Купілі не тое, прадалі не тым – у Магілёве змагаліся з карупцыяй

Пракуратура Магілёўскай вобласці праверыла закупкі на двух прадпрыемствах і знайшла карупцыйныя парушэнні. Трынаццаць чалавек атрымалі дысцыплінарныя спагнанні.

Пракуратура Магілёўскай вобласці праверыла, як два рэгіянальныя прадпрыемствы трацяць уласныя грошы пры закупках. Карціна аказалася непрыгляднай: у абодвух выпадках пераможцамі таргоў выбіраліся ўдзельнікі, якія папросту не адпавядалі патрабаванням.

На першым прадпрыемстве абвясцілі конкурс на пастаўку гідраўлічнага прэса. Умова была дакладнай: пастаўшчык павінен мець не менш за пяць гадоў досведу паставак падобнага абсталявання ў Беларусь.

Пераможцам, тым не менш, выбралі кампанію, якой на той момант быў усяго год ад роду. Вынік прадказальны – пастаўлены прэс не адпавядаў тэхнічным патрабаванням.

На другім прадпрыемстве заключылі дамову на пастаўку тканіны, не папрацаваўшы вывучыць рынак. У выніку пераплацілі звыш 7,6 тысячы рублёў. Пераможца зноў не адказваў умовам конкурсу – гэта значыць яго выбралі наўмысна.

Асобная гісторыя – з галоўным інжынерам аднаго з прадпрыемстваў. На працягу некалькіх гадоў ён афармляў заяўкі на піламатэрыялы па льготнай цане для работнікаў прадпрыемства, а фактычна тавар ішоў староннім людзям.

Па выніках праверкі пракуратура накіравала прадстаўленне ў вышэйстаячую арганізацыю. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 13 супрацоўнікаў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Чэрыкаўскім раёне адмянілі незаконныя дзяржаўныя закупкі на 430 тысяч рублёў

Пракуратура Чэрыкаўскага раёна выявіла парушэнні пры правядзенні дзяржаўных закупак у адной з устаноў.

Пасля ўмяшання пракуратуры ў Чэрыкаўскім раёне незаконныя працэдуры на 430 тысяч рублёў адмянілі, а ў адну з закупак унеслі змены.

  • Падчас маніторынгу адной з устаноў чэрыкаўскія пракуроры ўстанавілі, што:
    адказны работнік няправільна выбраў працэдуру закупкі;
  • у двух выпадках замест электронных аўкцыёнаў кантрагентаў выбіралі праз запыт цэнавых прапаноў;
  • у конкурснай дакументацыі не былі пазначаны дадатковыя патрабаванні да ўдзельнікаў;
  • з-за гэтага да закупак маглі дапусціць пастаўшчыкоў, якія не адпавядаюць заканадаўству;
  • у дакументах не прапісалі парадак фарміравання цаны прапановы;
    не пазначылі валюту, у якой павінна быць выражана цана;
  • не былі адлюстраваны звесткі пра валюту і, пры неабходнасці, абменны курс для ацэнкі і параўнання прапаноў.

Па выніках праверкі пракурор Чэрыкаўскага раёна вынес кіраўніку ўстановы два прадпісанні. Яны выкананы ў поўным аб’ёме.

Акрамя таго, у дачыненні да работніка, які дапусціў парушэнні пры дзяржаўных закупках, распачаты адміністрацыйны працэс.

А цяпер падумаем пра тое, што гэта за «адказны» работнік, якому прадпрыемства даверыла расходаваць бюджэт? Сем парушэнняў працэсу закупкі наводзяць на думку пра тое, што гаворка ідзе або пра поўнага разгільдзяя, або пра персанажа з цалкам злачыннымі намерамі.

Фота з адкрытых крыніц.

Асіповіцкая пракуратура адмяніла закупку на 1 мільён рублёў

Асіповіцкае прадпрыемства хацела па тэндары аплаціць паслугі за перавозку хлеба, але пракуроры не далі гэта зрабіць.

Паводле пракуратуры, уся прычына адмены закупкі ў шматлікіх парушэннях, якія зрабілі на неназваным прадпрыемстве. Яно за ўласны кошт збіралася аплаціць паслугі па перавозцы хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. І ўсё было б добра, але, як высветлілася, юрысконсульт прадпрыемства даў вялікага маху.

Так, да ўдзелу ў працэдуры закупкі ён не ўпісаў патрабаванні для патэнцыйных ўдзельнікаў, а тэрмін падачы прапановы паслугі быў неабгрунтавана скарочаны. Напартачыў ён і пры апісанні мяркуемай колькасці транспартных сродкаў, з-за чаго неадпаведнасці ў гэтай колькасці блыталі ўдзельнікаў тэндара. А парадак прызнання пераможцы конкурса аказаўся выкладзеным з парушэннямі рэгламента.

У выніку пракуратура запатрабавала выправіць парушэнні. Прадпрыемства вырашыла ўвогуле адмяніць закупку, а юрысконсульту ад асіповіцкага пракурора было выпісана папярэджанне аб недапушчальнасці паўтарэння такіх памылак.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёўскай вобласці пракуроры адмянілі закупкі на 36 млн рублёў

У 2025 годзе пракуратура знайшла шматлікія парушэнні ў сферы закупак на Магілёўшчыне. У выніку закупкі на 36 млн рублёў былі адмененыя.

Паводле Генеральнай пракуратуры, агулам было выяўлена 83 парушэнні пры разнастайных закупках. У асноўным яны тычыліся выбару працэдуры закупкі, парадку ацэнкі і параўнання прапаноў, набыцця тавараў без прадугледжаных закупак увогуле і іншыя.

Напрыклад, галоўны інжынер аднаго з прадпрыемстваў вобласці, будучы старшынёй конкурснай камісіі па закупках, дапусціў да ўдзелу тэндары за кошт уласных сродкаў некалькі прыватных арганізацый, чые прапановы не адпавядалі кваліфікацыйным патрабаванням. Аналагічныя парушэнні, як аказалася, ён дапускаў і раней, тым самым аказваючы неправамерную перавагу інтарэсам розных арганізацый, а па адной з закупак незаконна ўжыў прэферэнцыйную папраўку ў памеры 15% да прапановы ўдзельніка. За гэта ўсё галоўнага інжынера аштрафавалі.

Агулам за парушэнні пры закупках былі дысцыплінарна і адміністрацыйна пакараны летась 270 чалавек.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Горацкі цэнтр сацабслугоўвання аформіў 65 падпісак на “Советскую Белоруссию”

Горацкі раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выдаткаваў 217 рублёў на галоўную праўладную газету – “Советская Белоруссия. Беларусь сегодня”.

З дадзеных на партале дзяржзакупак вынікае, што Горацкі раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ЦСАН) актыўна закупляе самыя розныя тавары і паслугі. У пераліку патрэб ўстановы прадукты харчавання, базавыя медыкаменты і сродкі догляду. Гэта нядзіўна: ЦСАН адказвае за працу некалькіх сацыяльных аб’ектаў, сярод якіх установы, якія дапамагаюць пажылым людзям і грамадзянам з інваліднасцю.

Некаторыя падраздзяленні цэнтра ў хуткім часе атрымаюць абноўкі: арганізацыя плануе набыць па адной адзінцы бытавой тэхнікі халадзільнік, тэлевізар і пральную машыну.

Акрамя задавальнення матэрыяльна-бытавых патрэб, за кошт раённага бюджэту замоўлена 65 асобнікаў праўладнай газеты “Советская Белоруссия. Беларусь сегодня”. Кошт падпіскі складзе 217 рублёў. Згодна з закупкай, дастаўляцца газета будзе з сакавіка па снежань 2026 года. 

А 217 рублёў – гэта прыкладна столькі ж, колькі ЦСАН плануе выдаткаваць на бінты, антысептыкі, пластыры і мінімальны набор лекаў накшталт зялёнкі, ёду, валяр’яны, мазі Вішнеўскага і нітрагліцэрыну.

Фотаздымак ілюстрацыйны