Дэлегацыя з Магілёва паедзе на фестываль на прыфрантавой тэрыторыі

У Бранск, які ў Беларусі цяпер лічыцца прыфрантавой зонай, паедзе дэлегацыя з Магілёва на фестываль “Славянскае адзінства”.

Фестываль «Славянскае адзінства» сёлета пройдзе ў расійскім Бранску з 27 па 29 чэрвеня. Расійскі бок паведаміў, што ўдзел у ім возьмуць дэлегацыі з Гомеля, Магілёва, а таксама прадстаўнікі самаабвешчанай ЛНР.

Пра падрыхтоўку паездкі з Магілёва сведчаць закупкі, размешчаныя Магілёўскай абласной філармоніяй, высветліў “Флагшток”. Згодна з дакументацыяй, у Бранск плануюць адправіць каля 20 артыстаў. Для ўдзельнікаў таксама закупляюцца паслугі страхавання.

Раней фестываль праводзіўся каля манумента «Дружба» на стыку межаў Беларусі, Украіны і Расіі. У ім удзельнічалі прадстаўнікі трох краін. Пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны фармат мерапрыемства быў зменены, і цяпер яго праводзяць па чарзе ў Гомелі і Бранску.

Нядаўна Бранскую вобласць наведаў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў, які ўдзельнічаў у пасяджэнні аргкамітэта фестывалю. Пазней, каментуючы інцыдэнт з аўтобусам у Бранскай вобласці з беларускімі дзецьмі, куды трапіў дрон і загінула жанчына, а некалькі дзяцей аказаліся параненымі, ён назваў рэгіён «практычна прыфрантавой зонай».

Фотаздымак: ТГ “Гомельшчына афіцыйна”