асуджэнне магілёўца ўвайшло ў рашэнне Камітэта ААН па Беларусі

Сярод беларусаў, чыё незаконнае асуджэнне стала падставай для рашэння Камітэта ААН па правах чалавека аб парушэнні свабоды слова ў Беларусі, быў прадстаўнік Магілёўшчыны.

Камітэт ААН па правах чалавека ў сваім рашэнні ад 11 сакавіка 2026 года разгледзеў групу з 20 індывідуальных паведамленняў, якія паступілі ад 13 чалавек, супраць Беларусі, якія тычыліся сістэмнага пераследу журналістаў і аўтараў за ажыццяўленне свабоды выказвання.

Заяўнікі – грамадзяне Беларусі, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці ў перыяд з 2010 па 2021 год за:

  • публікацыю матэрыялаў у СМІ без дзяржаўнай акрэдытацыі;
  • супрацоўніцтва з замежнымі медыя;
  • распаўсюд інфармацыі і інтэрв’ю;
  • у асобных выпадках – удзел у мірных сходах.

Усе яны былі аштрафаваныя на падставе нацыянальнага заканадаўства, у прыватнасці артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Закона аб СМІ.

Адзіным жыхаром Магілёўшчыны сярод заяўнікаў быў магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч. У чэрвені 2017 года ён даведаўся, што на яго складзена сем адміністрацыйных пратаколаў за супрацоўніцтва з тыднёвікам беларусаў у Польшчы “Ніва”. Па сутнасці за кожны яго артыкул, які быў апублікаваны ў тыднёвіку за папярэднія два месяцы перад пачаткам аміністрацыйнага працэса. Прычына – публікацыя матэрыялаў у СМІ без дзяржаўнай акрэдытацыі як журналіста, так званы незаконны выраб прадукцыі СМІ (ч. 2 арт 22.9 КаАП). 

У далейшым суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Алена Літвіна прысудзіла Лапцэвічу штраф у памеры 45 базавых велічынь, што на той момант складала 1035 рублёў. Журналіст беспаспяхова абскарджваў гэтае рашэнне ў нацыянальных інстанцыях, а затым звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Абагульніўшы ўсе выпадкі, з якімі па тэме свабоды слова звярталіся вышэй адзначаныя заяўнікі, Камітэт прыйшоў да ключавой высновы:

Беларусь парушыла артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (свабода выказвання), паколькі пакаранне за распаўсюд інфармацыі без акрэдытацыі не было ні неабходным, ні прапарцыйным.

У адным з выпадкаў было таксама ўстаноўлена парушэнне артыкула 21 (свабода мірных сходаў), паколькі ўдзел у мірнай акцыі не можа карацца толькі з-за адсутнасці дазволу.

Камітэт падкрэсліў, што дзяржава не правяла належнай ацэнкі неабходнасці абмежаванняў, як таго патрабуе міжнароднае права.

У рашэнні асобна адзначаецца, што гаворка ідзе не пра адзінкавыя выпадкі, а пра структурную і доўгатэрміновую практыку. Камітэт аб’яднаў 20 спраў у адно рашэнне менавіта таму, што фактычныя абставіны былі падобныя; парушэнні мелі паўтаральны характар; ужо існуе ўстойлівая практыка прызнання такіх дзеянняў парушэннем правоў чалавека.

Камітэт таксама адхіліў аргумент уладаў пра неабходнасць выкарыстання надзорных скарг, адзначыўшы, што такія працэдуры носяць дыскрэцыйны характар; не гарантуюць эфектыўнай абароны; таму не лічацца абавязковымі для вычарпання ўнутраных сродкаў прававой абароны.

Камітэт абавязаў Беларусь кампенсаваць штрафы і судовыя выдаткі пацярпелым;

прыняць меры для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні; прывесці заканадаўства (уключаючы Закон аб СМІ і закон аб масавых мерапрыемствах) у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.

Камітэт адзначае, што гэтае рашэнне яшчэ раз пацвярджае, што беларуская практыка прыцягнення да адказнасці за «неаўтарызаваную журналісцкую дзейнасць» супярэчыць міжнародным стандартам.

З пункту гледжання правоў чалавека, ключавая праблема заключаецца не толькі ў асобных штрафах, а ў самой мадэлі рэгулявання, якая патрабуе дзяржаўнага дазволу для ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці; выкарыстоўваецца як інструмент кантролю над інфармацыяй; не адпавядае крытэрам неабходнасці і прапарцыянальнасці.

Такім чынам, гаворыцца ў рашэнні, Камітэт фактычна канстатуе сістэмнае парушэнне свабоды выказвання ў Беларусі.

Варта адзначыць, што цяпер Беларусь афіцыйна знаходзицца па-за дзеяннем працэдуры разгляду індывідуальных скаргаў Камітэтам ААН па правах чалавека. Дэнансацыя Факультатыўнага пратакола ўступіла ў сілу 8 лютага 2023 года, пазбавіўшы грамадзян магчымасці абскардзіць рашэнні ўладаў на міжнародным узроўні.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёўская пракуратура абмежавала доступ да двух грамадска-палітычных сайтаў

Сайт “Хартыі 97” і Школы грамадзянскай асветы Sapere Aude цяпер немагчыма адкрыць у Беларусі без VPN.

Як распавядаецца на сайце Генеральнай пракуратуры, пракурор Магілёўскай вобласці вынес пастановы аб абмежаванні доступу да сайтаў sapere.online і c97.org.

Пракуратура сцвярджае, што падставай для абмежавання сталі нібыта парушэнні патрабаванняў законаў “Аб сродках масавай інфармацыі” і  “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. Менавіта такія фармулёўкі звычайна выкарыстоўваюцца для апраўдання ціску на свабоду слова і вольнага доступу грамадзян да інфармацыі.

“На рэсурсе c97.org размяшчаліся загадзя ілжывыя дадзеныя аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь і прававым статусе беларусаў. Акрамя таго, на рэсурсе ўтрымліваліся матэрыялы і гіперспасылкі на кантэнт, прызнаны экстрэмісцкім па рашэнні судоў”, – гаворыцца ў паведамленні. Прычым ніякіх доказаў таго, што звесткі былі ілжывыя, не прыводзіцца.

Працягвае змагацца пракуратура ў Беларусі і з грамадскімі навукамі. Рэсурсу sapere.online выстаўлена прэтэнзія, што “акрамя экстрэмісцкіх матэрыялаў размяшчаліся вынікі апытанняў грамадскай думкі грамадзян аб стаўленні да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Вялікую праблему у такіх апытаннях магілёўскія пракуроры ўбачылі ў тым, што праводзіліся яны без атрымання акрэдытацыі, “што супярэчыць патрабаванням п. 1 арт. 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Тут варта нагадаць, што атрымаць акрэдытацыю сапраўды незалежным сацыёлагам ў Беларусі проста не магчыма.

У адрозненні ад “Хартыі 97”, якая добра вядома беларусам, аб Школе грамадзянскай асветы Sapere Aude многія могуць чуць упершыню. А між тым, гэта даволі цікавы рускамоўны рэсурс, “прысвечаны падзеям, тэндэнцыям і з’явам глабальнага свету”. “Кожны дзень мы сочым за тым, што кажуць і пішуць лепшыя навукоўцы, аналітыкі, філосафы, публіцысты і грамадскія дзеячы з усяго свету і дзелімся іх самымі цікавымі думкамі – заўсёды на рускай мове”, – адзначаецца ў рубрыцы sapere.online “Пра нас”.

У выніку па патрабаванні магілёўскай пракуратуры Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі абмежавала доступ да гэтых рэсурсаў.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Суды Магілёўшчыны летась “вывучалі” 194 “экстрэмісцкія матэрыялы”

У 2025 годзе пракуратура скіравала 194 заявы ў суды Магілёўскай вобласці на прызнанне матэрыялаў “экстрэмісцкімі”.

Блукаючы па прасторах інтэрнэта, пракуроры знаходзілі шмат публікацый, якія, на іх думку, “накіраваныя на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне”.

У выніку яны, зразумела, пазнаходзілі такія, а суды з імі пагадзіліся. Гэта тычыцца 45 матэрыялаў у ТікТоку, 36 – у Інстаграме, 26 – на YouTube, 24 – у Тэлеграме, а ў Фэйсбуку, “Вконтакте” “Аднакласніках” і Х – 13. Таксама “экстрэмісцкімі” былі прызнаныя дзевяць сайтаў і адно друкаванае выданне.

У якасці прыкладу такога выяўленага “экстрэмізму” пракуроры прыводзяць нейкі канал на YouTube, дзе колькасць падпісчыкаў звыш 33 тыс.чалавек. “На інтэрнэт-рэсурсе размяшчаліся відэаматэрыялы, накіраваныя на абразу, падрыў аўтарытэту і іміджу кіраўніка дзяржавы, а таксама падзеі сацыяльнага і палітычнага жыцця Рэспублікі Беларусь, якія прадстаўляюць у негатыўным святле” – напісала Генпракуратура, не лічачы, што такі “экстрэмізм” – звычайная рэалізацыя права на свабоду выказванняў і выяўленне свайго пункту погляду. 

Змагаючыся з вольным словам, пракуратура летась таксама абмежавала доступ да дзевяці інтэрнэт-рэсурсаў нібыта “экстрэмісцкага зместу”.

Фотаздымак з адкрытых крыніц