Ва Ўкране арыштаваная маёмасць расійскіх і беларускіх прадпрыемстваў на 8 мільёнаў долараў

На патрабаванне Генеральнай пракуратуры Ўкраіны арышт накладзены на верталёт, запчасткі да яго ды іншую маёмасць, якія ацэненыя ў 300 мільёнаў грыўнаў (8 203 759 долараў ЗША на 13 верасня, ММ).

У паведамленні ведамства прадпрыемствы не называюцца. Адзначаецца, што іх маёмасць была завезеная для рамонту на некалькі ўкраінскіх прадпрыемстваў перад поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Ўкраіну.

Заказчыкам выступала Міністэрства абароны Беларусі, беларускія ды расійскія прадпрыемствы. Цяпер вырашаецца пытанне аб перадачы арыштаванай маёмасці ўзброеным сілам Украіны.

Акрамя таго, дадае Генеральная пракуратура Ўкраіны, беларускія прадпрыемствы знаходзяцца пад санкцыямі ЗША. Што да расійскіх прадпрыемстваў, то асноўнымі іхнымі заказчыкамі былі нацыянальная гвардыя Расіі, а таксама Міністэрства ўнутраных справаў, ды адміністрацыя Пуціна.

фота: t.me/pgo_gov_ua

У Магілёве зносяць гаражы – ва ўласнікаў ёсць 10 дзён, каб забраць з іх маёмасць

Гараджане абавязаныя вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Уладальнікі металічных гаражоў павінны прыбраць іх да 10 верасня. На іх месцы ўзвядуць шматпавярховікі.

Будаўніцтва трох дзесяціпавярховых дамоў на вуліцы 30 год Перамогі адгукнулася на лёсе невялікага гаражнага кааператыва. Гаражы, пабудаваныя ў пачатку 1990-х ідуць пад знос у сувязі з распачатым будаўніцтвам. Будаўнікі збіраюцца знішчыць больш за 200 металічных каробак – паведамляе тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў».

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Ленінскага раёну Аляксей Шарай даводзіць: яшчэ падчас будаўніцтва гаражоў у Дамову быў уключаны адмысловы пункт. Гараджане абавязаліся вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Цяпер такое патрабаванне агучанае – на месцы кааператыва запланавана шматкватэрнае будаўніцтва з добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Уласнікі металічных гаражоў павінны самастойна забраць з іх каштоўную маёмасць і паклапаціцца пра новае месца размяшчэння да 10 верасня. Пакінуць гараж на прыдамавой тэрыторыі змогуць толькі інвалідам ІІ групы па хваробе апорна-рухальнага апарату.

Гаражы, у якія не будзе забяспечаны доступ будаўнікам, будуць ускрытыя без прысутнасці ўладальнікаў, а самі металічныя каробкі адправяцца на адмысловы палігон, чакаць свайго далейшага лёсу.

 

Настаўніцу гісторыі з Бабруйску звольнілі за салідарнасць з Украінай

З Ларысай Секержыцкай адміністрацыя школы не падоўжыла кантракт пасля таго, як настаўніцу асудзілі за жоўта-блакітную стужку ў прычосцы. У ёй міліцыя і суд угледзелі прыкметы «правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». 

Секержыцкую затрымалі на працоўным месцы, а міліцыю выклікала ў школу яе адміністрацыя.

У сакавіку Ларысу Секержыцкую за салідарнасць з Украінай аштрафавалі на 70 базавых велічыняў (2240 рублёў). Бабруйскі суд прызнаў настаўніцу сярэдняй школы № 27 вінаватай у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства. 

Паводле судовага вердыкту яна арганізавала пікетаванне для «прыцягнення ўвагі грамадзян шляхам публічнага дэманстравання стужачак сіняга і жоўтага колераў, якія сімвалізуюць нацыянальны сцяг Украіны».

Напярэдадні навучальнага году з педагогам, які мае 17-гадовы працоўны стаж, не працягнулі кантракту, бо яна мае адміністрацыйнае спагнанне.

«Увесну казалі, што працягваюць кантракт, бо па закону, калі ёсць дзеці да пяці год, нельга пазбаўляць магчымасці ўтрымліваць сям’ю. Але ў другой палове лета, я так разумею, пачалі дзейнічаць законы іншыя. Вынік – я шукаю працу», напісала Ларыса Секержыцкая ў Фэйсбуку.

Яна адзначае, што мае спецыялізацыю: гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя і грамадазнаўства.

«Заняткі магу праводзіць онлайн на беларускай і рускай мовах, дапамагу падцягнуць веды, больш грунтоўна падрыхтавацца да экзамену, ЦТ. Буду ўдзячна за рэпост. Веру ў моц пяці поціскаў рукі. Пішыце ў прыват, калі ёсць прапановы» – адзначыла Секержыцкая са спадзевам, што ёсць ахвотныя скарыстацца з яе настаўніцкага досведу.

На Ларысу Секержыцкую за стужку ў прычосцы паскардзілася яе каляжанка. Настаўніца матэматыкі і кіраўніца вайскова-патрыятычнай класы Наталля Сіманенка разам з настаўніцай гісторыі Святланай Хутаранскай сталі патрабаваць, каб яна зняла стужкі. Секержыцкая адмаўлялася тое рабіць. Адміністрацыя навучальнай установы выклікала міліцыю і настаўніцу забралі ў аддзел, дзе склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.

фота: facebook.com

У Магілёве падлеткаў з закрытай спэцвучэльні трэніруюць, як абыходзіцца з аўтаматам

У мясцовае вучылішча закрытага тыпу №2 адпраўляюць на перавыхаванне падлеткаў за сістэматычныя правапарушэнні. Як сведчыць сайт навучальнай установы, вайсковы складнік, як элемент перавыхавання, з’явіўся нядаўна.

 

Сёлета група навучэнцаў гасцявала ў спецназаўцаў у Марʼінай Горцы. Там для іх арганізавалі курс маладога байца. Падлеткі на фотаздымках пазіруюць са зброяй.

Цяпер у вучылішчы арганізавалі, як паведамляецца, этап патрыятычнай гульні «Зарніца». Хлопцы зноў са зброяй. Пад прыглядам вайскоўцаў вучацца разбіраць аўтамат.

Дырэктар вучэльні Дзмітрый Генісеў падобныя гульні назваў «выхаваўчымі мерапрыемствамі».

Самі навучэнцы тэлеграм-каналу «MOGILEVNEWS» прызнаваліся, што ім спадабалася разбіраць аўтамат, страляць з яго і яшчэ страляць з пісталета.

Вучэльня створаная для «вырашэння задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрымання падлеткаў, якія здзейснілі грамадска небяспечныя ўчынкі альбо парушылі правілы грамадскіх паводзінаў». У вучэльню накіроўваюцца хлопцы ад 14 да 18 гадоў тэрмінам на два гады.

Вучэльня агароджаная чатырохметровым плотам. Ён, аднак, не становіцца перашкодаю для ўцёкаў гадаванцаў. У 2014 годзе збеглі 34 падлеткі.

У 2017 годзе навучальная ўстанова трапіла пад увагу медыяў, бо збеглых гадаванцаў супрацоўнікі ўстановы пабілі. Адзін з хлопцаў трапіў у лякарню. Пазней суд прызнаў дырэктара і яшчэ двух супрацоўнікаў вучэльні вінаватымі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Іх адправілі на розныя тэрміны зняволення ў калоніі.