Расія ўладкоўвае пляцоўкі для запуску баявых дронаў каля Магілёўскай вобласці

У Смаленскай і Бранскай абласцях Расіі непадалёк ад Магілёўшчыны ўладкоўваюцца новыя расійскія пускавыя комплексы.

Смаленская вобласць

Вайсковы аэрадром Шаталава ў Смаленскай вобласці знаходзіцца за 46 км да мяжы з Беларуссю і за 145 км да Магілёва. Яго пачалі выкарыстоўваць з 2025 года. Гэта найбліжэйшае да краін NATO вядомае месца запуску расійскіх баявых дронаў.

Маштабнае ўладкаванне інфраструктуры на гэтым аб’екце пачалося год таму. Ужо ў першыя месяцы на ўсходняй частцы аэрадрома былі заўважаныя дзве стацыянарныя пускавыя ўстаноўкі для запуску беспілотнікаў тыпу «Шахед». Пазней колькасць такіх пазіцый істотна павялічылася. На спадарожнікавым здымку ад 5 траўня 2026 года, які апынуўся ў распараджэнні Радыё Свабода, можна налічыць каля дзесяці пускавых установак.

Работы на тэрыторыі аэрадрома працягваюцца і цяпер. Акрамя новых стартавых пазіцый, тут былі размешчаныя элементы супрацьпаветранай абароны, а таксама збудаванне, якое па сваіх прыкметах можа выкарыстоўвацца як сховішча для беспілотнікаў.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх маніторынгавых рэсурсаў, запускі дронаў з гэтай пляцоўкі адбываюцца рэгулярна і ў асобныя перыяды могуць фіксавацца некалькі разоў на працягу аднаго тыдня.

Спадарожнікавы здымак ад 1 сакавіка 2026 года сведчыць, што аэрадром, верагодна, выкарыстоўваецца не толькі для запуску стандартных «Шахедаў», але і для больш сучасных рэактыўных беспілотнікаў сямейства «Герань». На фотаздымку бачныя цёмныя сляды на снежным покрыве, якія могуць быць вынікам працы рэактыўных рухавікоў падчас стартаў з пускавых установак.

Бранская вобласць

Вайсковы аэрадром Сешча ў Бранскай вобласці знаходзіцца за 45 км да мяжы з Беларуссю і за 190 км да Магілёва. Ён выкарыстоўваўся ў 2022—2023 гадах.

Гэты аэрадром ужо не першы год згадваецца ў кантэксце выкарыстання расійскіх беспілотнікаў у вайне супраць Украіны. Яшчэ ў 2023 годзе прадстаўнікі ўкраінскага вайсковага камандавання заяўлялі, што гэты аб’ект належыць да ліку асноўных пляцовак, з якіх ажыццяўляліся запускі дронаў-камікадзэ. Падобныя высновы агучвала і брытанская разведка, адзначаючы выкарыстанне аэрадрома для атак па ўкраінскай тэрыторыі, у тым ліку на кіеўскім напрамку.

Акрамя выканання баявых задач, Сешча доўгі час захоўвала значэнне аднаго з ключавых лагістычных цэнтраў расійскай арміі. Паводле звестак маніторынгавай супольнасці «Беларускі Гаюн», у перыяд з 2022 па 2024 год праз гэты аэрадром рэгулярна праходзіла перамяшчэнне авіяцыйнай тэхнікі і розных вайсковых грузаў паміж Расіяй і Беларуссю.

У траўні 2023 года аб’ект трапіў пад удар украінскіх беспілотнікаў. Пасля гэтай атакі згадкі пра Сешчу як пра месца запуску «Шахедаў» сталі з’яўляцца значна радзей. Разам з тым аэрадром не страціў свайго значэння для расійскай ваеннай авіяцыі і працягнуў выкарыстоўвацца для транспартных і дапаможных аперацый.

Свежыя спадарожнікавыя здымкі ад 4 чэрвеня 2026 года сведчаць пра далейшае развіццё інфраструктуры аб’екта. На тэрыторыі аэрадрома зафіксаваныя новыя інжынерныя работы, а ў шэрагу месцаў абсталяваныя спецыяльныя земляныя пазіцыі, якія могуць выкарыстоўвацца для размяшчэння сродкаў супрацьпаветранай абароны.

Звяртае на сябе ўвагу і размяшчэнне авіяцыйнай тэхнікі. Транспартныя самалёты знаходзяцца на значнай адлегласці адзін ад аднаго, што можа быць звязана з мерамі бяспекі. Частка паветраных суднаў дадаткова прыкрытая аўтамабільнымі шынамі – такі спосаб абароны расійскія вайскоўцы ўжо неаднаразова выкарыстоўвалі на іншых аэрадромах для зніжэння рызыкі пашкоджанняў у выніку атак беспілотнікаў.

***

Акрамя гэтых двух аэрадромаў, комплекс для запуску дронаў створаны каля вёскі Цымбулава ў Арлоўскай вобласці, за 200 кіламетраў ад межаў Беларусі, комплекс запуску «Шахедаў» пад Наўляй у Бранскай вобласці за 127 км ад беларускай мяжы і комплекс запуску беспілотнікаў каля Асавіцы ў Бранскай вобласці за 163 км да мяжы з Беларуссю.

Фотаздымак: Радыё Свабода

Краіны-ізгоі ўмацоўваюць супрацоўніцтва: навошта Расіі новае пасольства ў Магілёве

Адкрыццё аддзялення пасольства Расійскай Федэрацыі ў Магілёве ўлады Беларусі і Расіі падаюць як чарговы крок да развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і зручнасці для грамадзян. Аднак за афіцыйнымі фармулёўкамі пра «дыпламатыю ў крокавай даступнасці» хаваецца больш шырокі палітычны кантэкст: далейшае збліжэнне дзвюх дзяржаў, якія пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны апынуліся ў міжнароднай ізаляцыі і пад маштабнымі санкцыямі заходніх краін.

Пра планы адкрыць аддзяленне расійскага пасольства ў Магілёве было абвешчана падчас сустрэчы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі з дарадцам-пасланнікам пасольства Расіі ў Беларусі Уладзімірам Ваньке.

Магілёўскі “губернатар” паабяцаў Ваньцы асабняк на Ленінскай.

Афіцыйная версія выглядае цалкам бяскрыўдна. Расійскія дыпламаты сцвярджаюць, што жыхарам рэгіёна будзе прасцей атрымліваць консульскія паслугі, а грамадзянам Расіі – вырашаць пытанні, звязаныя з дакументамі, рэгістрацыяй і юрыдычнай падтрымкай. Акрамя таго, чакаецца развіццё эканамічных, культурных і турыстычных кантактаў.

Аднак узнікае пытанне: чаму неабходнасць адкрыцця аддзялення пасольства ўзнікла менавіта цяпер?

Яшчэ некалькі гадоў таму Расія выдатна абыходзілася без дыпламатычных прадстаўніцтваў па-за межамі Мінска. Беларусь таксама не адчувала патрэбы ў дадатковай расійскай дыпламатычнай прысутнасці ў рэгіёнах. Але сітуацыя змянілася пасля 2020 года, калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі ў выніку масавых рэпрэсій супраць палітычных апанентаў і грамадзянскай супольнасці.

Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну залежнасць Мінска ад Масквы ўзмацнілася. Беларусь прадаставіла сваю тэрыторыю для нападу расійскіх войскаў і выкарыстання ваеннай інфраструктуры. У выніку абедзве краіны апынуліся ў адным геапалітычным лагеры, супрацьпастаўленым Еўрапейскаму саюзу, ЗША і большасці дэмакратычных дзяржаў свету.

На гэтым фоне адкрыццё новых дыпламатычных аб’ектаў выглядае не столькі клопатам пра грамадзян, колькі чарговым сімвалам паглыблення інтэграцыі двух аўтарытарных рэжымаў.

Значная частка знешняга гандлю вобласці звязана з расійскімі рынкамі. Паводле слоў Анатоля Ісачанкі, гандлёвымі партнёрамі рэгіёна з’яўляюцца 78 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, а пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаны з 29 расійскімі рэгіёнамі.

У апошнія гады Расія актыўна пашырае сваю прысутнасць у Беларусі. Гаворка ідзе не толькі пра эканоміку, але і пра адукацыйныя, культурныя і інфармацыйныя праекты. Ствараюцца новыя пляцоўкі для прасоўвання расійскай дзяржаўнай палітыкі і ідэалогіі.

Таму адкрыццё аддзялення пасольства можа мець значэнне, якое выходзіць далёка за межы выдачы даведак і кансультацый. Дыпламатычныя структуры традыцыйна выконваюць не толькі консульскія функцыі, але і займаюцца пытаннямі гуманітарнага супрацоўніцтва, грамадскай дыпламатыі, узаемадзеяння з мясцовымі арганізацыямі і фарміравання спрыяльнага інфармацыйнага фону.

Ва ўмовах, калі Беларусь імкліва губляе самастойнасць у знешняй палітыцы, любое пашырэнне расійскай прысутнасці непазбежна выклікае пытанні пра захаванне суверэнітэту краіны.

Адкрыццё расійскага дыпламатычнага аддзялення ў Магілёве само па сабе можа падацца нязначнай падзеяй. Але ў сукупнасці з іншымі працэсамі яно выглядае чарговым элементам паступовага ўзмацнення расійскага ўплыву ў Беларусі.

Паказальна, што гаворка ідзе менавіта пра Магілёў – рэгіён, які традыцыйна лічыцца адным з найбольш расіяцэнтрычных і, як вынік, самым адсталым у краіне.

Фота БелТА.

Крычаўскі напрамак БЧ перакрываўся з-за ўдара дронаў па расійскай Унечы

Удар беспілотнікаў па гораду Унеча Бранскай вобласці Расіі прывёў да закрыцця руху на ўчастку Крычаў – Сураж.

Наступствы вайны ва Украіне ўсё мацней адбіваюцца на працы Беларускай чыгункі. Паводле інфармацыі некалькіх крыніц “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”, з 30 траўня 2026 года быў змянены маршрут грузавых перавозак на крычаўскім напрамку пасля атакі беспілотнікаў на чыгуначную інфраструктуру ў расійскай Унечы.

Гаворка ідзе пра міждзяржаўны чыгуначны стык Белынкавічы – Сураж, які злучае Крычаўскі вузел Беларускай чыгункі з расійскай сеткай у кірунку важнага чыгуначнага вузла Унеча ў Бранскай вобласці.

Пасля падзей 21 траўня, калі ў раёне станцыі Унеча быў нанесены ўдар беспілотнікамі па чыгуначнай інфраструктуры, адпраўка таварных цягнікоў праз гэты пераход была спынена.

У выніку таварныя саставы, якія раней ішлі з Крычава праз Белынкавічы і Сураж у бок Унечы, былі вымушаныя змяніць маршрут. Цяпер іх накіроўваюць праз Оршу і далей праз міждзяржаўны пераход Асіноўка – Краснае на смаленскім напрамку.

Для жыхароў Магілёўшчыны гэта можа выглядаць як выключна тэхнічнае рашэнне чыгуначнікаў. Аднак для транспартнай сістэмы яно мае значна большыя наступствы.

Унеча з’яўляецца адным з ключавых чыгуначных вузлоў на захадзе Расіі. Праз яе праходзяць грузавыя патокі, звязаныя ў тым ліку з беларускай эканомікай. Любое парушэнне працы гэтага вузла адразу адбіваецца на арганізацыі руху цягнікоў па беларускім баку мяжы.

Паводле звестак крыніц, пасля ўвядзення абмежаванняў праз пераход Белынкавічы – Сураж не быў адпраўлены ніводзін грузавы цягнік у напрамку Унечы.

Пры гэтым поўнага спынення чыгуначных зносін з гэтым рэгіёнам не адбылося. Другі міждзяржаўны пераход Закапыцце – Злынка на гомельскім напрамку працягваў працаваць у звычайным рэжыме. Праз яго і далей курсуюць як таварныя, так і пасажырскія цягнікі.

Спецыялісты адзначаюць, што нават некалькі перанакіраваных саставаў могуць істотна паўплываць на работу ўсёй сеткі. Да закрыцця пераходу Белынкавічы – Сураж праз яго праходзіла ў сярэднім два-тры таварныя цягнікі за суткі. Цяпер увесь гэты рух дадаткова кладзецца на аршанскі напрамак, які і без таго лічыцца самым загружаным маршрутам Беларускай чыгункі ў бок Расіі.

Перанакіраванне грузаў азначае не толькі павелічэнне працягласці маршрутаў. Узрастае нагрузка на станцыі, мяняецца графік працы лакаматыўных брыгад, павялічваецца час абароту вагонаў і ўскладняецца лагістыка дастаўкі грузаў.

Сітуацыя яшчэ раз паказала, наколькі моцна праца беларускай чыгункі сёння залежыць ад бяспекі расійскай транспартнай інфраструктуры. Калі раней асноўныя рызыкі былі звязаныя з тэхнічным станам уласнай сеткі, то цяпер усё часцей вырашальнае значэнне маюць падзеі за межамі Беларусі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, рух праз пераход Белынкавічы – Сураж можа быць часткова ўжо адноўлены. Аднак нават у гэтым выпадку гаворка пакуль ідзе пра абмежаваны рэжым работы – не больш за адзін таварны цягнік на суткі.

Фотаздымак: Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі

Вайсковы дрон трапіў у гараж у Чавускім раёне

Раніцай 3 чэрвеня 2026 года беспілотнік трапіў у гараж у вёсцы Благавічы Чавускага раёна.

Паводле тэлеграм-канала “Рэальная Беларусь”, пацярпелых ад удару дрона няма, але ў бліжэйшых дамах павыбіла вокны. У хуткім часе ў вёску прыбылі сілавікі і затрымалі мужчыну, які спрабаваў зняць здарэнне на тэлефон.

Нагадаем, што 16 верасня 2025 года расійскі дрон упаў на ўсходзе Магілёўшыны. Падзенне ваеннага беспілотніка суправаджалася грохатам. Больш дакладнае месца падзенне дрона вядома рэдакцыі, але з прычыны бяспекі крыніц інфармацыі, мы не ўказваем яго ў гэтым тэксце.

Паводле сведак, гэта быў першы такі выпадак на Магілёўшчыне. Пры гэтым, мясцовым жыхарам на тэлефоны прыходзілі СМС-паведамленні-папярэджанні “аб нераспаўсюдзе недакладнай інфармацыі”. Як казалі сведкі, гэтыя папярэджанні паступалі ад спецслужб.

Ілюстратыўны фотаздымак: “Рэальная Беларусь”

У Клімавіцкім раёне ствараецца маштабная інфраструктура для расійскай ваеннай базы

Лагістычны цэнтр у Клімавіцкім раёне, што будуецца, насамрэч з’яўляецца інфраструктурай для грузаў расійскай ваеннай базы, ствараемай на месцы былой авіабазы “Крычаў-6”, высветлілі расследавальнікі.

Як стала вядома “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”, на меркаваным лагістычным цэнтры прадугледжаны даволі разгалінаваныя пуці. Там праводзяцца як мінімум восем пуцей рознага прызначэння і стрэлачная развязка, прызначаная для палягчэння і паскарэння манеўровых аперацый.

На тэрыторыю гэтага “лагістычнага цэнтра” вядзе наноў уладкаваны пад’язны пуць, выкананы ў выглядзе прымыкання да перагону Крычаў-1 – Шасцёраўка.

На месцы прымыкання арганізаваны фактычна паўнавартасны паасобны пункт, які ўяўляе сабой пуцявы пост з назвай «Пуцявы пост 245 км» з адпаведным абсталяваннем у выглядзе сігнальных пунктаў – уваходных і выходных святлафораў як з боку станцый Крычаў-1 і Шасцёраўка, так і з боку непасрэдна меркаванага “лагістычнага цэнтра”.

Расследавальнікі адзначаюць, што “лагістычны цэнтр” у Клімавіцкім раёне з’яўляецца прыкрыццём для будаўнічых работ на тэрыторыі былой авіябазы, дзе насамрэч ствараецца ваенная база, насельнікамі якой стануць, цалкам відавочна, расійскія вайскоўцы. А ўладкаванне чыгуначнай інфраструктуры там у прыведзеных аб’ёмах можа сведчыць аб маштабнасці планаваных воінскіх перавозак у гэтым напрамку ў бліжэйшы час.

Створаная там чыгуначная інфраструктура дазволіць эфектыўна і, самае галоўнае, дастаткова ўтойліва праводзіць работы па пагрузцы-выгрузцы воінскага інвентару, абсталявання, тэхнікі, боепрыпасаў, сцвярджаюць у “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”.

На карысць таго, што пабудаваны «лагістычны цэнтр» з’яўляецца аб’ектам ваеннай інфраструктуры, служыць факт яго размяшчэння, што ў значна большай ступені прадугледжвае магчымасці рэалізацыі пагрузачна-разгрузачных аперацый на закрытай тэрыторыі ў любы час сутак з прыцягненнем найменшай колькасці работнікаў чыгункі для пропуску саставаў на аб’ект і з аб’екта.

Па афіцыйнай інфармацыі, заказчыкам работ па ўладкаванні пад’язных пуцей на тэрыторыю былой авіябазы «Крычаў-6» з мэтай арганізацыі там “лагістычнага цэнтра” выступае Магілёўскі аблвыканкам. Аднак расследавальнікі высветлілі, што ініцыятарам дадзенага будаўніцтва з’яўляецца Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, і менавіта расійскі бок ёсць заказчыкам гэтага аб’екта. 

Фотаздымак: БелТА

У Магілёве абвясцілі міліцэйскія вучэнні з выбухамі і стрэламі

Выбухі і стрэлы можна будзе пачуць каля Лядовага палаца ў Магілёве 26 і 27 траўня 2026 года.

Пра комплексныя камандна-штабныя вучэнні па праверцы гатоўнасці падраздзяленняў МУС да дзеянняў у асаблівых умовах паведамляецца ў тэлеграм-канале міліцэйскага міністэрства. Паводле яго, 26-27 траўня з 10 да 16 гадзін будзе перакрыта дарожны рух па вуліцах каля Лядовага палацу – Гагарына (ад Пушкінскага праспекта да бульвара Непакораных), Дзям’яна Беднага (ад вуліцы Гагарына да Севастопальскай) і па завулку Крайняму.

Пры гэтым адзін з этапаў вучэнняў адбудзецца на тэрыторыі Лядовага палаца спорту, з-за чаго каля яго будуць чутныя выбухі і стрэлы. “Хвалявацца не варта”, – супакоўваюць арганізатары вучэнняў. Пры гэтым яны просяць грамадзян зразумець, што гэта ўсё робіцца дзеля іх бяспекі.

Ва ўмовах мілітарызацыі грамадскага жыцця ў Беларусі і бясконцых вайсковых вучэнняў, Міністэрства ўнутраных спраў таксама пэрыядычна праводзіць вучэнні сваіх падраздзяленняў.

Папярэднія прайшлі сёлета ў красавіку ў Віцебскай вобласці, у сакавіку – ў Брэсцкай. На першых удасканалвалі «алгарытм прыкрыцця дзяржаўнай мяжы, стварэння рэзерваў, іх сучаснай перадыслакацыі пры патрэбе», а на другіх – спыняць «масавыя беспарадкі».  

Фотаздымак: ТГ “МУС Беларусі”

У Асіповіцкім раёне прайшлі расійска-беларускія ядзерныя вучэнні

У Асіповіцкім раёне 19-21 траўня 2026 года прайшла трэніроўка з вайсковымі часцямі баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння. 

Пра тое, што вучэнні праходзяць менавіта на Магілёўшчыне, стала вядома з тэлеграм-канала беларускага Міністэрства абароны. 21 траўня ў Асіповіцкі раён да ракетчыкаў прыязджаў Лукашэнка. Там яму прадэманстравалі пускавую ўстаноўку “Іскандэр-М” і нанясенне ўмоўнага ракетнага ядзернага ўдару (электроннага пуску). 

Пасля вучэнняў ён заявіў, што Беларусь не збіраецца ўцягвацца ў вайну ва Украіне, бо ў гэтым няма ніякай неабходнасці. 

Да 2022 года Лукашэнка запэўніваў украінцаў, што з Беларусі на іх ніколі ніхто не нападзе. 24 лютага таго года на мірныя гарады Украіны з беларускай тэрыторыі паляцелі бомбы і расійскія войскі перайшлі беларуска-ўкраінскую мяжу.

Скрыншот: ТГ Мінабароны РБ

Магілёўская пракуратура пайшла правяраць бомбасховішчы

На Магілёўшчыне праверылі аб’екты грамадзянскай абароны на фоне папярэджанняў украінскага кіраўніцтва аб ударах у адказ за яшчэ большы удзел Беларусі ў расійскай агрэсіі.

Органы пракуратуры вобласці, праверыўшы гэтыя аб’екты, сцвярджаюць, што арганізацыі, якім яны належаць, прымаюць меры па падтрыманні іх у гатоўнасці да прыёму насельніцтва. Разам з тым, на больш чым 90 такіх аб’ектах пракуроры знайшлі недахопы і запатрабавалі іх ухілення. Колькі ўсяго бомбасховішчаў і іншых аб’ектаў праверыла пракуратура, у яе паведамленні не адзначаецца.

У прыватнасці, у асобных выпадках не выконваліся патрабаванні парадку эксплуатацыі і ўтрымання ахоўных збудаванняў; забеспячэння перакрыцця, замыкання і герметызацыі праёмаў ахоўна-герметычнымі, герметычнымі варотамі, дзвярамі, аканіцамі і іх механізмамі задрайвання; функцыянавання фільтраў-паглынальнікаў, сістэм фільтра-вентыляцыі і герметычнасці ахоўных збудаванняў.

Нагадаем, што ўкраінскае кіраўніцтва ў апошнія тыдні адзначае “спецыфічную актыўнасць” на прымежнай да Украіны беларускай тэрыторыі і ўзмацненне расійскай прысутнасці ў Беларусі. А пасля апошняй масіраванай паветранай расійскай атакі па Кіеве, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што па даных разведкі Масква пераконвае беларускага дыктатара больш актыўна далучыцца да яе агрэсіі супраць Украіны.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

На парад у Магілёве вывелі дзетсадаўцаў – ці то разведчыкаў, ці то дэсантнікаў

Мілітарызацыяй ранняга дзяцінства і чарговым унёскам у капілку “пабедабесія” вызначыўся дзіцячы садок №104 горада Магілёва. Выхаванцаў садка вывелі маршыраваць у форме дэсантнікаў – што хлопчыкаў, што дзяўчынак. Каментуючы выступленне ражаных дашкольнікаў, дыктар парада, аднак, назваў іх разведчыкамі. Адказвала за гэты ўсплеск псеўдапатрыятызма кіраўнічка фізічнага выхавання садка №104 Калашнікава Таццяна Мікалаеўна.

Мілітарызацыя дзяцінства і эксплуатацыя непаўналетніх для забавы дарослых на ваенных парадах – адносна нядаўняя практыка ў Беларусі. Яна вядомая з 2024 года, калі прыняць удзел у ваенным парадзе на 9 мая прымусілі выхаванцаў магілёўскіх,брэсцкіх, наваградскіх дзіцячых садкоў.

Фота: БелТА

Тры прадпрыемствы з Магілёўшчыны трапілі пад украінскія санкцыі

Магілёўскае прадпрыемства “Ольса”, бабруйскае ТАА “Нафтахімдыягностыка” і “ПК-9”, што ў Горацкім раёне, з’явіліся ў спісе санкцый, падпісаным прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Паводле паведамлення на афіцыйным сайце ўкраінскага прэзідэнта, “Ольса” мае дачыненне да вырабу артылерыйскіх снарадаў калібраў 122 мм і 152 мм, якія  Расія выкарыстоўвае супраць Украіны. 

Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства “ПК-9”, якое дзейнічае пры горацкай калоніі №9, вырабляе упакоўку для снарадаў. А “Нафтахімдыягностыка” займаецца выпрабаваннем боепрыпасаў.

Усяго ў даны санкцыйны пакет увайшлі 11 беларускіх юрыдычных асоб і 16 грамадзян Беларусі.

Сярод фізічных асоб – сыны беларускага дыктатара Віктар і Дзмітрый, яго блізкі паплечнік Віктар Шэйман. Усе яны, сярод іншага, задзейнічаны ў схемах па абыходзе міжнародных эканамічных санкцый.

Фотаздымак: president.gov.ua