У Магілёве на ваенныя зборы адправілі васьмікласнікаў

У Магілёве мілітарызацыя падлеткаў адзначылася правядзеннем ваенных збораў для 14-гадовых навучэнцаў кадэтскага вучылішча.

“З 1 па 5 чэрвеня 2026 года прайшлі планавыя ваенна-палявыя зборы для выхаванцаў Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі, якія скончылі 8-ы клас”, – паведамляецца ў Інстаграме вучылішча.

Адметна, што абавязковыя дзесяцідзённыя зборы з гэтага года ўвялі па ўсёй Беларусі. Аднак у Магілёве гэтага аказалася замала і таму на іх скіравалі 14-годкаў. “Мэтай збораў стала замацаванне на практыцы ведаў, атрыманых у ходзе навучальнага года, і пагружэнне кадэтаў у атмасферу рэальнай армейскай службы” – распавядае адміністрацыя вучылішча.

Для дзяцей была арганізавана стральба з аўтамата Калашнікава АК-74 у поўнай баявой амуніцыі. Таксама вучням трэба было здаваць нарматывы па надзяванні сродкаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны і вывучаць алгарытмы дзеянняў ва ўмовах прымянення зброі масавага паражэння. Падлеткі фактычна беглі крос у сродках РХБА (радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны).

Зборы праходзілі на базе 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады ў вёсцы Пашкава.

Фотаздымак: Інстаграм Магілёўскага абласнога кадэтскага вучылішча

Кадэты ў Магілёве носяць значкі з расійскімі ваеначальнікамі

У Магілёўскім абласным кадэцкім вучылішчы прайшла цырымонія ўступлення вучняў у Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў. Кадэты атрымалі значкі з выявай Аляксандра Суворава, які пакінуў крывавы след у гісторыі Беларусі.

Мерапрыемства было арганізавана ў выглядзе ўрачыстага пастраення, на якім дырэктар вучылішча ўручыў падлеткам членскія пасведчанні і значкі арганізацыі, піша Mayday.

Кіраўніцтва падкрэслівала, што ўступленне ў Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў (БССК) – гэта асаблівы гонар і важны крок у выхаванні патрыятызму. Навучэнцам гаварылі аб высокіх ідэалах, аб пераемнасці беларускіх ваенных традыцый і неабходнасці захоўваць памяць аб героях, якія загінулі за незалежнасць краіны.

Аднак узнікае дысананс: на значку арганізацыі намаляваныя расейскія военачальнікі — адмірал Павел Нахімаў і генерал Аляксандр Сувораў. Апошні, у прыватнасці, камандаваў войскамі пры падаўленні паўстання Тадэвуша Касцюшкі пад Берасцем. Пры гэтым біяграфія расійскіх палкаводцаў вывучаецца з асаблівай увагай, а беларускі гістарычны кантэкст застаецца на другім плане.

Таксама паўстае пытанне, якім чынам за сяброўства ў арганізацыі павінны плаціць падлеткі, якія яшчэ нічога не зарабляюць, акрамя таго, многія з іх паходзяць з малазабяспечаных сем’яў. У пасведчаннях, здымкі якіх прадастаўлены выданню, стаіць адзнака “выплачана” ў графе членскіх узносаў. Згодна са Статутам БССК, кожны ўдзельнік павінен штогод плаціць унёсак у памеры адной базавай велічыні (цяпер гэта 42 рублі). 

Не ўсё так адназначна…

Пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне ў 2022 годзе ў апякунскай радзе Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў узніклі рознагалоссі. Некаторыя члены рады, нязгодныя з падтрымкай агрэсіі, выйшлі з яго складу і спынілі зносіны з былымі аднакурснікамі, якія падтрымліваюць ваенныя дзеянні. 

Адзін з былых членаў савета адзначыў: “Нават апякунская рада Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў – і тая, знаходзячыся па-за зонай баявых дзеянняў, пачала рассыпацца”. Пра гэта пісала “Новая газета. Еўропа”.

Фотаздымак ілюстрацыйны, з адкрытых крыніц