Былы палітвязень Антон Сотнікаў распавёў “Нашай ніве”, як здзекваліся над Валянцінам Штэрмерам, які ў траўні 2025 года загінуў у калоніі №17 Шклова.
«Яго выганялі на прамзону, а ён ледзь хадзіў, на яго пастаянна псіхалагічна ціснулі. Неяк нас з ім вялі ў ШІЗА – ён ішоў наперадзе, а мяне за ім выводзілі ластаўкай. Ён упаў, дык яму нагой далі ў грудзі – маўляў, уставай, што ты прыкідваешся. Бяскрыўдны чалавек, нікому не мог зрабіць нічога дрэннага», – успамінае былы сядзелец шклоўскай калоніі.
Валянцін Штэрмер памёр, калі яму было каля 60 гадоў. Але паводле Антона, выглядаў ён на 10 гадоў старэйшым – згорблены, знясілены і з патрэбай у шпіталізацыі. Штэрмера пастаянна падстаўлялі, нагаворвалі на яго і стваралі ўмовы, каб мужчына трапіў у ШІЗА.
Акрамя таго, Штэрмер быў мішэнню стукачоў. Напрыклад, вязня па прозвішчы Скавыш, які сядзіць за забойства, ці другога крымінальніка-стукача, Палянскага.
«Галоўнае, каб данос быў прынесены, а чалавека адпрацуюць у любым выпадку, вінаваты ён ці не, таму што мы – «экстрэмісты». Ім не важна, што зрабіць, галоўнае, каб нам было балюча, а ім – добра. Зрабіць выгляд, што яны працуюць на супрацоўнікаў, каб іх заахвоцілі», – апісвае палітвязень светапогляд тамтэйшых стукачоў.
Валянцін Штэрмер быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за тое, што каментаваў агрэсію Расіі супраць Украіны, асуджаючы расійскае ўварванне. Па звестках, Штэрмер быў вельмі слабы, пасля інсульту.
Фотаздымак: старонка Валянціна Штэрмера ў “Аднакласніках”
