Клічаў мае шанец атрымаць першую беларускамоўную карту Беларусі

Беларуская ініцыятыва Maldzis, што дзейнічае ў замежжы, паабяцала перадаць у будучым Клічаўскаму краязнаўчаму музею карту Беларусі, створаную Аркадзем Смолічам. 

Ініцыятыва паведаміла, што яна выкупіла першую беларускамоўную карту Беларусі. Паводле інфармацыі з карты, яна была дазволеная вайсковай цэнзурай Польшчы 27 верасня 1919 года і надрукаваная ў майстэрні “N. Mac i syn” у Вільні.

Карту стварыў Аркадзь Смоліч – географ, дзеяч беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху ХХ стагоддзя. Нарадзіўся ў 1891 годзе ў вёсцы Бацэвічы, якая цяпер у межах Клічаўскага раёна. Ахвяра сталінскіх рэпрэсій.

“Гэтая карта ўнікальная тым, што на ёй адлюстраваная ўся тагачасная тэрыторыя пражывання беларусаў. Перад намі паўстае краіна, якая тэрытарыяльна пераўзыходзіць большасць еўрапейскіх дзяржаў, хоць па факце яна такой і не паўстала” – кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы Maldzis.

Да асаблівасцяў карты належыць і тое, што яна перадае спрадвечна беларускія назвы ў напісанні геаграфічных аб’ектаў: Вільня, Менск, Горадня ў выпадку гарадоў, а таксама Нямеччына і Маскоўшчына ў выпадку краін.

Карта Смоліча была набытая ў Польшчы ў прыватнага калекцыянера на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Дар’і Сліж і Іллі М. Да вяртання карты на радзіму, а менавіта ў Клічаўскі краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка, яна будзе выстаўляцца за мяжой.

“За савецкім часам мапа Смоліча была забароненая, бо паказвала Беларусь як незалежную дзяржаву. Яна захавалася ў некалькіх асобніках і нам пашчасціла набыць адзін з іх. Мы радыя, што разам з партнёрамі даем магчымасць кожнаму чалавеку набыць копію і такім чынам вярнуць мапу да жыцця” – кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы Maldzis.

Фотаздымак: maldzis.world

Дзень у гісторыі. 29 верасня. Зацверджаны Статут ВКЛ

Каталіцкае свята ў гонар Святых Архангелаў Міхала, Гаўрыіла і Рафаіла – Міхайлаў дзень. 

Міхал Арханёл з’яўляецца апекуном Мінска-Магілёўскай царкоўнай правінцыі, таму дзень мае сімвалічную вагу для рэгіёна.

Архангел Міхаіл

1529 год. Зацверджаны Статут Вялікага Княства Літоўскага.

Першы збор законаў феадальнага права на нашых землях, помнік старабеларускай юрыдычнай думкі і пісьменнасці.

Складаўся з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. 

Выданне Статута вывела ВКЛ на адно з першых месцаў у свеце па развіццю права і прававой культуры.

Адзіны ў Беларусі арыгінальны экзэмпляр Статута ВКЛ у трэцяй рэдакцыі захоўваецца ў Магілёве ў музеі гісторыі горада.

Статут ВКЛ Магілёў

1891 год. У в. Бацэвічы сённяшняга Клічаўскага раёна нарадзіўся Аркадзь Смоліч. 

Адзін з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. 

Вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, геаграфіі. Пачынальнік беларускай геаграфічнай навукі, аўтар першага акадэмічнага падручніка «Географія Беларусі».

Першы беларускі прафесар геаграфіі.

Член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук. 

Суарганізатар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, тэарэтык беларускай сацыял-дэмакратыі.

Старшыня Таварыства беларускай школы, Цэнтральнага Бюро краязнаўства, загадчык планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР, намеснік старшыні Інбелкульта.

Расстраляны ў 1938 годзе.

Аркадзь Смоліч

1946 год. У в. Пятровічы Бабруйскага раёна нарадзіўся Іван Гайшун. 

Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі.

Аўтар больш за 250 навуковых прац па дыферэнцыяльных ураўнаннях, тапалагічнай дынаміцы і ўстойлівасці абстрактных дынамічных сістэм. 

Распрацаваў тэорыю мнагамерных дыферэнцыяльных ураўнанняў, многапараметрычных дыферэнцыяльна-рознасцевых і дыскрэтных сістэм./

Іван Гайшун