Ва Ўкране арыштаваная маёмасць расійскіх і беларускіх прадпрыемстваў на 8 мільёнаў долараў

На патрабаванне Генеральнай пракуратуры Ўкраіны арышт накладзены на верталёт, запчасткі да яго ды іншую маёмасць, якія ацэненыя ў 300 мільёнаў грыўнаў (8 203 759 долараў ЗША на 13 верасня, ММ).

У паведамленні ведамства прадпрыемствы не называюцца. Адзначаецца, што іх маёмасць была завезеная для рамонту на некалькі ўкраінскіх прадпрыемстваў перад поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Ўкраіну.

Заказчыкам выступала Міністэрства абароны Беларусі, беларускія ды расійскія прадпрыемствы. Цяпер вырашаецца пытанне аб перадачы арыштаванай маёмасці ўзброеным сілам Украіны.

Акрамя таго, дадае Генеральная пракуратура Ўкраіны, беларускія прадпрыемствы знаходзяцца пад санкцыямі ЗША. Што да расійскіх прадпрыемстваў, то асноўнымі іхнымі заказчыкамі былі нацыянальная гвардыя Расіі, а таксама Міністэрства ўнутраных справаў, ды адміністрацыя Пуціна.

фота: t.me/pgo_gov_ua

У Клімавіцкім раёне сфарміравалі першы атрад народнага апалчэння – фота

У Беларусі толькі рыхтуюцца прыняць закон аб апалчэнцах, але людзям ужо даюць зброю.

Фарміраванне першага добраахвотнага атрада тэрытарыяльнай абароны адбылося ў аграгарадку Лабжа на Клімавіччыне – паведамляе раённая газета “Родная ніва”. 11 верасня ў лабжанскім сельскім клубе намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь Андрэй Маціевіч прывітаў першых добраахвотнікаў мясцовага апалчэння. На мерапрыемстве апалчэнцам растлумачылі іх правы і абавязкі, а таксама распавялі пра ўладкаванне аўтамата і паказалі, як ім карыстацца. 

Добраахвотны атрад тэрытарыяльнай абароны налічыў 22 чалавекі. Усе ўдзельнікі – жыхары Лабжанскага сельскага савета Клімавіцкага раёна. У атрадзе апынулася адна жанчына. Наталля Ермаковіч прыйшла запісвацца ў апалчэнцы разам са сваім мужам, Дзмітрыем Малахавым. Пара жыве ў вёсцы Рудня, вядзе вялікую гаспадарку, трымаючы авечак, коз, свіней і птушку.

На сённяшні дзень народнае апалчэнне ў Беларусі не мае свайго юрыдычнага афармлення. Праца над законам аб ім яшчэ вядзецца – паведамілі падчас сустрэчы з лабжанскімі добраахвотнікамі. Але ўжо пачалася арганізацыя атрадаў апалчэння на месцах. 

Сярод асноўных задач, якія будуць стаяць перад народным апалчэннем – абарона сваіх дамоў, населеных пунктаў ад марадзёраў, цеснае ўзаемадзеянне з фарміраваннямі ўзброеных сіл, міліцыяй, удзел у ахове грамадскага парадку.

Фота: “Родная ніва”

Вайна ва Ўкраіне. Расія здольная прыцягнуць яшчэ да 350 тысяч вайскоўцаў, лічыць украінская выведка

Паводле яе, кадравы голад ва ўзброеных сілах краіны-агрэсара праявіўся пасля шматлікіх чалавечых страт, якія яна зазнала яшчэ ў першыя дні вайны. 

Разам з тым, Расія не адмовілася ад намераў захапіць Данбас і яна хоча выйсці на адміністрацыйную мяжу Данецкай вобласці да 15 верасня.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі лічыць, што «Расія мае вялікі кантынгент у Сірыі, разгалінаваную сетку ваенных баз у Арменіі і Таджыкістане, а таксама ў Нагорным Карабаху ды ў Казахстане, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

«Такім чынам, калі скласці гэта ў адзінае, то атрымліваецца 300-350 тысяч, якія Расія можа выкарыстаць у вайне супраць Украіны» – мяркуе Скібіцкі.

ichef.bbci.co.uk

Ён настойвае, што кадравы голад ва ўзброеных сілах «краіны-тэрарыста» яскрава праявіўся пасля шматлікіх людскіх страт, якія «акупанты панеслі яшчэ з першых дзён вайны».

Па яго словах, у сакавіку-красавіку расійскім кіраўніцтвам было прынята рашэнне выкарыстоўваць у баявых дзеяннях толькі вайскоўцаў, якія падпісалі з узброенымі сіламі Расіі адпаведныя кантракты. Калі істотна павялічылася колькасць загінулых і параненых вайскоўцаў, то стала менш ахвотных заключыць кантракт для праходжання ваеннай службы.

«УНІАН» нагадвае, што расіяне не адмовіліся ад намераў захапіць Данбас і цяпер яны хочуць выйсці на адміністрацыйную мяжу Данецкай вобласці да 15 верасня.

На ўсходзе Украіны ўзброеныя сілы Расіі засяродзілі асноўныя намаганні ў наступальных дзеяннях на Бахмуцкім і Аўдзееўскім напрамках. На Краматорскім і Новапаўлаўскім напрамках яны спрабуюць палепшыць тактычнае становішча. Таксама яны вядуць баі, каб не страціць лагістычныя маршруты ў Харкаўскай вобласці.

img.pravda.com

У сувязі з вялікімі стратамі, у прыватнасці, рэгулярным знішчэннем лагістычных шляхоў, Расія перакідвае праз пантоны ў Херсонскую вобласць дадатковую тэхніку і асабовы склад.

З’явілася інфармацыя, што расіяне перагрупоўваюцца і перакідваюць дадатковыя войскі на Данбас і ў Запарожскую вобласць – для аднаўлення наступу.