Крычаўскі напрамак БЧ перакрываўся з-за ўдара дронаў па расійскай Унечы

Удар беспілотнікаў па гораду Унеча Бранскай вобласці Расіі прывёў да закрыцця руху на ўчастку Крычаў – Сураж.

Наступствы вайны ва Украіне ўсё мацней адбіваюцца на працы Беларускай чыгункі. Паводле інфармацыі некалькіх крыніц “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”, з 30 траўня 2026 года быў змянены маршрут грузавых перавозак на крычаўскім напрамку пасля атакі беспілотнікаў на чыгуначную інфраструктуру ў расійскай Унечы.

Гаворка ідзе пра міждзяржаўны чыгуначны стык Белынкавічы – Сураж, які злучае Крычаўскі вузел Беларускай чыгункі з расійскай сеткай у кірунку важнага чыгуначнага вузла Унеча ў Бранскай вобласці.

Пасля падзей 21 траўня, калі ў раёне станцыі Унеча быў нанесены ўдар беспілотнікамі па чыгуначнай інфраструктуры, адпраўка таварных цягнікоў праз гэты пераход была спынена.

У выніку таварныя саставы, якія раней ішлі з Крычава праз Белынкавічы і Сураж у бок Унечы, былі вымушаныя змяніць маршрут. Цяпер іх накіроўваюць праз Оршу і далей праз міждзяржаўны пераход Асіноўка – Краснае на смаленскім напрамку.

Для жыхароў Магілёўшчыны гэта можа выглядаць як выключна тэхнічнае рашэнне чыгуначнікаў. Аднак для транспартнай сістэмы яно мае значна большыя наступствы.

Унеча з’яўляецца адным з ключавых чыгуначных вузлоў на захадзе Расіі. Праз яе праходзяць грузавыя патокі, звязаныя ў тым ліку з беларускай эканомікай. Любое парушэнне працы гэтага вузла адразу адбіваецца на арганізацыі руху цягнікоў па беларускім баку мяжы.

Паводле звестак крыніц, пасля ўвядзення абмежаванняў праз пераход Белынкавічы – Сураж не быў адпраўлены ніводзін грузавы цягнік у напрамку Унечы.

Пры гэтым поўнага спынення чыгуначных зносін з гэтым рэгіёнам не адбылося. Другі міждзяржаўны пераход Закапыцце – Злынка на гомельскім напрамку працягваў працаваць у звычайным рэжыме. Праз яго і далей курсуюць як таварныя, так і пасажырскія цягнікі.

Спецыялісты адзначаюць, што нават некалькі перанакіраваных саставаў могуць істотна паўплываць на работу ўсёй сеткі. Да закрыцця пераходу Белынкавічы – Сураж праз яго праходзіла ў сярэднім два-тры таварныя цягнікі за суткі. Цяпер увесь гэты рух дадаткова кладзецца на аршанскі напрамак, які і без таго лічыцца самым загружаным маршрутам Беларускай чыгункі ў бок Расіі.

Перанакіраванне грузаў азначае не толькі павелічэнне працягласці маршрутаў. Узрастае нагрузка на станцыі, мяняецца графік працы лакаматыўных брыгад, павялічваецца час абароту вагонаў і ўскладняецца лагістыка дастаўкі грузаў.

Сітуацыя яшчэ раз паказала, наколькі моцна праца беларускай чыгункі сёння залежыць ад бяспекі расійскай транспартнай інфраструктуры. Калі раней асноўныя рызыкі былі звязаныя з тэхнічным станам уласнай сеткі, то цяпер усё часцей вырашальнае значэнне маюць падзеі за межамі Беларусі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, рух праз пераход Белынкавічы – Сураж можа быць часткова ўжо адноўлены. Аднак нават у гэтым выпадку гаворка пакуль ідзе пра абмежаваны рэжым работы – не больш за адзін таварны цягнік на суткі.

Фотаздымак: Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі