У Магілёве зносяць гаражы – ва ўласнікаў ёсць 10 дзён, каб забраць з іх маёмасць

Гараджане абавязаныя вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Уладальнікі металічных гаражоў павінны прыбраць іх да 10 верасня. На іх месцы ўзвядуць шматпавярховікі.

Будаўніцтва трох дзесяціпавярховых дамоў на вуліцы 30 год Перамогі адгукнулася на лёсе невялікага гаражнага кааператыва. Гаражы, пабудаваныя ў пачатку 1990-х ідуць пад знос у сувязі з распачатым будаўніцтвам. Будаўнікі збіраюцца знішчыць больш за 200 металічных каробак – паведамляе тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў».

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Ленінскага раёну Аляксей Шарай даводзіць: яшчэ падчас будаўніцтва гаражоў у Дамову быў уключаны адмысловы пункт. Гараджане абавязаліся вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Цяпер такое патрабаванне агучанае – на месцы кааператыва запланавана шматкватэрнае будаўніцтва з добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Уласнікі металічных гаражоў павінны самастойна забраць з іх каштоўную маёмасць і паклапаціцца пра новае месца размяшчэння да 10 верасня. Пакінуць гараж на прыдамавой тэрыторыі змогуць толькі інвалідам ІІ групы па хваробе апорна-рухальнага апарату.

Гаражы, у якія не будзе забяспечаны доступ будаўнікам, будуць ускрытыя без прысутнасці ўладальнікаў, а самі металічныя каробкі адправяцца на адмысловы палігон, чакаць свайго далейшага лёсу.