Касцюковіцкія БРСМаўцы ўпарадкавалі храм, які калісьці разбурылі іх папярэднікі

БРСМаўцы касцюковіцкага каледжа навялі парадак на тэрыторыі Крыжаўзвіжанскага храма, які быў знішчаны іх ідэалагічнымі продкамі.

Маладыя людзі прыбралі тэрыторыю вакол праваслаўнага храма Касцюковічаў – прыбралі апалае лісце і ачысцілі клумбы ад сухіх раслін. 

“Кожны год хлопцы і дзяўчаты далучаюцца да добраўпарадкавання аб’ектаў духоўнай спадчыны. Сумесная праца згуртоўвае моладзь, выхоўвае стараннасць у працы і разуменне значнасці захавання культурных і гістарычных традыцый” – цытуе словы раённага сакратара БРСМ Лізаветы Андрэйчанка раённае выданне “Голас Кацюкоўшчыны”.

БРСМ уборка царква

Гучаць гэтыя словы чыноўніка ад БРСМ дзіўна і нават парадаксальна, бо за савецкім часам піянеры ды камсамольцы выступалі за ліквідацыю гэтай праваслаўнай царквы, вядомай з 1830-х гг. Урэшце Крыжаўзвіжанская царква была знішчана ў 1933 годзе савецкай уладай у межах антырэлігійнай палітыкі. Аднавілі царкву толькі напачатку ХХ стагоддзя, у 1999 годзе, і на сёння яна з’яўляецца адной з галоўных славутасцяў Касцюковічаў.

Фота: golk.by

На Клімаўшчыне асвяцілі крынічку на тэрыторыі зніклай вёскі

Новае жыццё крыніца атрымала дзякуючы братам Андрэю і Сяргею Волікавым – ураджэнцам вёсцы Юр’евічы, якая ў сярэдзіне 2010-х гадоў знікла з карты Клімавіцкага раёна. Але крыніца раней не з‘яўлялася святой, таму яе асвячэнне – з’ява выключна сучасная. 

Браты Волікавы хоць нарадзіліся і выраслі ў Юр’евічах, але з цягам часу з’ехалі ў горад і цяпер займаюцца перавозкамі пасажыраў на маршрутных таксі. Тым не менш пра месца, дзе нарадзіліся, не забыліся, і ў роднай вёсцы вырашылі ўладкаваць пасеку. Падчас прыездаў у родныя мясіны браты і ўспомнілі пра крыніцу, якая некалі паіла вяскоўцаў смачнай вадой.

Волікавы прызнаюцца, што было няпроста адшукаць гэтую крыніцу, бо знаёмыя з дзяцінства месцы зараслі дрэвамі і густой травой. Імі шмат зроблена ў справе ўпарадкавання юр’еўскай крыніцы. Побач з самой крыніцай з цягам часу была зроблена яшчэ і купеля, у якую вернікі могуць акунацца. 

На выходных адбылося асвячэнне крыніцы і купелі ў былой вёсцы Юр’евічы, якое правёў настаяцель Мілаславіцкай і Звянчацкай цэркваў айцец Мікалай. Крыніца была асвечана ў гонар Ціхвінскай іконы Божай Маці. На асвячэнні воднага аб’екта было нямала людзей, бо Волікавы арганізавалі на сваіх маршрутках бясплатны падвоз клімаўчан да крыніцы. Жадаючых прыехаць было нямала. Былі таксама вяскоўцы з навакольных паселішчаў – Мілаславічаў, Макеевічаў, Перавалачні і нават некаторыя жыхары суседняга Шумяцкага раёна Расійскай Федэрацыі – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”.  

Пасля асвячэння ўсе ахвочыя змаглі набраць крынічнай вадзічкі ў прынесеныя з сабой ёмістасці, а некаторыя не прамінулі і магчымасці акунуцца ў новаствораную купелю.

Ад рэдакцыі. “Упарадкаванне” крыніцы з удзелам праваслаўнай царквы і мясцовых уладаў адбылося тыпова бязграматнае, бо не адпавядае народным традыцыям і толькі шкодзіць экалогіі вясковага воднага аб’екта. Замест традыцыйнага драўлянага зруба і акуратнага экалагічнага падыходу да вады пляцоўка вакол крыніцы зацэментавана, быў зроблены абсалютна непатрэбны дрэнаж. Сама крыніца закавана ў бетонныя кольцы і ўсёй прыроднай яе прыгажосці цяпер не ўбачыш. 

Таксам важна адзначыць, што вясковая крыніца ў Юр’евічах колісь не лічылася святой, а вызнавалася мясцовымі жыхарамі выключна як добрая пітная вада. Аднак цяпер мясцовая праваслаўная царква яе асвяціла і прызнае святой, праўда звязана сакральнасць выключна з царкоўным культам без аніякіх народных традыцый, бо ранейшага ўшанавання воднага аб’екта папросту не было. Даследчыкі-этнографы называюць падобную з’яву сучаснай сакралізацыяй крыніц, калі водны аб’ект асвячаецца царквой ў гонар нейкага святога, хоць крыніца ніколі мясцовым насельніцтвам не вызначалася асаблівай. 

Фота: “Родная ніва”

У Хоцімску зацыкліліся на ўязных знаках райцэнтра

Знешні выгляд уязных знакаў з боку трас Хоцімск-Клімавічы і Хоцімск-Касцюковічы абнавіўся дзякуючы намаганням супрацоўнікаў сферы культуры. Культработнікі пафарбавалі кожны ўяздны знак, якія цяпер выглядаюць больш свежымі – паведамляе хоцімская раённая газета “Шлях Кастрычніка”.   

Гэта падзея адбылася на фоне конкурса на стварэнне ўяздой кампазіцыі Хоцімска, які ўжо распачаўся і завершыцца ў траўні, пра што раней пісалі mogilev.media. 

Фота “Шлях Кастрычніка”