Горацкі раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выдаткаваў 217 рублёў на галоўную праўладную газету – “Советская Белоруссия. Беларусь сегодня”.
З дадзеных на партале дзяржзакупак вынікае, што Горацкі раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ЦСАН) актыўна закупляе самыя розныя тавары і паслугі. У пераліку патрэб ўстановы прадукты харчавання, базавыя медыкаменты і сродкі догляду. Гэта нядзіўна: ЦСАН адказвае за працу некалькіх сацыяльных аб’ектаў, сярод якіх установы, якія дапамагаюць пажылым людзям і грамадзянам з інваліднасцю.
Некаторыя падраздзяленні цэнтра ў хуткім часе атрымаюць абноўкі: арганізацыя плануе набыць па адной адзінцы бытавой тэхнікі халадзільнік, тэлевізар і пральную машыну.
Акрамя задавальнення матэрыяльна-бытавых патрэб, за кошт раённага бюджэту замоўлена 65 асобнікаў праўладнай газеты “Советская Белоруссия. Беларусь сегодня”. Кошт падпіскі складзе 217 рублёў. Згодна з закупкай, дастаўляцца газета будзе з сакавіка па снежань 2026 года.
А 217 рублёў – гэта прыкладна столькі ж, колькі ЦСАН плануе выдаткаваць на бінты, антысептыкі, пластыры і мінімальны набор лекаў накшталт зялёнкі, ёду, валяр’яны, мазі Вішнеўскага і нітрагліцэрыну.
Фотаздымак ілюстрацыйны