У Магілёўскай вобласці пракуроры адмянілі закупкі на 36 млн рублёў

У 2025 годзе пракуратура знайшла шматлікія парушэнні ў сферы закупак на Магілёўшчыне. У выніку закупкі на 36 млн рублёў былі адмененыя.

Паводле Генеральнай пракуратуры, агулам было выяўлена 83 парушэнні пры разнастайных закупках. У асноўным яны тычыліся выбару працэдуры закупкі, парадку ацэнкі і параўнання прапаноў, набыцця тавараў без прадугледжаных закупак увогуле і іншыя.

Напрыклад, галоўны інжынер аднаго з прадпрыемстваў вобласці, будучы старшынёй конкурснай камісіі па закупках, дапусціў да ўдзелу тэндары за кошт уласных сродкаў некалькі прыватных арганізацый, чые прапановы не адпавядалі кваліфікацыйным патрабаванням. Аналагічныя парушэнні, як аказалася, ён дапускаў і раней, тым самым аказваючы неправамерную перавагу інтарэсам розных арганізацый, а па адной з закупак незаконна ўжыў прэферэнцыйную папраўку ў памеры 15% да прапановы ўдзельніка. За гэта ўсё галоўнага інжынера аштрафавалі.

Агулам за парушэнні пры закупках былі дысцыплінарна і адміністрацыйна пакараны летась 270 чалавек.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Дачка праўладнай экс-банкіршы з Магілёўшчыны зарабляе мільёны на дзяржаўных тэндарах

Рыбны бізнэс сям’і Юліі Кухарэнка, малодшай дачкі Надзеі Ермаковай, стабільна атрымлівае мільённыя прыбыткі, дзякуючы пастаўкам прадуктаў у дзяржаўныя ўстановы.

Надзея Ермакова (у дзявоцтве Лупекіна) нарадзілася ў 1953 годзе ў вёсцы Разальмова Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. Сябар прэзідыума Усебеларускага народнага сходу. У 1996 – 2011 гадах Ермакова займала пасады намесніцы старшыні праўлення і старшыні праўлення «Беларусбанка», з 2011 па 2014 год была старшынёй Нацыянальнага банка. У 2020 годзе, пасля таго як былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка быў арыштаваны, улады вырашылі «нармалізаваць» гэты банк і яго часовай кіраўніцай прызначылі Ермакову. У 2021 годзе сыйшла з гэтай пасады. Зараз з’яўляецца старшынёй праўладнага Беларускага саюза жанчын.

Як высветлілі журналісты-расследавальнікі з выдання «Бюро», кампанія «Белае мора», якой Кухарэнка валодае разам з мужам, з’яўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў рыбы і морапрадуктаў у сістэму дзяржаўных закупак Беларусі.

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБАЎ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «БЕЛАЕ МОРА»

надежда ермакова

Бізнэс пад прыкрыццём роднасных сувязяў

Юліі Кухарэнка (у дзявоцтве Ермакова) належыць 15% долі кампаніі, 34% – яе мужу Аляксандру Кухарэнку. Яшчэ 51% належыць Юрыю Кухарэнку, грамадзяніну Расіі і, як мяркуецца, бацьку Аляксандра. Такім чынам, «Белае мора» – сямейны бізнэс, які актыўна карыстаецца магчымасцямі дзяржаўных закупак.

Імпартуючы рыбу з-за мяжы, фірма наладзіла шырокі ланцуг паставак у розныя дзяржаўныя структуры, напрыклад, папраўчыя калоніі, следчыя ізалятары, вайсковыя часткі, бальніцы і інтэрнаты.

Тэндары для дзяржспажыўцоў

За першае паўгоддзе 2025 года «Белае мора» атрымала кантракты на суму больш за 3 млн рублёў. Найбуйнейшымі заказчыкамі сталі:

Дзяржаўны памежны камітэт – 875 тыс. рублёў

Дэпартамент выканання пакаранняў МУС – 952 тыс. рублёў

Унутраныя войскі МУС – 679 тыс. рублёў

Гэта значыць, асноўныя даходы «Беламу мору» прыносяць структуры, якія маюць прамое дачыненне да сілавога апарату краіны.

Кампанія сваіх

У 2024 годзе агульная выручка кампаніі склала 75 млн рублёў, а чысты прыбытак у 1,4 млн рублёў. За той год фірма здзейсніла каля 1000 дзяржаўных паставак, што сведчыць пра добрую інтэграцыю ў сістэму бюджэтных закупак.

З улікам таго, што маці Юліі Надзея Ермакова займала і займае высокія ўладныя і парўладныя пасады, «Белае мора» – гэта не звычайная фірма, а шматмільённы падрадчык бюджэтных структур. У краіне, дзе многія малыя бізнесы сутыкаюцца з перашкодамі і праверкамі, для «сваіх» заўсёды адкрыты шлюзы дзяржаўных закупак.

***

Раней «Люстэрка» сумесна з BelPol расказвала пра маёмасць сям’і Юліі Кухарэнкі. Ва ўласнасці ў Юліі і яе мужа Аляксандра шэраг дарагой нерухомасці ў Мінску. Дачка Ермаковай прапісаная ў цэнтры сталіцы – у чатырохпакаёвай кватэры ў ЖК «Славянскі квартал». Паводле дамовы дарэння яе ўладальнікам лічыўся старэйшы сын шлюбнай пары – Міхаіл, цяпер яму 14 гадоў. На імя Юліі былі зарэгістраваныя дзве аднапакаёвыя кватэры ў доме 2017 года пабудовы на вуліцы Грыбаедава.

Аляксандр Кухарэнка валодае мінскай кватэрай на вуліцы Жукоўскага. Яшчэ на яго зарэгістраваны зямельны ўчастак для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ў вёсцы Дзічкі (гэта недалёка ад Заслаўскага вадасховішча і за 20 км ад МКАД). Таксама на мужчыну зарэгістраваныя два адміністрацыйныя памяшканні.

Фота: beloemore.by