Ветэрынар ішоў смела – расследуецца, як мужчына праваліўся ў калодзеж на ферме

У Клімавічах расследуецца крымінальная справа аб службовай халатнасці. 

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Таццяна Старасотнікава, 12 студзеня ў Клімавіцкую раённую бальніцу звярнуўся 58-гадовы мясцовы жыхар. Высветлілася, што пацярпелы з’яўляецца галоўным ветэрынарным урачом сельскагаспадарчага прадпрыемства. 

Ідучы па тэрыторыі малочна-товарнай фермы, работнік праваліўся ў адкрытую, але заснежаную студню. У выніку мужчына атрымаў закрыты пералом левай галёнкі. 

Разынкай гэтага здарэння з’яўляецца тое, што ветэрынар ведаў пра калодзеж у гэтым месцы. Аднак студня заўсёды была закрыта драўляным шчытом. Пра тое, што цяпер яна можа быць адкрытай, мужчына не мог і думаць, пагэтаму смела ішоў па заснежанай тэрыторыі фермы.

У дачыненні да выконваючага абавязкі дырэктара прадпрыемства распачата крымінальная справа за службовую халатнасць.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Клімавічамі ўвялі карантын па шаленстве

Карантынныя мерапрыемствы ў сувязі з пагрозай заражэння шаленствам уведзеныя ў вёсцы Лазавіца Клімавіцкага раёна і ў лясным масіве побач – паведамляе раённая газета “Родная ніва”. У гэтай мясцовасці праводзіцца ліквідацыя эпізаатычнага ачага захворвання.

Фота ілюстрацыйнае

У Клімавіцкім раёне сфарміравалі першы атрад народнага апалчэння – фота

У Беларусі толькі рыхтуюцца прыняць закон аб апалчэнцах, але людзям ужо даюць зброю.

Фарміраванне першага добраахвотнага атрада тэрытарыяльнай абароны адбылося ў аграгарадку Лабжа на Клімавіччыне – паведамляе раённая газета “Родная ніва”. 11 верасня ў лабжанскім сельскім клубе намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь Андрэй Маціевіч прывітаў першых добраахвотнікаў мясцовага апалчэння. На мерапрыемстве апалчэнцам растлумачылі іх правы і абавязкі, а таксама распавялі пра ўладкаванне аўтамата і паказалі, як ім карыстацца. 

Добраахвотны атрад тэрытарыяльнай абароны налічыў 22 чалавекі. Усе ўдзельнікі – жыхары Лабжанскага сельскага савета Клімавіцкага раёна. У атрадзе апынулася адна жанчына. Наталля Ермаковіч прыйшла запісвацца ў апалчэнцы разам са сваім мужам, Дзмітрыем Малахавым. Пара жыве ў вёсцы Рудня, вядзе вялікую гаспадарку, трымаючы авечак, коз, свіней і птушку.

На сённяшні дзень народнае апалчэнне ў Беларусі не мае свайго юрыдычнага афармлення. Праца над законам аб ім яшчэ вядзецца – паведамілі падчас сустрэчы з лабжанскімі добраахвотнікамі. Але ўжо пачалася арганізацыя атрадаў апалчэння на месцах. 

Сярод асноўных задач, якія будуць стаяць перад народным апалчэннем – абарона сваіх дамоў, населеных пунктаў ад марадзёраў, цеснае ўзаемадзеянне з фарміраваннямі ўзброеных сіл, міліцыяй, удзел у ахове грамадскага парадку.

Фота: “Родная ніва”