Вада Палыкавіцкай крыніцы ўсё яшчэ небяспечная для здароўя

Напрэдадні вадохрышча санітарная служба Магілёўскага рэгіёна ўзяла пробы з крыніц каля абласнога цэнтра. На праверку была ўзятая вада з Палыкавіцкай крыніцы і з крыніцы ў вёсцы Дубінка – піша “Прыдняпроўская ніва”.

Амаль два месяцы таму пробы з Палыкавіч паказалі перавышэнне па нітратах – распавядалі mogilev.media. Пры норме на ўтрыманне нітратаў 45 мг/дм3, вада з крыніцы паказала 46,2 міліграмаў нітратаў на кубічны дэцыметр вадкасці. Пры гэтым ад нітратаў у вадзе немагчыма пазбавіцца кіпячэннем. Пагэтаму спецыялісты заклікалі не ўжываць гэтую ваду як пітво, аднак і забараняць гэта рабіць яны не могуць.

– Нарматыўнымі дакументамі якасць і бяспека вады ў крыніцах не рэгламентуюцца, паколькі гэты від водакрыніцы з’яўляецца прыродным, якасць вады ў дадзеных крыніцах пераменлівая, залежыць ад цэлага шэрагу фактараў. – патлумачыла загадчык аддзялення камунальнай гігіены абласной санстанцыі Аксана Воранава.

Новыя спробы зноўку пацвярдзілі – вада з крыніцы ў Палыкавічах адпавядае гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках бяспекі, аднак не адпавядае гігіенічным нарматывам па санітарна-хімічных паказчыках – па ўтрыманні нітратаў. Вада з крыніцы ў Дубінках адпавядае гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках.

Фота з адкрытых крыніц.