У Клімавіцкім раёне ствараецца маштабная інфраструктура для расійскай ваеннай базы

Лагістычны цэнтр у Клімавіцкім раёне, што будуецца, насамрэч з’яўляецца інфраструктурай для грузаў расійскай ваеннай базы, ствараемай на месцы былой авіабазы “Крычаў-6”, высветлілі расследавальнікі.

Як стала вядома “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”, на меркаваным лагістычным цэнтры прадугледжаны даволі разгалінаваныя пуці. Там праводзяцца як мінімум восем пуцей рознага прызначэння і стрэлачная развязка, прызначаная для палягчэння і паскарэння манеўровых аперацый.

На тэрыторыю гэтага “лагістычнага цэнтра” вядзе наноў уладкаваны пад’язны пуць, выкананы ў выглядзе прымыкання да перагону Крычаў-1 – Шасцёраўка.

На месцы прымыкання арганізаваны фактычна паўнавартасны паасобны пункт, які ўяўляе сабой пуцявы пост з назвай «Пуцявы пост 245 км» з адпаведным абсталяваннем у выглядзе сігнальных пунктаў – уваходных і выходных святлафораў як з боку станцый Крычаў-1 і Шасцёраўка, так і з боку непасрэдна меркаванага “лагістычнага цэнтра”.

Расследавальнікі адзначаюць, што “лагістычны цэнтр” у Клімавіцкім раёне з’яўляецца прыкрыццём для будаўнічых работ на тэрыторыі былой авіябазы, дзе насамрэч ствараецца ваенная база, насельнікамі якой стануць, цалкам відавочна, расійскія вайскоўцы. А ўладкаванне чыгуначнай інфраструктуры там у прыведзеных аб’ёмах можа сведчыць аб маштабнасці планаваных воінскіх перавозак у гэтым напрамку ў бліжэйшы час.

Створаная там чыгуначная інфраструктура дазволіць эфектыўна і, самае галоўнае, дастаткова ўтойліва праводзіць работы па пагрузцы-выгрузцы воінскага інвентару, абсталявання, тэхнікі, боепрыпасаў, сцвярджаюць у “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”.

На карысць таго, што пабудаваны «лагістычны цэнтр» з’яўляецца аб’ектам ваеннай інфраструктуры, служыць факт яго размяшчэння, што ў значна большай ступені прадугледжвае магчымасці рэалізацыі пагрузачна-разгрузачных аперацый на закрытай тэрыторыі ў любы час сутак з прыцягненнем найменшай колькасці работнікаў чыгункі для пропуску саставаў на аб’ект і з аб’екта.

Па афіцыйнай інфармацыі, заказчыкам работ па ўладкаванні пад’язных пуцей на тэрыторыю былой авіябазы «Крычаў-6» з мэтай арганізацыі там “лагістычнага цэнтра” выступае Магілёўскі аблвыканкам. Аднак расследавальнікі высветлілі, што ініцыятарам дадзенага будаўніцтва з’яўляецца Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, і менавіта расійскі бок ёсць заказчыкам гэтага аб’екта. 

Фотаздымак: БелТА

У Клімавіцкім і Крычаўскім раёнах з’явіліся расійскія ваенныя

Расійскія ваенныя ў Клімавіцкім і Крычаўскім раёнах займаюцца аднаўленнем былых вайсковых аб’ектаў.

Як распавяла mogilev.media дасведчаная крыніца, у цяперашні час на тэрыторыі Клімавіцкага раёна каля вёскі Барсукі ідзе аднаўленне былога вайсковага аэрадрома і ваеннага гарадка пры ім. Пасля развалу Савецкага саюза гэты аэрадром, прызначаны менавіта для вайсковай авіяцыі, был закінуты, занядбаны і нават часткова раскрадзены. 

Цэны на кватэры ў ваенным гарадку істотна знізіліся, і тыя, хто хацеў іх прадаць, па сутнасці, аддавалі за бесцань. Цяпер жа, паколькі аэрадром пачалі рамантаваць і аднаўляць, цэны на жыллё ў Барсуках пайшлі ўгору. У сваю чаргу, на аэрадроме ўжо базуюцца верталёты, усталяваны лакатары.

Па сцвярджэннях мясцовых жыхароў, аднаўленчымі працамі займаюцца расійскія ваенныя. Сярод іх афіцэры і салдаты, а тэхніка – з 21-га расійскага рэгіёна, гэта значыць, з Чувашскай рэспублікі. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што расійскія вайскоўцы – славянскай знешнасці. Беларусы робяць вывад, што такіх прыслалі ў магілёўскую глыбінку для таго, каб якая-небудзь азіяцкая ці каўказская знешнасць не кідалася ў вочы мясцоваму люду.

Акрамя таго, пад Крычавам пачалося аднаўленне месца, дзе раней таксама дыслакавалася вайсковая частка. Гэтае месца мае назву Крычаў-2. У аднаўленні гэтай ваеннай базы таксама прымаюць актыўны ўдзел расійскія вайскоўцы. 

Мясцовыя назіральнікі мяркуюць, што актыўнасць расіян ў тых мясцінах, магчыма, звязана з заявамі аб размяшчэнні ў Беларусі ракетнага комплекса “Арэшнік”. Агулам жа з’яўленне і актыўнасць расійскіх вайскоўцаў выклікае трывогу ў насельніцтва Клімавіцкага і Крычаўскага раёнаў.

Фотаздымак: o001oo.ru

Клімавіцкі брыгадзір аддзелаўся “хатняй хіміяй” за гібель пастуха

Дапушчаны да працы пастух загінуў пры пераходзе жывёлы праз раку. Ён не толькі не меў кваліфікацыі, а наогул не працаваў на гэтым прадпрыемстве.

У чэрвені 2025 года, працуючы брыгадзірам ў адным з сельгаспрадспрыемстваў Клімавіцкага раёна супрацоўнік дапусціў да пасьбы жывёлы грамадзяніна, які не меў да гэтага неабходнай кваліфікацыі. Больш за тое, гэты чалавек увогуле не меў якіх-кольвечы ведаў, датычных тэхнікі бяспекі і ахове працы пры выкананні такога роду дзейнасці, і нават не працаваў у тым сельгаспрадпрыемстве. 

Усё гэта высветліў Клімавіцкі райсуд, калі разлядаў справу аб смерці пастуха, які патануў пры перагоне статка праз раку.

Брыгадзір цалкам прызнаў сваю віну, і суд быў да яго надзвычай паблажлівы. За ўсё яго дзеянні, якія пацягнулі смерць падначаленага, абвінавачаны атрымаў два гады “хатняй хіміі” з забаронай на тры гады займаць кіруючыя пасады.

Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц