Да крыніцы ў Крычаўскім раёне людзі пачалі звозіць смецце, а купелю засмецілі бычкамі і фанцікамі

Прайшоў усяго месяц, як у вёсцы Нізкі Крычаўскага раёна каля крыніцы правялі абрадавае свята ў гонар прарока Іллі і дзень вёскі, а ўжо прыроднае месца аказалася засмечаным. Крычаўскія ўлады абураны і здзіўлены засмечваннем купелі і вакольнай тэрыторыі каля крыніцы.

Людзі наведваюцца да крыніцы не толькі ў час рэлігійных святаў, але і ў звычайныя дні. Але далёка не кожны з добрымі намерамі прыходзіць да воднага аб’екта, які быў асвечаны праваслаўнай царквой яшчэ напачатку 2021 года. 

Нядбайныя людзі панадзіліся сюды, на крыніцу, смецце вывозіць. Несанкцыянаваныя звалкі сельсавет прыбірае, але выглядае гэта сумна. У самой купелі поўна цыгарэтных бычкоў і фанцікаў, але вось гэта яшчэ паўбяды, а вось пакеты з бытавым смеццем ужо значна сур’ёзней. Накіданае смецца, якое разлагаецца – гэта не толькі пытанне эстэтыкі, а яшчэ і экалогіі, бо ўсе шкодныя рэчывы праз глебу пойдуць у ваду –  паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.  

Ад рэдацыі. Праблема не толькі ў неахайнасці людзей, якія засмечваць крыніцу і купелю, але і ў тым, што мясцовая ўлада пафасна адкрывала і асвечвала крыніцу паўтары гады таму. Пры гэтым мала ўлічваліся народныя традыцыі ў сферы ўшанавання воднага аб’екта ў Нізках: прылеглую тэрыторыю да крыніцы залілі бетонам, паклалі плітку. Такое ўпарадкаванне крыніцы ўплывае на экалогію не менш за засмечванне воднага аб’екта людзьмі. У гэтым таксама ёсць адна з прычынаў абыякавага (і нават грэблівага) стаўлення да крыніцы.   

Фота з адкрытых крыніц

На Клімаўшчыне асвяцілі крынічку на тэрыторыі зніклай вёскі

Новае жыццё крыніца атрымала дзякуючы братам Андрэю і Сяргею Волікавым – ураджэнцам вёсцы Юр’евічы, якая ў сярэдзіне 2010-х гадоў знікла з карты Клімавіцкага раёна. Але крыніца раней не з‘яўлялася святой, таму яе асвячэнне – з’ява выключна сучасная. 

Браты Волікавы хоць нарадзіліся і выраслі ў Юр’евічах, але з цягам часу з’ехалі ў горад і цяпер займаюцца перавозкамі пасажыраў на маршрутных таксі. Тым не менш пра месца, дзе нарадзіліся, не забыліся, і ў роднай вёсцы вырашылі ўладкаваць пасеку. Падчас прыездаў у родныя мясіны браты і ўспомнілі пра крыніцу, якая некалі паіла вяскоўцаў смачнай вадой.

Волікавы прызнаюцца, што было няпроста адшукаць гэтую крыніцу, бо знаёмыя з дзяцінства месцы зараслі дрэвамі і густой травой. Імі шмат зроблена ў справе ўпарадкавання юр’еўскай крыніцы. Побач з самой крыніцай з цягам часу была зроблена яшчэ і купеля, у якую вернікі могуць акунацца. 

На выходных адбылося асвячэнне крыніцы і купелі ў былой вёсцы Юр’евічы, якое правёў настаяцель Мілаславіцкай і Звянчацкай цэркваў айцец Мікалай. Крыніца была асвечана ў гонар Ціхвінскай іконы Божай Маці. На асвячэнні воднага аб’екта было нямала людзей, бо Волікавы арганізавалі на сваіх маршрутках бясплатны падвоз клімаўчан да крыніцы. Жадаючых прыехаць было нямала. Былі таксама вяскоўцы з навакольных паселішчаў – Мілаславічаў, Макеевічаў, Перавалачні і нават некаторыя жыхары суседняга Шумяцкага раёна Расійскай Федэрацыі – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”.  

Пасля асвячэння ўсе ахвочыя змаглі набраць крынічнай вадзічкі ў прынесеныя з сабой ёмістасці, а некаторыя не прамінулі і магчымасці акунуцца ў новаствораную купелю.

Ад рэдакцыі. “Упарадкаванне” крыніцы з удзелам праваслаўнай царквы і мясцовых уладаў адбылося тыпова бязграматнае, бо не адпавядае народным традыцыям і толькі шкодзіць экалогіі вясковага воднага аб’екта. Замест традыцыйнага драўлянага зруба і акуратнага экалагічнага падыходу да вады пляцоўка вакол крыніцы зацэментавана, быў зроблены абсалютна непатрэбны дрэнаж. Сама крыніца закавана ў бетонныя кольцы і ўсёй прыроднай яе прыгажосці цяпер не ўбачыш. 

Таксам важна адзначыць, што вясковая крыніца ў Юр’евічах колісь не лічылася святой, а вызнавалася мясцовымі жыхарамі выключна як добрая пітная вада. Аднак цяпер мясцовая праваслаўная царква яе асвяціла і прызнае святой, праўда звязана сакральнасць выключна з царкоўным культам без аніякіх народных традыцый, бо ранейшага ўшанавання воднага аб’екта папросту не было. Даследчыкі-этнографы называюць падобную з’яву сучаснай сакралізацыяй крыніц, калі водны аб’ект асвячаецца царквой ў гонар нейкага святога, хоць крыніца ніколі мясцовым насельніцтвам не вызначалася асаблівай. 

Фота: “Родная ніва”

Вада Палыкавіцкай крыніцы ўсё яшчэ небяспечная для здароўя

Напрэдадні вадохрышча санітарная служба Магілёўскага рэгіёна ўзяла пробы з крыніц каля абласнога цэнтра. На праверку была ўзятая вада з Палыкавіцкай крыніцы і з крыніцы ў вёсцы Дубінка – піша “Прыдняпроўская ніва”.

Амаль два месяцы таму пробы з Палыкавіч паказалі перавышэнне па нітратах – распавядалі mogilev.media. Пры норме на ўтрыманне нітратаў 45 мг/дм3, вада з крыніцы паказала 46,2 міліграмаў нітратаў на кубічны дэцыметр вадкасці. Пры гэтым ад нітратаў у вадзе немагчыма пазбавіцца кіпячэннем. Пагэтаму спецыялісты заклікалі не ўжываць гэтую ваду як пітво, аднак і забараняць гэта рабіць яны не могуць.

– Нарматыўнымі дакументамі якасць і бяспека вады ў крыніцах не рэгламентуюцца, паколькі гэты від водакрыніцы з’яўляецца прыродным, якасць вады ў дадзеных крыніцах пераменлівая, залежыць ад цэлага шэрагу фактараў. – патлумачыла загадчык аддзялення камунальнай гігіены абласной санстанцыі Аксана Воранава.

Новыя спробы зноўку пацвярдзілі – вада з крыніцы ў Палыкавічах адпавядае гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках бяспекі, аднак не адпавядае гігіенічным нарматывам па санітарна-хімічных паказчыках – па ўтрыманні нітратаў. Вада з крыніцы ў Дубінках адпавядае гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках.

Фота з адкрытых крыніц.