У Круглянскім раёне незаконна выкапалі 11 тыс. м3 пяску

Пракуратура Круглянскага раёна выявіла сумарна 11 315,48 м3 незаконна здабытага пяску.

Незаконную распрацоўку нетраў пракуроры знайшлі на чатырох аб’ектах на Кругляншчыне. Так, у адной з сельскагаспадарчых арганізацый раёна пры здабычы пяску для ўнутрыгаспадарчых мэтаў было дапушчана перавышэнне глыбіні яго выпрацоўкі больш чым у два разы, што пацягнула незаконную здабычу пяску аб’ёмам 8 796,74 м3.

Цяпер Круглянская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя павінна разлічыць шкоду, якая была нанесена ў выніку самавольнай здабычы карысных выкапняў, каб потым даць ацэнку дзеянням адпаведных службовых асобаў.

Акрамя таго, пракурорская праверка выявіла факты няякаснага правядзення рэкультывацыі ўчасткаў нетраў і неналежнай планіроўкі іх паверхняў. Было і непрыняццё мер па ахове нетраў і зямель ад засмечвання. 

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Рачны порт “Бабруйск” ліквідуецца

Рачны порт “Бабруйск” ліквідуецца, становіцца ўчасткам Рэчыцкага рачнога порта і значна памяншае сваю працу.

Рачны порт “Бабруйск”, які больш за паўстагоддзе быў адным з транспартных аб’ектаў Прыпяцка-Бярэзінскай воднай сістэмы, спыняе сваё існаванне ў ранейшым выглядзе. У сувязі з цяжкім фінансавым становішчам прынятае рашэнне ліквідаваць прадпрыемства шляхам далучэння да Рэчыцкага рачнога порта ў якасці асобнага ўчастка. 

Рачны порт у Бабруйску ў цяперашнім выглядзе існаваў з 1970 года і першапачаткова прымаў грузы, якія паступалі па рацэ. Аднак абмяленне Бярэзіны і змяншэнне загрузкі прывялі да таго, што порт фактычна перайшоў на здабычу пяску – асноўнага матэрыялу для мясцовых будаўнічых прадпрыемстваў. Бабруйскія рачнікі намывалі яго ў раёнах Даманава, Стасеўкі, Парычаў і Светлагорска. Навігацыя традыцыйна працягвалася ад красавіка да лістапада.

Як паведаміў komkur.info галоўны інжынер РТУП «Рачное параходства» Аляксандр Дзядкоў, у сувязі са стратнасцю порта было прынята рашэнне аб яго ліквідацыі як самастойнай адзінкі. Адзіны спосаб захаваць хоць частку функцый – далучэнне да Рэчыцы. Пры новым статусе порт усё ж можа працягваць перавозку і перагрузку грузаў, калі дазволіць узровень вады ў рацэ.

У канцы 2024 года ў Рэчыцу для рамонту былі дастаўленыя буксірны цеплаход 1990 года выпуску і земснарад 1987 года. У 2025 годзе за кошт пазабюджэтнага інвестфонду Мінтранса правялі рамонт баржы-пляцоўкі і земснарада, прыпісанага да бабруйскага порта.

Аднак сёлетняя восень аказалася беднай на палаводдзе. Даставіць адрамантаваную тэхніку ў Бабруйск пакуль немагчыма, бо судны не могуць прайсці па абмялелай Бярэзіне. Пры гэтым ёсць спадзяванні, што ў навігацыю 2026 года флот усё ж будзе працаваць на перавозцы будаўнічага пяску на бабруйскім участку.

Раней у порце працавала каля 30 чалавек. Пасля змянення статусу засталіся 15. Гэта ахоўнікі, докеры і механізатары. Аляксандр Дзядкоў перакананы, што вопыт супрацоўнікаў будзе запатрабаваны і ў далейшым.

Што ж да запатрабаванасці порта, то адзін з ключавых яго партнёраў, Бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудаўніцтва сёлета быў вымушаны купляць пясок у Жлобіне з-за таго, што флот знаходзіўся на рамонце. Раней аб’ёмы паставак складалі ад 300 да 1000 тон на тыдзень. Цяпер жа завод рыхтуецца запусціць уласны пясчаны кар’ер у прыгарадзе Бабруйска, што дазволіць яму стаць менш залежным ад рачнога порта.

Фотаздымак: komkur.info